Экскурсійная паездка ў Вільнюс была арганізавана прафсаюзным камітэтам універсітэта, які зараз узначальвае Павел Барадзін. Пару месяцаў таму значная частка тых, хто аказаўся ў ліку 57 асобаў, якім пашчасціла наведаць найпрыгажэйшы горад, неадрыўна звязаны з гісторыяй Беларусі на працягу стагоддзяў, пабывалі ў паездцы ў Празе і Дрэздэне.
Экскурсія пачалася ад Вострай Брамы, якую яшчэ ў 1911 годзе прыгадваў у сваім вершы "Пагоня" беларускі паэт Максім Багдановіч. Думаю, такое ж самае ўражанне, як на Багдановіча, аказаў горад і на ўдзельнікаў нашай аднадзённай вандроўкі, асабліва тых, хто быў у ім упершыню. Вострая Брама адзіная з дзевяці, якая захавалася з часткай сцяны, пабудаванай ў пачатку 16 стагоддзя. Астатнія былі разбураныя ў час вайны войскамі Івана Грознага.
Мы не сталі паднімацца да абраза Божай Маці Вастрабрамскай. Нягледзячы на тое што абраз быў напісаны па праваслаўных канонах, ён увесь час прызнаецца і каталікамі. У 1993 годзе тут маліўся і Папа Рымскі Ян Павел II, аб чым сведчыць замацаваная на мурах дошка з яго партрэтам. Пад час вандроўкі мы заходзілі ў храмы праваслаўнага, каталіцкага, грэка-каталіцкага абраду. Наш гід Андрэй удакладніў, што зараз у Вільнюсе дзейнічае 43 каталіцкія касцёлы і 17 праваслаўных цэркваў. Андрэй шмат расказваў пра архітэктурныя стылі готыкі, барока, рэнесансу, змешаныя, як, напрыклад, характэрны для Бернардынскага касцёла – ніжняя частка гатычная, верхняя адносіцца да барока. Вядома ж, архітэктараў Віленскіх пабудоў наўрад ці хто з нас запамятаў. Па шляху вандроўкі па гораду мы пазнаёміліся з архітэктурай гарадской Ратушы, палаца прэзідэнта Літвы. Пабывалі на тэрыторыі яўрэйскага гета. Аказалася, што ў гады вайны ў Вільнюсе іх было два. Не прамінулі і адзін з 12 дворыкаў старэйшага ў Еўропе Вільнюскага ўніверсітэта. Андрэй падзяліўся з намі, што калі чытае гістарычныя працы літоўскіх гісторыкаў, то заўважае, што яны аддаюць належнае значэнне беларускаму этнасу ў гісторыі ВКЛ.
Наша экскурсія па гораду завяршалася на катэдральнай плошчы Вільнюса, дзе размешчаны, акрамя катэдральнага сабора, на гары вежа Гедыміна і не так даўно адбудаваны Палац князёў літоўскіх.
https://www.ggau.by/nowosti/2110-navedvanne-byloj-stalitsy-vkl#sigProIda7be2f1d35