Белбухаў Віктар Аляксеевіч

Белбухаў Віктар Аляксеевіч

Дзяцінства Віктара Аляксеевіча Белбухава звязана з роднай вёскай Пыцькаўка Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці, дзе ён закончыў 4 класы пачатковай школы, 5-7 класы вучыўся ў Сталінскай школе ў суседняй вёсцы Папоўка, а пасля 10 клас заканчваў ужо ў вёсцы Дудзічы Чачэрскага раёну, якая знаходзілася за 9 км ад хаты. Тры зімовыя месяцы даводзілася жыць на вясковай кватэры, а астатнія на веласіпедах ездзілі дахаты. Паспрабаваў раз пераехаць па свежым лёдзе, праваліўся, да хаты дабраўся ў ледзяных штанах. Захварэў, трапіў у бальніцу з дыягназам рэўматызм. Бальніца халодная, з выбітымі шыбамі, лекаў ніякіх, але доктар, які пасля вайны так і хадзіў у вайсковай форме вылечыў хлопца.

Пасля заканчэння школы ў 1951 годзе паехаў паступаць у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Здавалі экзамены ў верасні, а вучоба пачыналася ў кастрычніку. У асноўным паступалі хлопцы, якія прайшлі армію, ваявалі. Віктар аказаўся самым маладым. Жылі ў тым жа зіфаўскім корпусе на Акадэмічнай, дзе і вучыліся. З 1952 года жыў ў адным з домікаў, пабудаваных яшчэ Тызенгаўзам у XVIII стагоддзі на сучаснай вуліцы Ажэшкі. Кніг было вельмі мала і яны паступалі з інстытутаў Расіі, з Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Дырэктарам, а не рэктарам, як зараз,  быў Качура Іван Міхайлавіч, па словах былога студэнта надта добры чалавек. З гарадскімі нашы студэнты былі ў дрэнных адносінах, часта бывалі сутычкі, у якіх нашы перамагалі. У горадзе іх клікалі “качураўцамі”. Намеснікам дырэктара па вучэбнай і навуковай працы быў Васіль Мікалаевіч Чацверыкоў, які прайшоў праз сталінскія лагеры і дзяліўся са студэнтамі ўражаннямі аб тых здзеках, якія давялося яму вытрымаць у зняволенні. Жыць было не лёгка, бо бацька памёр яшчэ ў 1947 годзе і маці адной было цяжка дапамагаць сваім чатыром дзецям. Віктар уладкаваўся працаваць на абласную станцыю юных натуралістаў кіраўніком гуртка раслінаводаў і працаваў там да заканчэння вучобы ў 1956 годзе. Да стыпендыі, якая тады была ў памеры 23 рублі, ён зарабляў дадаткова яшчэ 41 рубель. За такія грошы можна было ўжо добра харчавацца і апранацца. Размяркоўвалі яго на працу ў абласное ўпраўленне па сельскай гаспадарцы, але аддзел адукацыі прапанаваў працу аграномам метадыстам на станцыі юных натуралістаў, а пазней Віктар Аляксеевіч становіцца яе дырэктарам. Спачатку станцыя знаходзілася на тэрыторыі сучаснага парку Жылібера і мела свае агароды, цяпліцы, аранжарэі, сад. Пасля горад выдзеліў для станцыі яшчэ 12 га зямлі на тэрыторыі сучаснага стадыёна. Там былі зноў пабудаваны адміністрацыйны будынак, цяпліцы, аранжарэі, басейны для рыбы, гаспадарчыя пабудовы для жывёлы і птушак. Пры станцыі 6 гадоў дзейнічаў абласны вучнёўскі вытворчы лагер, працавалі гурткі механізатараў, аўтамабілістаў. За ўкараненне навуковых распрацовак Міністэрства адукацыі ўзнагародзіла Віктара Белбухава ганаровай граматай.  Сам жа ён ездзіў па вобласці і чытаў лекцыі па трусагадоўлі (трусоў гадавалі пры кожнай школе) і арганізацыі доследнай работы на прышкольных участках.

Пры станцыі быў вельмі добры сад і ўвогуле яна стала трымала першае месца па рэспубліцы. Але вось пачалі будаўнічыя працы пры пабудове стадыёна і ўсё пайшло пад знос. Юнаты на месцы работ на яўрэйскіх могілках нейкі час знаходзілі залатыя манеты, зубныя каронкі, але пасля міліцыя пачала іх праганяць. Калі ў 1967 годзе быў аб’яўлены конкурс па кафедры раслінаводства ГСГІ, падаў дакументы і прайшоў. Гаспадарчая дамова была прапанавана НДІ Земляробства і давала добрае поле для навуковых даследаванняў. На працягу вывучэння сямігадовага севазвароту было атрымана шмат дадзеных па розных спосабах выкарыстання лубіну, уплыву яго на ўраджайнасць іншых культур севазвароту. За 1 год аспірантуры напісаў кандыдацкую дысертацыю, кіраўніком якой быў доктар с.-г. навук, прафесар Гарус Іван Іосіпавіч з інстытута механізацыі.  Загадваў тады кафедрай раслінаводства Лаўрэнці Рыгоравіч Макацерскі. Віктар Белбухаў абараніў дысертацыю ў 1978 годзе ў вучоным савеце Літоўскай сельскагаспадарчай акадэміі (г.Каўнас). Тэма яе гучала так: “Эффективность способов использования люпинов в севообороте на дерново-подзолистых супесчаных почвах Гродненской области”.  З 1984 года працуе на пасадзе дацэнта, а у 1989 годзе атрымаў і навуковае званне дацента. 20 гадоў ён кіраваў студэнцкімі навуковымі гурткамі на кафедрах, дзе працаваў, штогод у яго абараняліся 8-10 дыпломнікаў, 10 гадоў быў старшынёй інстытутскага грамадства аховы прыроды.  Наколькі я сам памятаю, ён быў добрым куратарам і ў маёй групе, у якой вучыўся сучасны намеснік міністра сельскай гаспадаркі Васіль Паўлоўскі. А колькі такіх груп давялося курыраваць Віктару Аляксеевічу! І зараз былыя выхаванцы не забываюць – тэлефануюць, віншуюць са святамі.

На пытанне, якія выкладчыкі запамяталіся найбольш са студэнцкіх гадоў Віктар Аляксеевіч прыгадвае свайго куратара -  Цімашыніна Валянціна Дзмітрыевіча і яго жонку, якая выкладала нейкі час фізкалоідную хімію Людмілу Генадзеўну,  Блёскіну Марыю Аляксееўну, якую і я ўспамінаю з падзякай за тую расаду трускалак, якімі яна дзялілася са мною, калі была ўжо на пенсіі. А з тых, хто разам з Віктарам вучыўся, быў вельмі здольным студэнтам, а пасля пайшоў па навуковых сцяжынках, ён прыгадвае Мікалая Крывеню, Арнольда Маёра, Алега Пузанкова, Аляксандра Сушчэвіча, Івана Рогава, Васіля Шарапу, Барыса Верамчука, Рамана Жамойдзіка, Аркадзя Святагора, Уладзіміра Аверчука … Ды, хіба ўсіх прыгадаеш, хто атрымаў навуковыя ступені не толькі сельскагаспадарчых, але нават і эканамічных навук. Навуковых даных, атрыманых Віктарам Аляксеевічам, было бы дастаткова для напісання доктарскай дысертацыі. Але ён гэтым не займаўся. Падсумоўваючы сваё нялёгкае жыццё Віктар Аляксеевіч Белбухаў гаворыць, што калі бы была магчымасць перажыць усё зноў, то безумоўна пайшоў бы па ранейшым шляху – агранома, педагога, вучонага. Ён і сёння не расстаецца са сваёй працай – працягвае выкладаць на кафедры пладагароднінаводства і лугаводства. Ён з таго пакалення, калі пры ўстанаўленні ўзросту была магчымасць адкінуць пару гадоў жыцця, каб быць маладзейшым. Я думаю Віктар Аляксеевіч мог бы адкінуць і яшчэ гадоў з дваццаць…

Віктар Аляксеевіч Белбухаў са сваёй куратарскай групай у паездцы на пераборку бульбы (70-я гады); за ім крайні справа сучасны намеснік міністра сельскай гаспадаркі Васіль Паўлоўскі

З калегамі падчас Кастрычніцкай дэманстрацыі: Белбухаў, Мартынчык, Атрошчанкаў, Цімашынін, Васілючык, … у савецкія часы

А гэта ўжо на іншай дэманстрацыі са студэнтамі (ці не майго курса)

Кафедра пладагароднінаводства і лугаводства: сядзяць - Сцяпан Шараеў, Бялова, Віктар Белбухаў, Мікалай Кузміцкі, Уладзімір Новік; стаяць – Андрэй Сацішур, Людміла Зазуля, Леанід Жучко, Анатоль Кудрачоў (загадчык кафедры), Яніна Цевель, Святлана

Паседжанне кафедры

Фотаздымак першага выпуску вучоных вучоных аграномаў ГСГІ 31.03.1956

Віктар Аляксеевіч Белбухаў са сваёй чарговай куратарскай групай 13.XII.1987

Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда

Наш адрес

Русский Беларускі English Español Türkmen dili 格罗德诺国立农业大学
  • Республика Беларусь
    230008 г. Гродно ул.Терешковой, 28
  • Тел./Факс: +375 (152) 62-36-30
  • ggau@ggau.by
Мы используем cookies
Сайт использует файлы cookies. Оставаясь на этом сайте, вы соглашаетесь с условиями использования файлов cookies.