Часам дастаткова толькі праявіць ініцыятыву і запоўніць анкету, як можна патрапіць на якую-небудзь цікавую імпрэзу. Аднойчы мой сябра па Інстытуту біяхіміі НАН РБ Валянцін Лучко запоўніў на адной з канферэнцый анкету, у якой на пытанне, ці хацелі бы вы вывучыць японскую мову, ён адказаў станоўча і патрапіў на 1,5 гады ў Японію на стажыроўку. Калі вярнуўся адтуль, Валянцін пачаў вельмі хваліць іх атамныя станцыі, паколькі лічыў іх надзвычай надзейнымі. Але жыццё паказала, што гэта не так.
Я быў запрошаны на семінар-трэнінг, паколькі ў анкеце пералічыў амаль усе свае заслугі ў галіне аховы прыроды, якія мелі месца быць на працягу апошніх 25 гадоў. Трэба колькі слоў сказаць аб тым, чаму такія семінары на Беларусі, як, дарэчы і ва ўсім свеце, зараз адбываюцца. Тэрмін “устойлівае развіццё” (УР) быў заяўлены на Генеральнай асамблеі ААН ў 1987 годзе як новая мадэль развіцця цывілізацыі. З гэтага моманту “устойлівае развіццё” (Sustainable Development) стала выкарыстоўвацца ў сэнсе руху наперад, калі чалавецтва задавальняе свае жыццёвыя патрэбнасці, не лішая гэтай магчымасці будучыя пакаленні. На канферэнцыі па ахове навакольнага асяроддзя ў Рыа-дэ-Жэнэйра ў 1992 годзе ААН прапанавала ідэю пераадолення глабальнага крызісу, якая атрымала назву “Канцэпцыі ўстойлівага развіцця”. Там разглядаліся пытанні пераадолення галыцьбы, дыскрымінацыі жанчын і нацыянальных меншасцяў, аховы здароўя, водазабяспячэння і асветы, забруджання навакольнага асяроддзя, а на канферэнцыі ў Каіры (1994 год) дабавіліся і дэмаграфічныя праблемы. У 1997 годзе Беларусь, Расія і Украіна прынялі нацыянальныя праграмы па ўстойліваму развіццю, накіраваныя на вырашэнне комплексу сацыяльных, эканамічных, дэмаграфічных і экалагічных праблем.
Але, паралельна з канцэпцыяй устойлівага развіцця пачала развівацца і другая канцэпцыя - адукацыя для ўстойлівага развіцця (АУР), першы ўспамін аб якой з’явіўся ў 36 главе “Павесткі дня на ХХI век”, прынятай у 1992 годзе ААН. Дзеля пачатку працы над АУР былі абраны чатыры галоўныя моманты: паляпшэнне базавай адукацыі, пераарыентацыя існай адукацыі на ўстойлівае развіццё, развіццё інфармаванасці ў грамадстве і выхаванне. У сакавіку 2005 года Еўрапейскай Эканамічнай Камісіяй ААН была апублікавана “Стратэгія для адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця”, а ЮНЭСКА аб’явіла 2005-2014 гады дзесяцігоддзем АУР. Дакладнага азначэння АУР няма, але яго можна прапанаваць у такім напісанні: адукацыя для ўстойлівага развіцця - гэта працэс, які працягваецца на працягу ўсяго жыцця, пачынальна з ранняга дзяцінства да атрымання вышэйшай адукацыі і адукацыі для дарослых, і выходзіць за межы фармальнай адукацыі…
Выключна важным для выпрацоўкі навыкаў самастойнага прыняцця экалагічна і сацыяльна значных рашэнняў становяцца: актыўнасць, развіццё крытычнай выявы мыслення, дэмакратычнасць, дынамізм, цэласнасць, інтэграцыя, міждысцыплінарны падыход, выкарыстанне сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, праблемная арыентаванасць, арыентаванасць на працэс, праектаванне.
З метадамі нефармальнай адукацыі мне даводзілася неаднаразова сустракацца. У 2007 годзе быў на семінары па распрацоўцы праектных прапаноў для ўдзелу ў праграмах Еўрапейскага Саюза ў Кіеве. Там, з прадстаўнікамі самых розных грамадскіх арганізацый, мы, у працоўных групах, сфармаваных па інтарэсах, на працягу 4 дзён вучыліся распрацоўваць заяўкі на праекты па ўстойліваму развіццю рэгіёнаў. Праца была вельмі складанай, але яшчэ больш складаным быў удзел у семінары, які праходзіў восенню 2008 года ў Вільні, на які трэба было з’яўляцца са сваім наўтбукам, бо ўсе распрацоўкі на гэты раз вяліся ў Miсrosoft Offise Exel. Вясной 2010 пашчасціла папрысутнічаць у Мінску на семінары па нефармальнай адукацыі для дарослых, які праводзіла Галіна Верамейчык – выканаўчы дырэктар МГА “Адукацыя без межаў”. У семінары прымала ўдзел трэнер з Санкт-Пецярбургу. Увогуле, пачынаючы з 2005 года, у Беларусі штогод праводзяцца Тыдні нефармальнай адукацыі і асветы, падчас якіх праводзяцца сустрэчы, семінары, круглыя сталы, прэзентацыі, выставы. У 2006 і 2008 гадах адбыліся Фестывалі нефармальнай адукацыі падтрыманыя dvv-internacional і Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Йаханеса Рау, якія сталі не толькі адметнай інфармацыйнай падзеяй, але і святам. З вітальным словам на пленарным паседжанні перад удзельнікамі выступілі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі РБ, Палаты прадстаўнікоў НС РБ, амбасад Германіі і Швецыі.
Два дні, праведзеныя ў сядзібе аднаго з музыкаў рок-гурта “Крама” праляцелі на адным дыханні. Наша група сарганізавалася на чыгуначным вакзале ў Мінску яшчэ да прыходу арганізатараў. Таму ў бусіку па дарозе мы амаль што ўсе пазнаёміліся. І ўсё ж далейшае знаёмства было наперадзе. Патрэбна было намаляваць партрэт свайго суседа ці суседкі і даць разгорнутую характарыстыку. Мне пашчасціла, што суседкай аказалася аспірантка з БДСГА (г.Горкі) Анастасія Волкава, расказваць аб якой было проста, тым больш, што яна, як і я ў маладыя гады, таксама займаецца танцамі. Нашы трэнеры Яраслаў Бекеш і Наталля Рабава з нашай жа дапамогай расказалі пра адукацыю для ўстойлівага развіцця (гісторыя, падыходы, змест). Самі яны здаецца працуюць у экалагічным таварыстве “Зялёная сетка”. Далей былі заданні, з якімі мы спраўляліся ў групах, штораз сфармаваных занава. Напрыклад, кожная група спрабавала адабраць з набору прапанаваных прадуктаў, што сталі бы ўдзельнікі купляць у краме, а што не і абаснаваць гэта. Зноў жа знаёміліся з праблемна-арыетаваным падыходам. Мы спрабавалі ўзнавіць Капенгагенскія перамовы краін па скарачэнню шкодных выкідаў у атмасферу. Мне давялося адстойваць пазіцыю Саудаўскай Аравіі, якой “патрэбны кампенсацыі за скарачэнне нафтавага прыбытку”. Было цікава, таму што ўсё, што гаварылася за сталом перамоў, было надта ж праўдападобным. Былі перапынкі на каву, абед, вячэру, якія рыхтавала вельмі смачна для нас Зоя, сапраўдная гаспадыня хаты, пасля чаго ўсе ўдзельнікі адправіліся ў Мінск да нацыянальнай бібліятэкі, каб прыняць удзел у акцыі “Гадзіна Зямлі”, якая ўжо не першы раз праводзіцца ва ўсім свеце. Здаецца ў 20.30 ўсё прыгожае асвятленне бібліятэкі згасла і яна стала зусім не бачнай. На імпрэзу з’явілася невялікая супольнасць экалагічна свядомай моладзі і мяне не пакідала адчуванне, што нехта прыляціць і ўсіх разгоніць ці, яшчэ горш, арыштуе. Але гэтага не адбылося. Па дарозе былая выпускніца Школы Насця распавяла нам пра тыя выкіды ў атмасферу, якімі Беларусь магла бы гандляваць. Магла бы, але не можа, бо ў свой час не паспела падпісаць нейкія дакументы. Намаганні такія робяцца і зараз, але трэба, каб іх падтрымалі больш за 140 краін свету, што амаль не рэальна. Перамовы краін праводзяцца на лепшых курортах свету (наступныя адбудуцца ў Паўднёва Афрыканскай Рэспубліцы) і таму яны будуць доўжыцца бясконца…
Наступны дзень быў заняты працай да самага ад’езду, але лепш аб гэтым раскажуць зробленыя мной пад час семінару фотаздымкі. Такі ж семінар першага ўзроўню адбудзецца 28-29 траўня гэтага года недалёка ад Гродна. Ёсць шансы жадаючым патрапіць на яго, каб мець магчымасць аказацца ў канцы чэрвеня ў Камарова, дзе створана гаспадарка будучага, якая існуе ў суладдзі з прыродай – мае сваю ГЭС, выпякае свой хлеб, вырошчвае экалагічна чыстую прадукцыю. Там семінар будзе працягвацца цэлы тыдзень.
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда