На студэнцкія секцыі, якія адбыліся 16 чэрвеня, мне патрапіць не давялося. У зале заставаліся толькі студэнты з выкладчыкам з Ваўкавыскага ветэрынарнага каледжа. Дэманстрацыйны кот сядзеў на падаконніку ў клетцы, якога адтуль дасталі, каб сфатаграфаваць. А вось на выкладчыцкіх канферэнцыях папрысутнічаць давялося.
Першым на секцыі ветэрынарнай медыцыны выступаў сталы ўдзельнік нашых канферэнцый з Турцыі Рамазан Маммадаў. На гэты раз тэмай яго выступу была амяла, якую, як аказваецца, можна выкарыстоўваць з мэтай рэгенерацыі печані. Але напачатку ён распавёў крыху пра палітычную сітуацыю ў сваёй краіне. Са знаёмых заўважыў таксама сталых удзельнікаў нашых канферэнцый з Каўнаса (А.Шымкуса з калежанкай), з Віцебска ды іншых месцаў.
Па традыцыі біятэхналагічны факультэт праводзіць сваю канферэнцыю ў канферэнцзале галоўнага корпуса. У прэзідыуме дэкан факультэта Яўген Добрук і яго калега, намеснік дэкана па практыках, прафесар Ян Міцінскі з Ольштыну. Выступаюць вучоныя аграрыі як з Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта Ольштына, так і з SGGW з Варшавы. Як сказаў пры завяршэнні канферэнцыі Яўген Добрук, былі заслуханы даклады, якія датычылі практычна ўсёй разнастайнасці сельскагаспадарчай жывёлы, акрамя авечкагадоўлі. А я пазнаёміўся з Катажынай Кавальскай, пчаляром з Варшавы, якая збіраецца прыехаць у жніўні на тры тыдні на стажыроўку ў наш універсітэт і мае цікавасць да сумесных мікрабіялагічных даследаванняў мёду. А Ян Міцінскі паразмаўляў з нашымі студэнтамі БТФ, якія паедуць на практыку ў Польшчу. Расказаў, што будуць жыць і харчавацца разам з гаспадарамі, у якіх будуць праходзіць практыку, з якой жывёлай там прыйдзецца мець справу. У культурнай праграме ў гэты дзень паўдзельнічаць не давялося, але думаю, што гасцям канферэнцыі яна спадабалася.
https://www.ggau.by/nowosti/1804-kanferentsyi-sektsyj-veterynarnaj-medytsyny-i-zaatekhnii#sigProId4d491d3df1