Днём беларускай навукі лічыцца апошняя нядзеля студзеня, ўпершыню яго пачалі адзначаць ў 1994 годзе. У 2015 на яго выпала дата 25 студзеня, але ўжо 22 студзеня ў Гродзенскім аблвыканкаме адбылася ўрачыстасць, на якой ўзнагароды атрымалі і некалькі супрацоўнікаў Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, сярод якіх аказаліся Валянцін Пяшко, Алена Жыўлюк і Аляксандр Дзяшко.
Пасля заканчэння ўрачыстасці мы забралі сваю перасоўную выставу, якая адлюстроўвае навуковыя дасягненні ўніверсітэта і адразу накіраваліся ў Мінск, каб да вечара выставіць экспанаты ў фае ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Усе чатыры беларускія вышэйшыя аграрныя навучальныя ўстановы размясціліся ў адным павільёне, дапамагаючы адзін другому ў арганізацыі выставы. Прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь адобрылі экспазіцыі ўсіх нашых ВНУ.
23 студзеня выстава навуковых дасягненняў розных навуковых устаноў рэспублікі дзейнічала ад 10 гадзін раніцы і да пачатку ўрачыстасці, якая праходзіла ў вялікай і ўтульнай зале ліцэя.
На працягу дня была магчымасць пазнаёміцца з яе экспанатамі і мне з маімі калегамі па ўніверсітэту. Побач з намі Міністэрства прыродных рэсурсаў выставіла розныя прыгожыя мінералы, здабытыя, на жаль, не на тэрыторыі Беларусі. Вялікі кавалак пірыту выглядаў як самародак золата. З мінералаў майстры навучыліся вырабляць сапраўдныя мастацкія абразы, якія пры жаданні можны было б і набыць, каб не іх кошты.
Вялікую тэрыторыю заняла выстава "100 ідэй для Беларусі", на якой былі прадстаўлены экспанаты, створаныя пераможцамі конкурсу – маладымі навукоўцамі. Гэта і знешні падагрэў для паліўных фільтраў, і хлебныя вырабы, ад якіх не папаўнееш, і прусакі ды чарвякі з уліткамі, вядомыя як крыніца бялковага корму (пакуль толькі для жывёлы). Хлопцы распрацавалі нейкія камп'ютарныя праграмы для гандлю, дзяўчаты – прыгожую вопратку ў нацыянальным стылі і г.д.
Перад пачаткам урачыстага сходу выставу наведала прадстаўнічая дэлегацыя на чале з Міхаілам Мясніковічам, які быў на пасадзе не толькі прэм'ер-міністра Беларусі, але і пэўны час на пасадзе прэзідэнта Нацыянальнай акадэміі навук. А 16-й гадзіне распачаўся ўрачысты сход навуковай грамадскасці Беларусі, у якім прынялі ўдзел кіраўнікі розных міністэрстваў. Яны ўзнагароджвалі сваіх падначаленых за навуковыя поспехі. Старшыня ВАКа адзначыў узнагародамі лепшыя доктарскія і кандыдацкія дысертацыі, абароненыя ў папярэднім годзе.
Ад Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Ганаровай граматай быў узнагароджаны дацэнт Аляксандр Міхалюк, а Падзяка Міністэрства СГіХ аб'яўлена дацэнту Андрэю Рэгілевічу і аўтару гэтых радкоў. Узнагароджанні суправаджаліся канцэртнымі нумарамі лепшых беларускіх выканаўцаў.
https://www.ggau.by/nowosti/2264-dzen-belaruskai-navuki#sigProIdc4f3f6b1eb