Я ўжо пісаў папярэдне што вопыты, якія вядуцца нашымі супрацоўнікамі былі прыняты сваёй унутрыўніверсітэцкай камісіяй. І вось нарэшце для ацэнкі навукова-метадычнага ўзроўню правядзення вопытаў, эфектыўнасці навуковых даследаванняў прыехала камісія з Міністэрства, у якую ўвайшлі старшыня Люцына Станіславаўна Рудкоўская (намеснік дырэктара па навуцы РУП “Гродзенскі занальны інстытут сельскай гаспадаркі”), галоўны заатэхнік аддзела па племянной справе Галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі і харчавання Аляксандр Фёдаравіч Мельнікаў, галоўны спецыяліст сектара навукі Галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства Алена Пятроўна Бабушнікава, загадчык навукова-даследчай аналітычнай лабараторыі УА “Беларускі дзяржаўны аграрна тэхнічны ўніверсітэт” Наталля Філіпаўна.
Вырашыў павандраваць разам з камісіяй і я, тым больш, што разам былі і некалькі нашых супрацоўнікаў, якія прадстаўлялі свае даследаванні. Спачатку сабраліся для знаёмства ў канферэнц зале ўніверсітэта. Прарэктар па навуковай працы, які таксама быў уключаны ў склад камісіі, Сяргей Анатольевіч Тарасенка пасля знаёмства расказаў аб асноўных тэмах навуковых распрацовак, якія вядуцца супрацоўнікамі ўніверсітэта і аб тым маршруце, па якім будзе адбывацца вандроўка. Загадзя папярэдзіў, каб не вельмі звярталі ўвагу на выказванні прафесара Канстанціна Ўладзіміравіча Каляды. Яго калекцыйна-селекцыйны ўчастак быў першым з аб’ектаў наведвання камісіі. На месцы былі задзейнічаны аспіранты. Праца вядзецца нягледзячы на тое, што праграму селекцыі азімых культур невядомыя рэцэнзенты адхілілі. Але Канстанцін Каляда не надта перажывае. На бліжэйшыя дні назначана спатканне на месцы з губернатарам і прынятае рашэнне ў наступным годзе засеяць гарадзенскімі гатункамі азімых сваю вобласць. Астатнія як хочуць, бо многія замежныя гатункі ў нашых умовах не надта перазімоўваюць.
Добрым апанентам аказалася старшыня камісіі Люцына Рудкоўская, якая і кусцістасць магла праверыць і прыдрацца да захворванняў азімых, якія, як патлумачыў Канстанцін Уладзіміравіч, ад іх спецыяльна не абараняюцца. Пасевы апрацаваны толькі гербіцыдамі супраць пустазелля. Перавагай універсітэцкай навукі з’яўляецца тое, што з дапамогай студэнтаў, якія праходзяць практыку на полі, можна атрымаць шмат больш гібрыдаў, чым у спецыялізаваным цэнтры. І зараз універсітэт мае іх у 6 разоў больш, чым адпаведны НПЦ. А гэта залог таго, што ў нас будуць новыя гатункі высокаўраджайных азімых культур. Тым больш, што да працы нашых селекцыянераў маюць цікавасць літоўскія і расійскія фірмы. У цэлым праца генэтыкаў была добра ацэнена членамі камісіі.
Пераехалі на вопытнае поле. Загадчык яго Уладзімір Цімошчанка распавёў аб працы ў цэлым і аб тым, што за апошнія гады памеры вопытнага поля павялічыліся амаль ў два разы. Аб сваіх даследаваннях розных стымулятараў росту на бульбе расказала Таццяна Мартынчык. Люцына Станіславаўна адразу заўважыла адсутнасць чыстаты гатунку Скарб, які выкарыстоўваўся ў вопыце. Але Таццяна адказала, што не гэта самае важнае, даследуюцца ж прэпараты, якія ёй даводзіцца закупляць за ўласны кошт. Захапленне ўсіх выклікалі пасевы морквы, якая, калі глядзець па бацвінні, дасць у гэтым годзе добры ўраджай. Алена Дарашкевіч прадставіла свае даследаванні па тэхналогіі вырошчвання зёлкавай расліны – кракосу. Я асабіста не надта люблю такую кармавую культуру, як пайза, якой хвалілася Вольга Корзун, хай сабе і падаючую віды на добры ўраджай. Ды і Люцына Рудкоўская сказала, што не заўсёды ўдаецца атрымаць насенне гэтай культуры. Забраліся ў грэчку, якая ў гэтым годзе буяе больш магутна, чым у мінулым і над якой, нягледзячы на не надта цёплае надвор’е з ранку, ляталі чмялі і пчолы. Ала Казіміраўна Залатар расказала, што ўжо 6 год працуюць над тэхналогіяй вырошчвання чыстацелу вялікага, які неабходны для стварэння антыпухлінных прэпаратаў. Іх працу з нядаўняга часу фінансуе адна з аўстрыйскіх фірм. Калі нашы беларускія навукоўцы-фармацэўты пачнуць вытворчасць уласнага прэпарату – тэхналогія вырошчвання культуры будзе падрыхтаваная…
Перад тым як зайсці ў сад, якому толькі 5 гадоў, усе мы пачаставаліся вішнямі ды чарэшнямі, чорнымі парэчкамі ды агрэстам. Мне пашанцавала больш за іншых, бо з тыдзень таму свае выкладчыкі бурчэлі, чаму ў гэтым годзе ніхто іх не частуе прадукцыяй з саду, як у папярэднім. Праца ў саду, ў якім былі не толькі шпалеры, але яшчэ і дзейнічаў каліўны паліў выклікала пахвалу з боку старшыні камісіі. Пазнаёміліся з тэхнікай, з ангарам, у якім яна захоўваецца і паехалі далей.
На тэрыторыі СВК, баюся памыліцца якога, Уладзімір Сяргеевіч Тарасенка дэманстраваў вопыты з цукровымі буракамі, кожны з якіх ужо зараз важыць па 400 грамаў, што дае надзею на вельмі высокі ўраджай. Дзякуючы барацьбе з пустазеллем, падкормкам у розныя часы вегетацыі, дабаўкам мікраэлементаў, іншым хітрыкам, якія дапамагаюць назапашваць максімальную колькасць цукру, Уладзімір Тарасенка атрымае ураджай буракоў не меншы за 700 ц/га. Адправіліся на абед у сталоўку ўніверсітэта, пасля чаго наведалі вопыты з валяр’янай зёлкавай, якія праводзяць Генрых Мілоста і Андрэй Рэгалевіч ў СВК “Вялікае Мажэйкава”. На гэтай культуры яны распрацоўваюць угнаенне з неабходным наборам мікраэлементаў, маючы аж 19 варыянтаў у вопыце.
Вяртаемся ў Гродна, дзе перад уваходам у музей пчалярства (корпус ФВМ) гасцей сустракаюць Мікалай Халько са сваімі нязменнымі фанатамі ў гэтай справе навуковымі супрацоўнікамі Дзмітрыем Толкачам і Міхаілам Гушчыным. Музей размясціўся ў скляпеннях факультэта ветэрынарнай медыцыны. Злева ад уваходу на сцяне яшчэ бачны паўразмыты надпіс “Музей”, які сведчыць аб тым, што з 30-х гадоў у нашым будынку паверхам вышэй існаваў музей прыроды, але гэта тэма асобнага матэрыялу, які падрыхтую пазней. На прыцемненай сцяне госці бачаць прамое уключэнне з вулля, а Мікалай Халько тлумачыць, якая пчала і чым займаецца ў гэты момант. Вось адна з іх прыносіць пылок, скідвае ў ячэйку і затым трамбуе яго сваёю галавой. Затым ідзём на ўнутраны дворык паглядзець пасеку і, асабліва, шкляны вулей, у якім жывуць міралюбівыя каўказкія пчолы. І сапраўды, ніводная не ўкусіла наведвальнікаў, пакуль іх разглядалі ды фатаграфавалі.
Апошнім пунктам наведвання з’яўляецца навуковы цэнтр, які займаецца перасадкай эмбрыёнаў ад высокаўдойных кароў да звычайных. І калі раней яйцаклеткі нашы навукоўцы маглі здабываць толькі на мясакамбінаце, то зараз закупілі кароў донараў, якіх трымаюць у недалёкім СВК, у “прабірках” апладатвараюць яйцаклеткі спермай ад вельмі прадуктыўных на ўдоі нашчадкаў быкоў і атрыманыя эмбрыёны ідуць на атрыманне цялят. Праца на мой пагляд вельмі цікавая, так як ад адной высокапрадуктыўнай каровы за год можна атрымаць некалькі падобных цялят. Прычым каштоўнасць уяўляюць як будучыя каровы, так і будучыя быкі вытворцы. На наступны дзень камісія прадоўжыць работу, але я буду заняты на іншай імпрэзе, аб якой будзе інфармацыя ў наступным матэрыяле. І, як заўсёды, фотарэпартаж.