Універсітэт для падобнай паездкі выдзеліў аўтобус, на якім выставу змаглі наведаць каля 20 выкладчыкаў розных кафедр. На выставе мы сустрэлі прадстаўнікоў кафедры механізацыі і супрацоўнікаў кафедры пладаводства. Супрацоўнікi навуковага аддзелу размясціліся каля экспазіцыі ўніверсітэта.
Уся выстава ў гэтым годзе прадстаўлена на тэрыторыі Футбольнага манежа Мінска. Калі паглядзець на жывёльны свет выставы, то кожнага нашага спецыяліста цікавілі свае віды. Аляксандр Малец цікавіўся больш птушкай, Кірыл Кароль – даільным абсталяваннем. Мяне зацікавілі авечкі з СПК "Жарабковічы". Хацелася спаткаць там старшыню СПК Віталя Бусько, але ў гэты дзень гаспадарку наведваў губернатар Брэскай вобласці, і ён застаўся там.
Кажуць, што ў гэтым годзе на выставе прадстаўлена максімальная колькасць фірм і арганізацый. Першае, што кідаецца ў вочы, гэта тое, што шмат якія фірмы прадстаўляюць выпускнікі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Яны працуюць як у чыста беларускіх арганізацыях, так і сумесных з замежнымі. Паколькі выстава мае аграрны ўхіл, то прыемна, што нашы выпускнікі не далёка адыйшлі ад выбранай у свой час прафесіі. Андрэй Масальскі, якога таксама спаткаў на выставе, нават пасля заканчэння эканамічнага факультэту стаў спецыялістам па маркетынгу Гродзенскага мясакамбіната.
Нашы выпускнікі прадстаўлены і ў навуковых установах. У павільёне РУП НВЦ НАН па бульбагадоўлі і пладагароднінаводстве сустрэў двух выпускнікоў агранамічнага факультэта нашага ўніверсітэта – Сяргея Кандыбовіча і Зміцера Галенку.
Наша дэлегацыя з універсітэту не магла на выставе трымацца вялікай купай, і я вандраваў па ёй з маладымі вучоныміз біятэхналагічнага факультэту – двума Аляксандрамі – Малецам і Дзешка. Здзівіла, наколькі гэта вядомыя для ўсіх навукоўцы. Апошні і увогуле надзея беларускай практычнай навукі, паколькі займаецца перасадкай эмбрыёнаў як in vivo, так і in vitro разам са сваім навуковым кіраўніком Леанідам Галубцом. Ад іх працы залежыць у далейшым прадуктыўнасць беларускай буйной рагатай жывёлы, але, наколькі я зразумеў, зараз ім неабходна фінансавая падтрымка з боку дзяржавы.
Экспазіцыя Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверстітэту прадстаўлена была жывымі пчоламі, хмелем, гатункамі пшаніц, лабараторыяй ДНК-дыягностыкі і іншымі кірункамі развіцця навукі. Кожны супрацоўнік нашага ўніверсітэту пастараўся наведаць падчас экскурсіі па выставе і гэтую экспазіцыю сваёй Альма Матэр, якой мы ўсе ганарымся, бо лічым, што высокія дасягненні сельскагаспадарчай вытворчасці Гродзенскай вобласці напрамую звязаны з высокай насычанасцю СПК спецыялістамі, якія выйшлі са сцен ГДАУ.
https://www.ggau.by/nowosti/2419-3-chervenya-delegatsyya-niversiteta-navedala-vystavu-belagra-2015#sigProId84e7898911