15-ыя ўгодкі факультэта ветэрынарнай медыцыны адзначаны правядзеннем II Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыяй "Ветэрынарная медыцына на шляху інавацыйнага развіцця", якая адбылася 15-16 снежня 2015 года.
Канферэнцыя аказалася дастаткова прадстаўнічая, бо акрамя дакладаў з навучальных і навуковых устаноў Рэспублікі Беларусь, у ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі Расіі і Турцыі. Па матэрыялах канферэнцыі выдаецца зборнік навуковых прац, якія будуць прызнавацца ВАКам.
Падчас адкрыцця канферэнцыі факультэт віншавалі Генеральны дырэктар "Гродзенскага племпрадпрыемства" Пётр Каштэлян і Пётр Красачка – загадчык аддзела вірусалогіі НДІ эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М. Вышэлескага. У прэзідыуме – дактары ветэрынарнай медыцыны, прафесары Аляксандр Глаз і Віктар Малашка – дэкан ФВМ. Перад прысутнымі з віншаваннямі на канферэнцыі выступілі таксама рэктар ГДАУ Вітольд Песціс, начальнік Гродзенскай мытні Аляксандр Легун, які адзначыў, што зараз у іх сістэме працуе 9 выпускнікоў факультэта, а таксама галоўны дзяржаўны ветурач Гродзенскай гарадской ветстанцыі Юрый Лялюк, які адзначыў, што асабліва ў апошнія гады са сцен факультэта выходзяць добрыя спецыялісты.
У гэты дзень прысутныя на адкрыцці канферэнцыі мінутай маўчання прыгадалі былога дэкана і стваральніка факультэта ветэрынарнай медыцыны ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце Міхаіла Аркадзьевіча Каўруса.
Першаму для навуковага дакладу было дадзена слова вучонаму з Турцыі, які прымае ўдзел у навуковых канферэнцыях факультэту ўжо трэці раз, Рамазану Маммадаву, які на гэты раз расказаў пра лекавыя ўласцівасці Alyssum fulvescens.
Пётр Красачка ў сваім выступе расказаў пра эпізаатычную сітуацыю па інфекцыйных захворваннях у Рэспубліцы Беларусь, а Мікалай Кузняцоў распавёў пра сітуацыю ў свеце і пра тое, якіх хвароб і адкуль нам трэба чакаць.
Перад пачаткам свайго выступу прадстаўнік Нацыянальнага адкрытага інстытуту горада Санкт-Пецярбурга і Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны доктар ветэрынарных навук, прафесар Мікалай Зелянеўскі, пад кіраўніцтвам якога абараніўся 31 дысертант, падзяліўся з факультэтам цэлай бібліятэкай спецыяльнай літаратуры, выдадзенай ім за многія гады. Ды і выступ яго пра марфалагічныя асаблівасці чэрапа рысі еўразійскай быў цікавым.
Пазней, пад час нашай экскурсіі па горадзе, я даведаўся, што Мікалай Вячаслававіч з'яўляецца маім земляком, бо родам ён з вёскі Вялікая Лотва Ляхавіцкага раёна і таксама захапляецца гісторыяй нашага краю. Ён шмат дзе пабываў падчас сваіх вандровак па Беларусі, але Гродна яму настолькі спадабаўся, што абяцаў прыехаць улетку разам са сваім малодшым сынам Канстанцінам, які, будучы кандыдатам ветэрынарных навук, таксама цікавіцца гісторыяй зямлі сваіх продкаў.
Выступленні працягваліся. Выступалі прадстаўнікі Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (г. Горкі), ГрДУ імя Я.Купалы. З далёкіх гасцей мела выступ яшчэ Таццяна Марозава, аспірантка з Санкт-Пецярбурга. Нашы аспіранты і магістранты таксама выступалі, у тым ліку і дактарант з Іраку Алі Амар Хусейн Алі.
Незвычайнымі былі выступленні школьнікаў, якія таксама рабілі навуковыя даклады. Кіраўнікамі іх былі як школьныя настаўнікі, так і нашы магістранты і кандыдаты навук. 6 выпускнікоў нашага ФВМ працуюць у Гродзенскім заапарку. Можна адзначыць, што юбілейная канферэнцыя ўдалася.
https://www.ggau.by/nowosti/2560-fakultet-veterynarnaj-medytsyny-gdau-adznachy-15-yya-godki#sigProIde13feb404c