Карпач Алена Браніславаўна

Карпач Алена Браніславаўна

Падчас маёй вучобы ў ГСГІ  Алена Браніславаўна Карпач выкладала батаніку, і таму мы з ёй знаёмы ўжо больш, чым 35 гадоў. Але даведацца падрабязней аб яе студэнцкай і працоўнай біяграфіі змог з нядаўняй нашай размовы. 9 класаў  Алена закончыла ў мястэчку Наваельня Дзятлаўскага раёну, пасля чаго паехала да сваякоў ў Хабараўск і там атрымала дыплом аб сярэдняй адукацыі. Але было вялікае жаданне вярнуцца на радзіму і яна яго здзейсніла. Да паступлення працавала ў райбыткамбінаце касірам. Зарабіла грошай, прыстойна апранулася і падалася на 2-х месячныя падрыхтоўчыя курсы пры ГСГІ.

Каб паступіць, давялося ўсе экзамены здаць на пяцёркі, бо толькі 20 % набору маглі тады складаць абітурыенты пасля 10 класаў. На двары быў 1958 год. На агранамічны факультэт набралі 75 чалавек, 60 з якіх былі хлопцы. Марыла раней паступаць у медыцынскі, ды пасля прагляду мастацкага фільма “Дело было в Пенькове”, у якім паказана, з якой радасцю прымаюць на вёсцы маладых спецыялістаў, памяняла сваё рашэнне. Вучылася так, каб атрымаць веды, адным словам добрасумленна. У інтэрнацкім пакоі жылі разам дзяўчаты з аграфака і будучыя заатэхнікі. Так жа разам і хадзілі на лекцыя, бо шмат якія былі агульнымі. З самага ранку адпраўлялі дзяжурнага, каб заняў месцы ў першым радзе, так як 90 % ведаў здабывалі не з кніжак, а з лекцыйнага матэрыялу. Абавязковымі для ўсіх былі заняткі спортам, мастацкай самадзейнасцю, асабліва ўдзел у хоры. Любімымі відамі спорту ў Алены былі бег на 200 м і кіданне дыску. Баскетбольная каманда сельскагаспадарчага інстытута ў тыя часы займала першае месца ў рэспубліцы. Якраз тады актыўна займаліся баскетболам  Эма Мялешчанка і яе будучы муж Аляксандр Дубко. А вечары ў інстытуце (танцы) праводзіліся кожную суботу ці нядзелю. З выкладчыкаў Алена Браніславаўна прыгадвае загадчыка кафедры батанікі і фізіялогіі раслін Вадзіма Андрэевіча Кумакова, які выкладаў фізіялогію і якога любілі ўсе студэнты. Са студэнтамі ён паводзіў сябе, як са сваімі калегамі, а падчас размовы на экзамене спрабаваў выведаць, як чалавек можа думаць. Адным з яго пытанняў, якое захавалася ў памяці,  было – чаму сланечнік паварочваецца за сонцам. Самога яго не правялі па конкурсу і ён ужо ў Саратаве абараніў доктарскую дысертацыю. Пазней, калі Алена Карпач засядзе за напісанне літаратурнага агляду для сваёй кандыдацкай, яна будзе некалькі разоў цытаваць яго навуковыя публікацыі. Згадвае Алена Браніславаўна і батаніка Ніну Васільеўну Вінаградаву, якая была цудоўным лектарам, а студэнты яе адначасова і баяліся і паважалі. І што тут гаварыць?! Ніну Васільеўну такой памятаю і я, і тое, што пайшоў далей па навуковай сцежцы, думаю толькі дзякуючы ёй. Бо яна адшукала мяне ў калгасе і выцягнула адтуль у аспірантуру, аб якой ніколі і не марыў нават…

Алена Карпач закончыла інстытут, у кішэні мела дыплом агранома, а побач мужа і дачку. Усёй сям’ёй адправіліся на Брэстчыну ў саўгас “Бярозаўскі”. Па законам таго часу па месцы размеркавання павінна была быць праца і для членаў сям’і. Калі яны прыехалі на працу, то месца агранома было ўжо занятае выпускніком Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі і ёй прапанавалі месца брыгадзіра, на якім мог справіцца і чалавек без вышэйшай адукацыі. Вярнуліся ў Гродна. Уладкавалася на працу ў свой родны інстытут інжынерам глебазнаўцам. Працаваў глебазнаўчы атрад на вуліцы Парыжскай Камуны ў склепавым памяшканні. Кіраваў ім будучы акадэмік… Першы год даследавалі глебы Брэсцкай вобласці, другі – у Алтайскім краю. Дачка хварэла, пастаянна бываць у камандзіроўках было складана і Алена Карпач пайшла працаваць лабарантам на кафедру батанікі, якой тады загадвала Ніна Васільеўна Вінаградава. У тыя часы лабарант кафедры павінен быў валодаць прадметам на ўзроўні прафесара, таму рэгулярна хадзілі на лекцыі, ведалі мікрапрэпараты, прымалі адпрацоўкі ў студэнтаў. Праз год пачала працаваць асістэнтам і першым яе студэнтам быў Леанід Уладзіміравіч Жучко разам са сваімі аднакурснікамі, які пазней дарос да прарэктара па вучэбнай працы. Падчас працы асістэнтам падвышала кваліфікацыю ў Ленінградскім сельскагаспадарчым інстытуце, дзе і вырашыла стаць аспіранткай. Навуковы кіраўнік па прозвішчы Сувораў згодны быў узяць яе да сябе, але прынялі хлопца, у якога былі здадзены ўсе кандыдацкія экзамены. Яна вырашае стаць аспіранткай “ВАСХНИЛа”. Два ўступныя экзамены здала на 5 і толькі замежную мову на 4 і паступіла ў завочную аспірантуру, якую закончыла, атрымала вучоную ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук па спецыяльнасці раслінаводства. Працавала старшым выкладчыкам, дацэнтам, два тэрміны была загадчыкам кафедры батанікі і фізіялогіі, пасля чаго ім стаў Сяргей Анатолевіч Тарасенка. Праз 4 гады, калі ён быў абраны на пасаду прарэктара па навуцы, Алена Браніславаўна Карпач зноў аказваецца на сваёй старой пасадзе, дзе і працуе пяты год.

Са сваіх аднакурснікаў яна прыгадвае акадэміка, дырэктара інстытута эксперыментальнай батанікі Ламана Мікалая Апанасавіча, доктара навук, загадчыка аднаго з аддзелаў інстытута аховы раслін Краўчык Жану, работніка міністэрства сельскай гаспадаркі Жук Ірыну, загадчыка аддзела НДІ Земляробства Хмурэц Канстанціна, другім сакратаром Гродзенскага райкама партыі працаваў Кашчэй Васіль…. Ды і ўсе астатнія займалі высокія пасады, але працавалі па атрыманай спецыяльнасці. Алена Браніславаўна паказвае два дыпломы аб заканчэнні ўніверсітэту марксізма-ленінізма, 4 пасведчанні аб падвышэнні кваліфікацыі ў Ленінградскім СГІ, апошні раз пры саюзе ў 1985 годзе яна была на падвышэнні кваліфікацыі загадчыкаў кафедраў Батанікі  у Кішынёве.

Першакурснікі на практыцы ў в. Рацічы ў верасні 1958 года: у першым радзе Алена Аблажэй (Карпач), Марыя Жыбар (працавала старшынёй калгаса ў Мінскай вобласці), Мікалай Зданчук – былы старшыня калгаса імя Дзеншчыкова 

На практыцы па батаніцы: Жана Крыўчык, Мікалай Клімовіч, Алена Аблажэй (Карпач) і Васіль Кашуй (1959)

Таксама фота з практыкі: злева Людміла Вараб’ёва, Алена Аблажэй (Карпач), Жана Крыўчык і Марыя Жыбар
Каля жаночага інтэрната на вуліцы Парыжскай Камуны: Мікалай Клімовіч, Алена Аблажэй, Веніямін Юдо

Частка супрацоўнікаў кафедры батанікі: стаяць - лабарант па мікрабіялогіі Каця Шэцік, асістэнт Алена Карпач, асістэнт Аляксандр Буяк, лабарант па батаніцы Лізавета Арцёмаўна; сядзяць – лабарант фізіялогіі Галіна Міхайлаўна, дацэнт-фізіёлаг Валянціна Чэламбіцька, загадчык кафедры Ніна Васільеўна Вінаградава, ст. выкладчык Лідзія Ціханава

Алена Карпач у Зарыцы прымае гербарыі ў студэнтаў (1967 год) 

Алена Браніславаўна Карпач са сваёй куратарскай групай (1975-1980 г.г.)

Яўген Чэкель - будучы загадчык лабараторыі бабовых культур НДІ Земляробства на занятках па батаніцы ў Алены Карпач

Асветлены сонцам Слава Цыдзік падчас заняткаў на кафедры механізацыі

Супрацоўнікі кафедры батанікі ў пачатку 70-х гадоў: Алена Пасюра, Людміла Кудрачова, Алена Карпач, Наталля Шэшко, Таццяна Вінаградава, Сяргей Тарасенка (загадчык кафедры), Алена Дарашкевіч, Святлана Брылёва, Валянціна Іванкіна, Святлана Радзіонава

Алена Карпач з аднакурснікамі праз 25 гадоў пасля заканчэння ГСГІ (1988)

Канцэрт у гонар 45-годдзя ГСГІ: злева ад Алены Карпач Софія Навойчык, справа Дзіна Шуранава

Фотаздымак з аграномамі - выпускнікамі завочнага аддзялення: сярод студэнтаў дэкан Вячаслаў Зень, рэктар Вітольд Песціс, загадчык кафедры батанікі Алена Карпач (лістапад 2007)

На вечарыне да дня работніка сельскай гаспадаркі (18.11.2010)

Алена Браніславаўна Карпач прымае экзамен (24.01.2011)

Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда

Наш адрес

Русский Беларускі English Español Türkmen dili 格罗德诺国立农业大学
  • Республика Беларусь
    230008 г. Гродно ул.Терешковой, 28
  • Тел./Факс: +375 (152) 62-36-30
  • ggau@ggau.by
Мы используем cookies
Сайт использует файлы cookies. Оставаясь на этом сайте, вы соглашаетесь с условиями использования файлов cookies.