Вярстак Іосіф Іванавіч

Вярстак Іосіф Іванавіч

Нарадзіўся на Зельвеншчыне ў вёсцы Крываконная, дзе і адвучыўся ў пачатковай школе. Наступнай была сямігодка ў вёсцы Коннай за 3 км ад хаты, а сярэднюю адукацыю атрымаў у Крэмяніцы ўжо за 8 км ад сваёй вёскі. Пасля дзесяцігодкі паступіў у Жыровіцкі тэхнікум, са студэнтамі якога быў на ўборцы ўраджаю ў Казахстане ў 1957 годзе. Калі закончыў вучобу ў тэхнікуме, то працаваў у МТС, затым РДС, у савецкіх і партыйных органах.

Пасля расфарміравання Зельвенскага раёна стаў працаваць у Ваўкавыскім тэрытарыяльна вытворчым калгасна-саўгасным упраўленні, якія былі створаны пры Хрушчове. Загадчык аддзелу быў добрым чалавекам. Але,  аднойчы на планёрцы па малаку, якую праводзіў яго намеснік, Іосіф Іванавіч падняў пытанне наконт неабходнасці набыцця запчастак для ўборачнай тэхнікі напярэдадні ўборкі. Намеснік абазваў яго “непуцёвым”, што падымае не тыя пытанні, якія трэба. Пакрыўджаны такімі адносінамі Іосіф піша заяву аб звальненні і аказваецца вольным. Вучыцца завочна ў Інстытуце механізацыі, які закончыў у 1965 годзе, а ў 1967 годзе паступае ў аспірантуру. Кандыдацкую дысертацыю ён абараняе ў 1973 годзе і ўладкоўваецца на працу ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, дзе стаў працаваць на кафедры механізацыі, загадчыкам якой у той час быў Крэчко Андрэй Юсцінавіч.

У той час вельмі вялікая ўвага надавалася святочным дэманстрацыям і маладому спецыялісту Іосіфу Вярстаку было даручана займацца афармленнем калоны інстытута. З кардону выразалі калоссе, атрыбутам вопраткі дзяўчат, якія былі на машыне і так ішлі ў  каронах. Усе проста ахнулі, а Іосіфа пасля гэтага выпадку абралі сакратаром партыйнай арганізацыі інстытута. У той час добра працаваў інстытут куратараў. Пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры замежных моў Мызнікава  разам з адказнымі за куратарскую працу Шлык Міхаілам Іосіфавічам, Архіпавым Уладзімірам Паўлавічам распрацавалі ўмовы спаборніцтва куратараў, якімі зацікавілася нават абласное педагагічнае таварыства. У гэты ж час якраз развіваліся студэнцкія будаўнічыя атрады, якімі займаліся сакратар камсамолу Збераноўскі, Міхаіл Саўчанка, Жэня Бялоцкая. На практыку студэнтаў накіроўвалі ў гаспадаркі памочнікамі камбайнераў. 7 гадоў працаваў у завочным аддзяленні, а затым быў выбраны загадчыкам кафедры. Заняўся пашырэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы. Тэхніка да гэтага стаяла на вуліцы. Грошы на будаўніцтва ангараў для яе былі, бо вучгас “Прынёманскі” быў багаты і штогод адлічваў інстытуту 260 тыс.рублёў. Зрабілі праект, узгаднілі з горадабудаўнічай камісіяй, якую ўзначальваў намеснік старшыні гарвыканкама Станкевіч, які спачатку гаварыў, што будаваць “кароўнікі” у горадзе не дазволяць. Але дазволілі. Паміж імі зрабілі пляцоўку для падрыхтоўкі вадзіцеляў, якая па прызнанню ДАІ была лепшай у горадзе. Ды яна з гэтай жа мэтай паспяхова выкарыстоўваецца і зараз. Да таго ж пабудавалі лекцыйную залу на кафедры механізацыі, падзяліўшы клас на дзве часткі. Падчас лекцыі можна дэманстраваць неабходныя дэталі тэхнікі.

Будаўніцтвам займаліся студэнты. Галоўнае іх не махляваць, калі паабяцаў што за працу, дык трэба выконваць. Пабудавалі пункт тэхнічнага абслугоўвання аўтамашын. Нягледзячы на тое, што зрабіў для кафедры шмат, атрымаў і дзве вымовы ад рэктараў Юрыя Ягорава і Дзям’яна Вітуна. Працаваў дацэнтам, зрок сядаў і таму пайшоў на пенсію. Зараз Іосіф Іванавіч мае 75 гадоў. Прыгадвае, як раней усе ўдзельнічалі ў суботніках. На адным пасадзілі дубраву ветэраны інстытута, удзельнікі ВАВ, такія як Шаставец, Каваленка, Кандратаў, Цімашынін і іншыя. Матэрыяламі забяспечваў Аляксандр Лінкевіч. Памятаю, які выкладчык тэхналогіі захоўвання прадукцыі Пішчык нам расказваў, наколькі цяжка ў горадзе гадаваць дубы. І толькі калі пасадзіць побач шмат, то яны могуць выстаяць. Растуць і зараз.  І сапраўды, калі мы былі на пятым курсе, восенню 1979 года Аляксандр Васільевіч раіў  як садзіць тыя бярозы, што растуць паміж 1 і 2 інтэрнатамі і стадыёнам. Аказалася, што, як сакратар партыйнай арганізацыі ГСГІ ў той час, Іосіф Іванавіч Вярстак быў таксама ініцыятарам гэтых пасадак.  Магчыма нейкім задумам яго па ўдасканаленні навучальнага працэсу не суджана было рэалізавацца, напрыклад, размеркаванне падчас вучобы практык студэнтаў так, каб яны ўдзельнічалі ва ўсіх работах ад апрацоўкі глебы, пасеву, дагляду і так да ўборкі ураджаю. Мы не сталі адшукваць старыя фотаздымкі, бо сустрэча адбылася на роднай кафедры Іосіфа Іванавіча. Тут толькі прадстаўлены фотаздымкі з дня інтэрв’ю.

Таксама фотаздымак І.І.Вярстака на дворыку кафедры механізацыі

Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда

Наш адрес

Русский Беларускі English Español Türkmen dili 格罗德诺国立农业大学
  • Республика Беларусь
    230008 г. Гродно ул.Терешковой, 28
  • Тел./Факс: +375 (152) 62-36-30
  • ggau@ggau.by
Мы используем cookies
Сайт использует файлы cookies. Оставаясь на этом сайте, вы соглашаетесь с условиями использования файлов cookies.