Некалькі гадоў таму, калі рыхтаваў матэрыялы пра першых выпускнікоў Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута, які зараз называецца Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт (ГДАУ), ва ўспамінах загадчыка на той час кафедры батанікі і фізіялогіі раслін Алены Карпач прагучала, што ўступныя экзамены па фізіцы ў яе прымаў Міхась Амялішка. І тады і я прыгадаў, што і ў мяне ён прымаў як уступны экзамен, так і экзамен за курс фізікі і абодва разы выставіў выдатныя адзнакі.
Міхась Васільевіч нарадзіўся 14 мая 1929 года ў сяле Вольна Баранавіцкага павета, а праз два тыдні сям’я пераехала на сталае месца жыхарства ў суседнюю вёску Бортнікі. Як і іншыя беларусы ў той час па некалькі гадоў вучыўся ў адным і тым жа класе, што залежала ад змены ўлады (палякі, саветы, немцы, ізноў саветы). У 1952 годзе закончыў Гродзенскі педагагічны інстытут, пасля якога працаваў настаўнікам фізікі ў Скідалі.
У 1954 годзе вытрымаў конкурс на пасаду асістэнта кафедры фізікі Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута, у якім пасля працаваў старшым выкладчыкам, восем гадоў выконваў абавязкі загадчыка кафедры фізікі і сельскагаспадарчай метэаралогіі. У 1989 годзе пайшоў на пенсію. Восенню 1991 года ствараецца хор духоўнай песні, які пазней назавуць “Бацькаўшчына”. Міхась Аляксандравіч разам са сваёй жонкай Ліліяй Амялішка становяцца сталымі ўдзельнікамі хору. Акрамя таго, як стараста хору, ён робіць нататкі пра ўсе шматлікія выступленні і замежныя гастролі хору, які выступае ў Даніі, Германіі, Францыі, Літве, Польшчы, Украіне. Добра памятаю, як новыя дацкія знаёмыя хору прывезлі ў Гродна вялікую колькасць сучасных інвалідных калясак, якія раздавалі тым, хто меў патрэбу. Завяршэнне дзейнасці хору “Бацькаўшчына” у сувязі з ад’ездам кіраўніка Веры Кунцэвіч адбудзецца 13 студзеня 2017 года а 18.30 на Будзённага 48А.
У свае 80 гадоў Міхась Васільевіч становіцца пісьменнікам. У 2009 годзе ён выдае сваю першую кнігу “Гучыць наш хор”. На працягу шмат якіх гадоў ён збіраў хроніку сем’яў сваякоў па бацькоўскай і мацярынскай лініі, на аснове якой напісаў раман-успамін “Заблудныя” у трох кнігах. Першая выйшла ў 2009 годзе, другая – у 2011, трэцяя – у 2016. Калі чытаю раман прыгадваю ўспаміны сваіх аднавяскоўцаў пра жыццё ў Заходняй Беларусі як да, так і пасля вызвалення яе Чырвонай Арміяй. Вельмі шмат фактаў у кнізе вядомых мне, якія чуў, а то і запісваў на магнітафон у 1970-80-х гадах. Ні ў адным падручніку па гісторыі няма інфармацыі пра тое, што 1 верасня 1939 года нямецкія самалёты бамбілі Баранавічы. Міхаіл Васільевіч пацвярджае ў сваім рамане гэты факт, аб якім мне расказваў у 80-я гады паэт Сяргей Міхаўлавіч Новік-Пяюн. Дзякуючы той нямецкай бамбёжцы Сяргей Міхайлавіч, які сядзеў пры Польшчы ў чыгуначным складзе (турмы былі перапоўненыя), апынуўся тады на волі.
У рамане Міхася Васільевіча адлюстраваны побыт як сялянаў, так і паноў, іх адносіны паміж сабой. Падрабязна апісвае сцэны кахання ды сватаўства. Бачна, што запісваў ён усё са слоў удзельнікаў тых падзей. Кнігі Міхась Амялішка выдаваў за свой кошт. А тое, што матэрыялы іх вельмі каштоўныя, бясспрэчна. На працягу амаль 30 гадоў мы часта бачымся з Міхаілам Васільевічам на самых розных імпрэзах не толькі ў Гародні, але і ў Літве і ў Польшчы. Некалькі гадоў запар у Зарыцы каля лецішча Міхася Амялішкі з яго актыўным удзелам ладзілася гарадское “Купалле”.
1 лістапада 2016 года памёр заслужаны настаўнік, стваральнік Гудзевіцкага школьнага музея Алесь Мікалаевіч Белакоз, з якім мы былі добра знаёмыя з 1986 года. Да гэтага часу я не ведаю на тэрыторыі Беларусі лепшага гістарычнага і этнаграфічнага музею,чым у Гудзевічах. Яшчэ ў 1986 годзе маскоўскі прафесар Мікола Ўлашчык у сваім лісце да прафесара Міхася Ткачова пісаў: “Атрымаў Ваш ліст, а ўчора быў Таранда. Перадаў кнігі і фота і сказаў пра Вашу дзейнасць і пра паездку ў Гудзевічы. Белакозу некалі будзе пастаўлены помнік, ён гэтага заслужыў як мала хто”. Алесь Мікалаевіч з радасцю прымаў гасцей у сваім музеі. Нават калі мы прыязджалі апоўнач, ён адчыняў музей і некалькі гадзін знаёміў з яго экспанатамі. Зараз, калі Белакоза не стала, я яшчэ раз з захапленнем прачытаў пра яго кнігу Міхася Амялішку “Як жыць, дык жыць для Беларусі”, выдадзеную ў 2012 годзе.
У загаловак кнігі Міхась Васільевіч узяў словы з верша вядомай паэткі Ларысы Геніюш, якая як магла, дапамагала ў стварэнні музею. Памятаю, калі мне давялося ўдзельнічаць у выратаванні кніжак з аўтографамі пісьменнікаў, гісторыкаў, касманаўтаў з бібліятэкі Ларысы Геніюш, якія былі перададзены ў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей і музей гісторыі рэлігіі, вялікі стос кніг па медыцыне быў прыгатаваны для музея ў Гудзевічах па просьбе Алеся Мікалаевіча Белакоза.
Міхась Амялішка напісаў сваю кнігу на падставе інтэрв’ю з Алесем Белакозам, зробленым у 2004, 2007, 2011 і 2012 гадах. І хай сабе пра Белакоза пісалі розныя пісьменнікі, але кніга Міхася Васільевіча, занатаваная са слоў выдатнага настаўніка і дзеяча культуры Беларусі, каштоўная. Частка яе прысвечана народнай медыцыне, у якую верыў і прапагандаваў Алесь Белакоз, асабліва крамянёвую ваду і медныя пласціны. Міхась Амялішка толькі на адзін год маладзейшы за героя сваёй кніжкі.
Варта прыгадаць, што Міхась Васільевіч з’яўляецца і адным з аўтараў кніжкі “Гісторыя XX стагоддзя ва ўспамінах гарадзенцаў”, якая была выдадзена ў 2011 годзе.
12 студзеня 2017 года ў 12.00 у чытальнай зале бібліятэкі на другім паверсе галоўнага корпуса ГДАУ адбудзецца прэзентацыя кніжак былога выкладчыка фізікі нашага ўніверсітэта Міхася Васільевіча Амялішкі. Запрашаем.
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
https://www.ggau.by/nowosti/3011-tvorchyya-asoby-gdau-mikhas-amyalishka-byly-fizik-sta-lirykam#sigProIdb4dda984e2
Таранда Н.И.,
доцент кафедры микробиологии и эпизоотологии