19 снежня роўна ў 12 гадзін рэктар універсітэта сустракае гасцей перад галоўным корпусам. Застаецца яшчэ 10 хвілін і госці накіроўваюцца ў бок нашай галерэі Герояў, якія закончылі ў розныя часы сельскагаспадарчы інстытут. Заглянулі ў бібліятэку, Сямён Барысавіч пытаўся ў Вітольда Казіміравіча аб праведзеных рамонтных работах у гэтым годзе.
Раней я рыхтаваў матэрыялы на сайт універсітэта аб нашым дэндрарыі, дзе можна палюбавацца краявідамі, якія ўтвораны рознымі відамі расліннасці, а пасля, калі пісаў пра кветкі Гародні, дык выкарыстаў і некалькі фотаздымкаў нашых газонаў, што знаходзяцца каля інтэрнатаў і перад корпусам. Сямён Барысавіч аблюбаваў тэрыторыю нашага ўніверсітэцкага гарадка для вячэрніх прагулак, у сувязі з чым не мог не заўважыць, што хацеў бы бачыць яго яшчэ больш дагледжаным у плане ландшафту, газонаў, замест маючых быць непрывабных кустоў.
Адказваючы на пытанне адной студэнткі, Сямён Барысавіч Шапіра паведаміў, што зніжаць кошт квіткоў ці адмяняць іх, як ў Мінску, ніхто не будзе. Бо тады давядзецца адмовіцца ад праектаў развіцця цэнтраў моладзі, якія запланаваны і на якія ў 2012 годзе будуць затрачаны значныя фінансавыя сродкі. Трэба падтрымаць і будаўнічыя арганізацыі, бюджэтныя замовы для якіх павінны будуць быць зніжаны ва ўсіх абласцях рэспублікі. Калі студэнтка эканамічнага факультэта задала пытанне пра будаўніцтва жылля для маладых сем’яў, то Сямён Барысавіч патлумачыў, што з гэтым пытаннем Беларусь выглядае лепш нават за капіталістычныя краіны, дзе даводзіцца чакаць чаргі больш часу, чым у Гродна. Запытаў, ці ведае яна сапраўдныя прычыны эканамічнага крызісу, і калі студэнтка не дала поўнага адказу быў выкліканы ў дапамогу намеснік дэкана эканамічнага факультэта Дзмітрый Рудэнка, які назваў галоўную. Усім прысутным было цікава паслухаць думку на гэты конт губернатара. Ён гаварыў пра аграгарадкі. Ужо зараз палову малака мы прадаём нашым суседзям. А былі ж часы, што не кожны дзень можна было набыць у крамах малако, а мяса ці каўбасу нельга было нават пабачыць у продажы. Зараз аграрны сектар гэта важная крыніца экспарту краіны, якая не мае вялікіх залежаў карысных выкапняў. Яшчэ памятаю лекцыі па глебазнаўству, дык амаль сорак гадоў назад нам Дзіна Максімаўна Андрэева гаварыла, што ў Беларусі ўсё ёсць, але глыбока ляжыць.
Студэнтаў хвалявалі пытанні размеркавання і Сямён Барысавіч аказаўся згодны з тым, што размяркоўвацца варта бліжэй да родных мясцін. Скардзіліся яны і на невялікую зарплату спецыялістаў у будучым. Думаю, гэта з’яўляецца прычынай таго, што многія застаюцца на вёсцы не працаваць, а адпрацоўваюць неабходныя два гады, лічачы колькі дзён засталося, як у войску. Ведаю аб гэтым не толькі з размоў са студэнтамі, але і з перапіскі, асабліва Ўкантакце. З гэтага года праз кампутары ўніверсітэта немагчыма выйсці на гэты сайт, на якім можна адшукаць кожнага студэнта ці выпускніка ўніверсітэта. Усе яны там ёсць. Хтосьці задае пытанні пра тое, як справіцца з хваробамі, якія напалі на цялят, ці парасят. Іншыя пра дозы той ці іншай вакцыны. Я ж часам пытанні да модуляў змяшчаю таксама на сваёй сцяне. А калі ў вас ёсць дыпломнікі, стацыянары ці завочнікі, дык праз сайт з кожным можна звязацца на працягу дня. Хтосьці скардзіўся, што аўтобусы, на якія больш танныя білеты адпраўляюцца на раёны ў першай палове дня. Губернатар паабяцаў і з гэтым разабрацца. Але ён выказаў усё, што думае пра студэнтаў нашага ўніверсітэта. Хай сабе яны і лепшыя спецыялісты, чым з іншых аграрных ВНУ, але ж пры такой колькасці выпускнікоў на вобласці існуе да гэтага часу шмат вакансій не толькі спецыялістаў, але нават і старшынь гаспадарак. Праўда, на вёсцы не хапае і медыкаў. І калі губернатар будзе сустракацца ў хуткім часе і са студэнтамі ГДМУ, то перакананы, што не праміне і ім аб гэтым сказаць.
Акрамя губернатара за трыбунай пабываў і Юрый Мар’янавіч Аляксей, старшыня абласной арганізацыі БРСМ, які падрабязней пазнаёміў студэнтаў ГДАУ з перспектывамі іх адпачынку праз маладзёжныя цэнтры. Я прыгадаў, што не толькі варта было бы клапаціцца пра тых, хто прагуляе грошы ў гэтых цэнтрах, але і праз тых, хто хацеў бы сваёй працай пасля вучобы зарабіць колькі грошай на жыццё. Нашы госці згадзіліся, што сапраўды патрэбны банк дадзеных, дзе ў Гродна можна папрацаваць у вольны ад вучобы час. Канцоўка сустрэчы была больш аптымістычнай. Сямён Барысавіч Шапіра пажадаў студэнтам добрай вучобы, каб пасля заканчэння яе працавалі, падымалі вёску, рабілі кар’еру, якая, з аграрнай адукацыяй, як паказвае вопыт, больш магчыма, чым з нейкай іншай. Далей глядзіце фотаздымкі з сустрэчы.
https://www.ggau.by/nowosti/833-gubernatar-voblastsi-spatkasya-sa-studentami#sigProIdfed1bc6ca3
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда