Напярэдадні прарэктар па навуковай працы Сяргей Тарасенка запытаў, дзе знаходзяцца мае вопытныя дзялянкі на вопытным полі і ўсур’ёз ці жартам сказаў – “што ж гэта за такія невысокія аднагадовыя травы вы вырасцілі з земляробамі?”. Але, калі я пачуў, што там ёсць і нармальна рослыя культуры, то адказаў, што гэта нашы кантрольныя варыянты. І як аказалася – не памыліўся. То былі варыянты з больш познім тэрмінам пасеву.
З Аляксандрам Дудуком і Пятром Тарасенкам з гэтага года пачалі вывучэнне прыёмаў апрацоўкі глебы ў севазвароце на ўрадлівасць культур. Мая задача праводзіць мікрабіялагічны маніторынг у эксперыменце. Аднагадовыя травы, пасеяныя своечасова выраслі нармальныя, тыя, якія падкармілі дадаткова азотнымі ўгнаеннямі – яшчэ лепшыя, а вось тыя, якія пасеялі 11 траўня – сапраўды ніякія. А на самай справе ў гаспадарках так і паступаюць, іх сеюць тады, калі пасеюць астатнія культуры – у апошнюю чаргу. Трэба было адабраць узоры глебы з вопытаў, а стацыянарных дыпломнікаў аграномаў не аказалася. У мінулым годзе мне іх забылі выдзеліць, так як кафедра знаходзіцца на перыферыі - на факультэце ветэрынарнай медыцыны. Таму давялося выклікаць двух сваіх дыпломнікаў завочнікаў, якія будуць пісаць дыпломныя працы па аднагадовых травах Цімура Іванова і Андрэя Троска.
Першым прыпынкам паездкі камісіі традыцыйна з’яўляецца калекцыйны ці селекцыйны сортаўчастак, які знаходзіцца адразу за Грандзічамі і якім кіруе прафесар Канстанцін Каляда, які падчас службы ў войску запускаў у космас і Гагарына і яшчэ некалькіх касманаўтаў з касмадрома Байканур. Канстанцін Уладзіміравіч адразу гаворыць, што ў бліжэйшыя гады стаіць задача захаваць калекцыю гатункаў азімай пшаніцы, бо там, недзе на версе, зарэзалі прапанаваную праграму па селекцыйнай працы ў Гродна. Ад яго мы даведваемся, што ў наступным годзе ўсё збожжавае поле азімых гатункаў пшаніцы Гродзенскай вобласці будзе занятае гатункамі селекцыі ГДАУ, ну а іншыя вобласці хай выкручваюцца, як хочуць. І яшчэ Канстанцін Каляда паказвае гатунак азімай ранняй пшаніцы, якую можна будзе ўжо ўбіраць праз тыдзень-два. Бо, напрыклад азімы ячмень, у гэтым годзе па Беларусі не перазімаваў, а яна выстаяла. Добра глядзяцца палі занятыя гатункамі пшаніцы, якую пасеялі на размнажэнне.
Едзем далей і каля Зарыцы Канстанцін Уладзіміравіч паказвае поле, занятае аднайменнай пшаніцай “Зарыца”. Прагноз на будучы ўраджай, калі не будзе якіх прыродных дзівосаў, вельмі станоўчы. Агляд вопытаў пачынаецца з нашага маладога сада. Калі ў папярэднюю паездку Павел Шэшко гаварыў прысутным, што на тэрыторыі сада ён не можа рабіць прагнозаў на ураджай, то зараз бачна, што ўраджай будзе. Універсітэт можа мець пэўную суму даходаў ад яго. І праўда нехта сказаў, што ў мінулым годзе была аб’ява, што калі хто хоча, то можа набыць яблыкі. Што ж, буду ў гэтым годзе своечасова сачыць за інфармацыяй. У саду аказалася растуць яшчэ і грушы, завязаліся абрыкосы і персікі. Нехта спытаў, ці надзейна сад ахоўваецца. А як жа, вельмі, - адказаў Павел. Аказваецца тыя сабакі, якія выглядаюць нейкімі абшчыпанымі, здавалася б недакормленымі, пры наступленні вечара звярэюць. Павел кажа, што нейкі малы яму раз ледзь самому не адгрыз нагу. Кожны сабака ведае, дзе яго тэрыторыя і надзейна ахоўвае яе.
Пайшлі далей па полі. Тут эксперыментальныя двухрадковыя пасевы морквы, якая ў мінулым годзе дала добры прыбытак. А што ўжо гаварыць пра гэты год, калі агародніна так падаражала. Побач добры кусок заняты сталовымі буракамі, я ўжо маўчу пра грэчку, над якой гудзяць пчолы. Думаю, што ва ўсіх гэтых камерцыйных праектах вопытнага поля замешаны прарэктар па навуцы Сяргей Тарасенка. Усе любуюцца нейкай новай кармавой культурай пад назвай пайза, якую вырасціла аспірантка. Кажуць, што яе добра было бы дасяваць там, дзе павымярзаюць азімыя збожжавыя. Камісія разглядае пасевы лекавых культур – кракосу і чыстацелу, над тэхналогіяй вырошчвання якіх працуюць кафедры ГДАУ. А па апошнім, здаецца, нават атрыманы грант ад нейкай аўстрыйскай фірмы. Што датычыць бульбы, то свае рэпрадукцыі растуць нармальна, а супер Эліта вельмі дрэнна і нават не паўсходзіла. Думаю, на вышыні была і Рэгіна Казіміраўна Янкелевіч са сваімі гібрыдамі кукурузы, да якіх прыдрацца было немагчыма. Пасевы чыстыя, рослыя. Далей сваіх аднагадовых я ўжо не пайшоў, бо з Пятром Леанідавічам Тарасенкам мы выбіралі калочкі, якімі былі адзначаны дзялянкі. Гэта трэба было зрабіць перад уборкай, каб тэхніка не паламалася. І зусім мала заставалася часу, каб забрацца ў гарох і нарваць яго крыху для ўнучкі. Было толькі адно жаданне, перамагчы сябе і не з’есці яго па дарозе.
Далей пакінулі вопытнае і паехалі глядзець на вопыты, якімі заўсёды захапляліся і на якіх праводзіліся курсы падвышэння кваліфікацыі аграномаў з Беларусі і бліжняга замежжа. Зразумелі, што ў гэтым годзе курсаў быць не можа, бо той перыяд засухі, які мы ўжо перажылі, зрабіў сваю чорную справу. Пасевы былі горшыя, чым на вопытным полі. Па пыльнай дарозе даехалі да вопытаў Фёдара Седляра і Міхаіла Андрусевіча. Рапс са стымулятарамі росту быў амаль у рост чалавека, а разам з ім і валошкі, на якія чамусьці ўсе накінуліся і нарвалі букеты хто для працы, хто паказаць студэнтам, а хто і падараваць жонцы. Праверка вопытаў, якія вядуцца ў гаспадарках, назначана на наступны дзень. А далей некалькі ілюстрацый з нашай вандроўкі па палях.
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда