Традыцыйна Дзень беларускай навукі адзначаюць у апошнюю нядзелю студзеня, якая ў гэтым годзе выпала на 29 чысло. І ўсё ж асноўныя святкаванні пачаліся напярэдадні. З 26 да 28 студзеня ў БДАТУ адбывалася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Роля бесперапыннай адукацыі і внускай навукі ў інавацыйным развіцці АПК” з удзелам не толькі работнікаў вышэйшых і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь, але і іх замежных гасцей з Расіі і Казахстану. На канферэнцыі прысутнічалі кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў АПК. Наш універсітэт на ёй прадстаўляў прарэктар па навуковай працы ГДАУ Сяргей Анатольевіч Тарасенка.
Да канферэнцыі была прымеркаваная выстава, якая адлюстроўвала навуковую і навукова метадычную працу ўніверсітэтаў, акадэмій і каледжаў Беларусі. На ёй былі прадстаўлены сярэднія і вышэйшыя ўстановы адукацыі, якія аб’ядналіся ў асацыяцыі з улікам накірункаў падрыхтоўкі спецыялістаў і тэрытарыяльнага размяшчэння. Нават на выставе было бачна, што яны трымаліся адзін другога. Добрае ўражанне пакідала маштабнасць выставы, яе шматбаковасць. Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт прадставіў банеры, выстаўныя канструкцыі і натуральныя ўзоры распрацаванай прадукцыі. Упершыню на выставе нашы супрацоўнікі выпякалі белы хлеб з выкарыстаннем мукі мяккага гатунку пшаніцы Ядвіся, выведзенай прафесарам Уладзімірам Калядой. Як аказалася пазней ён вельмі пасаваў да мёду, якім хацелі паласавацца шмат якія наведвальнікі выставы. Мёд той з нашага цэнтра навуковага пчалярства, за час дзейнасці якога атрымана шмат патэнтаў, якія таксама былі прадстаўлены на выставе. Тут жа побач і вадкія комплексныя ўгнаенні з макра-і мікраэлементамі, рэгулятарамі росту і гідрагелем пераліваюцца ў праменях святла чатырма колерамі вясёлкі, гатунак хмелю, прыдатнага для беларускай піваварнай прамысловасці, для якога распрацаваная вучонымі ГДАУ тэхналогія вытворчасці. З новых прэпаратаў, распрацаваных ва ўніверсітэце для галіны жывёлагадоўлі, на выставе прадстаўлены прабіётык “Білавет”.
Навукова-метадычныя комплексы выкладчыкаў ГДАУ прыцягвалі ўвагу асабліва дэлегацый з розных каледжаў, якія наведалі выставу. У экспазіцыі ўніверсітэта стэлажы з падручнікамі і навукова-метадычнымі выданнямі яго выкладчыцка-прафесарскага калектыву. Уцешна, што ўжо ў маёй прысутнасці выставу наведалі выпускнікі розных гадоў выпуску нашага ўніверсітэта, якія ў дадзены момант займаюцца на доўгатэрміновых курсах падвышэння кваліфікацыі. Яны займаюць пасады аграномаў, старшынь СВК. Я нават пажартаваў з Віталя Кульбіцкага, які працуе ў маім родным СВК другім аграномам і часам бачыць, як мы размаўляем са старшынёй Віталем Іванавічам Бусько, што пэўна чакае пакуль старшыню адправяць на пенсію… Хлопцы пагадзіліся з тым, што не варта адразу займаць кіруючыя пасады, а трэба папрацаваць і на больш нізкіх, каб набыць вопыт працы. Адзін з былых выпускнікоў адзначыў, што да яго ў гаспадарку часта наведваецца Ўладзімір Сяргеевіч Тарасенка. Мяне гэта ніколькі не здзівіла, бо шмат маладых навукоўцаў універсітэта дапамагаюць асобным гаспадаркам дасягнуць поспехаў у тэхналогіі вытворчасці той ці іншай культуры.
На нашай выставе пабывалі дэлегацыі рэктараў і прарэктараў расійскіх універсітэтаў, дэлегацыя з Казахстану, з якімі мы абмяняліся каардынатамі, каб у будучым актыўней супрацоўнічаць і ўдзельнічаць у навуковых канферэнцыях. Нашу выставу наведала і першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Надзея Мікалаеўна Каткавец. Выстава атрымалася дзякуючы працы на ёй дэлегацыі ГДАУ, у якую ўвайшлі прадстаўнікі навуковага і вучэбна-метадычнага аддзелаў, якія некалькі дзён яе рыхтавалі і прадстаўлялі. А ў апошні дзень частку выставы перакінулі ў палац культуры МАЗа, дзе адбылося ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае Дню беларускай навукі, у якім прынялі ўдзел высокія прадстаўнікі кіраўніцтва рэспублікі і самых розных устаноў, якія маюць дачыненне да навукі. На пасяджэнні было зачытана віншаванне навукоўцаў ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Былі ўзнагароджаны лепшыя вучоныя Беларусі і нават паслы замежных краін. У заключэнні адбыўся святочны канцэрт. Варта адзначыць, што і нашу маленькую выставу наведалі міністр адукацыі Беларусі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання РБ Уладзімір Аляксеевіч Самсановіч, былы выпускнік ГДАУ (ГСГІ) Віталій Вітальевіч Лапа, які зараз працуе дырэктарам Інстытута глебазнаўства і аграхіміі. Пазнаёміцца з дзейнасцю нашай выставы ў БГАТУ і на МАЗе дапамогуць і прадстаўленыя тут фотаздымкі.
https://www.ggau.by/nowosti/1249-dzen-belaruskaj-navuki#sigProId42e62fd238