Бывае так, што адвучыўшыся 3 ці 4 гады ў горадзе і пакідаючы яго можна амаль нічога не ведаць пра яго гісторыю. Група студэнтаў першакурснікаў агранамічнага факультэта невялікая, усяго 8 чалавек. Проста, усіх хлопцаў з пэўнага часу забралі на службу ў войска. А двое студэнтаў гэтай групы паспелі паступіць, адслужылі ўжо і працягваюць вучобу. Восень, халаднаватае надвор’е не спрыяе экскурсіям, але.
За спіной студэнтаў ідуць здымкі фільма, бачна будка тэлефоннага апарату 60-х гадоў
Дацэнт Алена Жыўлюк прапанавала сваёй куратарскай групе прайсціся па гораду і пазнаёміцца з ім і яго гісторыяй. Бо ўсе студэнты групы прыехалі з розных раёнаў Беларусі і яшчэ слаба ведаюць Гродна. Паколькі зараз яна працуе ў прыёмнай камісіі, то змагла вырвацца на некалькі хвілін і па дарозе расказаць пра галоўны корпус, дэндрарый, корпус раслінаводства, які раней быў адной з трох гродзенскіх рэзідэнцый апошняга польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Зрабілі здымак каля гістарычнага корпуса, дзе працавала Алена Канстанцінаўна і працуе яе бацька, прафесар Канстанцін Уладзіміравіч Каляда, з якім сустрэча групы ўжо адбылася. Мала таго, што Канстанцін Уладзіміравіч закончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы тады інстытут, дык ён падчас службы ў войску адпраўляў у космас трох першых касманаўтаў.
Першакурснікі на фоне будынку тэатра оперы і балету 18 стагоддзя
Далей мы знаёміліся з гісторыяй стварэння заапарку, медычнай акадэміі, кірхі, будынку БТФ, будынку, дзе зараз месціцца лялечны тэатр, забудовы Гарадніцы ў 18 стагоддзі. У раёне рэстарану “Каралеўскае паляванне” праходзілі здымкі фільма пра ГДР. Прайсці тудою было немагчыма і мы накіраваліся на вуліцу Тэльмана. Зрабілі яшчэ адзін здымак на вуліцы, бо пачынала змяркацца. Куратар групы наказала, каб пасля вяртання адказалі на пытанне, якія надпісы ёсць над верхнімі вокнамі будынка былога акружнога суда. Пабачылі “Законъ”.
На вуліцы ўжо вечарэе, але студэнты збіраюцца працягваць знаёмства з горадам
Прайшліся па Вялікай Траецкай, дайшлі да Замкаў, вярталіся па Кастрычніцкай, Савецкай, праз даліну рэчкі Юрысдыкі, якая здзівіла нашых студэнтаў тым, што ў цэнтры горада ёсць такая прыгажосць. А я быў здзіўлены гістарычнымі ведамі студэнтаў першакурснікаў, якія яны набылі ці то ў школе, ці самастойна.