Аўтарка 10-ай сваёй кнігі "Пра тое, што люблю", якая выйшла пад псеўданімам Альжбета Кеда, сама запрасіла мяне на прэзентацыю, якая адбылася 29.02.2016 года ў актавай зале Свята-Пакроўскага сабора. На імпрэзе акрамя аўтара гэтай інфармацыі прысутнічалі яшчэ 4 прадстаўнікі аграрнага ўніверсітэта, у тым ліку і яе муж, дацэнт кафедры арганізацыі Віктар Іванавіч Петрушкевіч і адначасова старшыня вучэбна-вопытнага СВК Путрышкі".
Матэрыял для кнігі Ала Мікалаеўна пісала на працягу апошніх сарака гадоў. Магчыма, таму і прэзентацыя была вельмі добра падрыхтаваная. За ноўтбукам пры гэтым працавалі студэнты бухгалтарскага факультэта ГДАУ.
Прэзентацыю пачаў святар сабора, які выказаўся, што зараз царква спрабуе быць бліжэй да народу і яго культуры, таму і праводзіць у сваёй актавай зале розныя літаратурныя прэзентацыі. У першым раздзеле кнігі "Люблю Гародню" аўтарка распавядае пра нараджэнне тут сына, пра тое, як у Гародні цвітуць каштаны і чаму яны паміраюць, пра Каложу і Нёман, пра Фару, музей Януша Паруліса, пісьменнікаў – Элізу Ажэшку, Дануту Бічэль, Уладзіміра Караткевіча, Аляксея Карпюка, маці Максіма Багдановіча Марыю Апанасаўну і іншых. Яна вяртае амаль забытае імя паэта Лейбы Найдуса, які пражыў толькі 28 гадоў, але лічыцца пачынальнікам новай яўрэйскай паэзіі на мове ідыш. На слайдах прысутныя на прэзентацыі бачаць фотаздымкі тых, пра каго ідзе размова.
Другі раздзел " І родную Карэліччыну", прасвечаны продкам Алы - маці, бабулям, цёткам і вёскам Шчонава, Антанёва, Райца і іншым, з якімі яны былі звязаныя. Грошы, атрыманыя ад рэалізацыі кнігі, аўтарка перадае на рэстаўрацыю царквы ў былым мястэчку Райца, выяву якой калісьці намаляваў Напалеон Орда. Шмат ўвагі яна надае легендам і былям лясной вёскі Антанёва, якую за сувязь з партызанамі Налібоцкай пушчы палілі немцы.
Трэці раздзел кнігі прысвечаны Янку Купалу, Наталлі Арсеньевай, Максіму Багдановічу, а ў чацвёртым Ала Мікалаеўна піша пра сваіх сяброў, якія высока, – Анатоля Іверса, Івана Лепешава, Ніну Мацяш, Едруся Мазько, Юры Гуменюка, якіх і я ўсіх добра ведаў. Пяты раздзел сваёй кнігі "Люблю жанчынаў – творцаў" аўтарка прысвяціла Зосьцы Верас, Дануце Бічэль, заснавальніцы яўрэйскага тэатра Эстэр Рахіль Камінскай і іншым. Сёмы раздзел з назвай "І працу сваю любіла", з якога мы знаёмімся з яе любоўю да сваіх студэнтаў і наадварот, з якімі было праведзена шмат літаратурных вечароў і паездак у розныя месцы, звязаныя з беларускімі літаратарамі. Пакінула сваю працу Ала Петрушкевіч 28.02.2015 года, роўна за год да гэтай прэзентацыі, хаця і зараз шкадуе, што не давяла да выпускнога курса сваіх студэнтаў.
Шмат добрых слоў пачулі прысутныя на прэзентацыі ад выкладчыкаў, у якіх яшчэ студэнткай Ала вучылася ў 1977-1981 гадах. Выступілі Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, Святлана Філіпаўна Мусіенка, Анатоль Брусевіч, першая кніга якога выйшла яшчэ падчас вучобы ў школе і на прэзентацыі якой мне давялося прысутнічаць. Студэнты чыталі вершы, спявалі песні, асабліва Дзіма і Альжбета Даўгаполікі. Некалькі песняў прагучала пад гітару ў выкананні Ірыны Мамуль. На кнізе, якую я набыў, аўтарка пакінула аўтограф: "Спадару Міколу, які бываў у той Лясной хатцы, які ведаў яе гаспадыню, пра якую пішу і ў гэтай кнізе".
Напрыканцы аўтарка выказала сваю згоду выступіць перад студэнтамі нашага ўніверсітэта і думаю, што, калі такая сустрэча адбудзецца, яна стане падставай дня новага матэрыялу.
https://www.ggau.by/febu/news/2641-prezentatsyya-knigi-aly-petrushkevich-litaraturazna-tsy-paetki-prazaika#sigProId70fb17576d