З вандроўкі па Кыргызстану Зміцера Веліча - нашага выпускніка ЗІФа

Былы выпускнік ЗІФа на фоне гор Кыргызстану

Зміцер добра запамятаўся мне з часоў сваёй вучобы, за якія ён паспеў перачытаць амаль усе кнігі з маёй прыватнай бібліятэкі. Прыходзіў, адбіраў штук 15 адразу, а недзе праз месяц аддаваў і набіраў новых. Яго цікавасць да напісанага ў кніжках працягваецца і зараз праз вандроўкі па свету, якія здзяйсняе падчас штогадовага адпачынку. Такіх вандровак у Зміцера было шмат і думаю, што нашым чытачам будзе цікава пазнаёміцца з тым, што і дзе ён пабачыў, а яшчэ з тым, як можна вандраваць з мінімальнымі грашовымі выдаткамі. Зміцер дазволіў пакарыстацца яго матэрыяламі, змешчанымі ўжо на  адным з сайтаў. Паколькі яны вандравалі аўтаспынам удвух з Русланам Гарбачовым, матэрыял будзе выкладзены ад імя Руслана.

Вандроўка ў Сярэднюю Азію абяцала шмат прыгод. Хаця б таму, што яшчэ па дарозе ў мінскі аэрапорт я згубіў (альбо ў мяне скралі) усе мае грошы – больш за 300 у.е. Не спіце ў паўпустых аўтобусах, што ідуць у аэрапорт! Кіроўца, якога я нагнаў, сказаў, што грошай не бачыў і не знаходзіў. Часу разбірацца не было – заставалася 40 хвілін да адлёту. Праз паўгадзіны на душы стала спакойна – азіяцкія рабаўнікі мне цяпер не страшныя! Квіткі туды і назад даўно набыты, для начлега ёсць намёт і спальнік, а грошы на харчаванне можна ўзяць у сябра.

У сталіцы Кыргызстана Бішкеку, куды мы прыляцелі, нас сустрэла Аіда – журналістка, з якой мы пазнаёміліся падчас паездкі ў Германію для прадстаўнікоў СМІ былога СССР. Яна адна з нешматлікіх прадстаўнікоў адукаванай моладзі, хто яшчэ жыве на радзіме. Сярэдні заробак у Кыргызстане па розных ацэнках вагаецца ад 60 да 120 доллараў...  Але на радзіме Аіда будзе яшчэ не доўга – праз паўгады яна збіраецца з дачкой пераехаць у Дубаі, дзе ўжо працуе яе муж.  Мы спакойна правялі ў Аіды дзве ночы, а на трэцюю да нас прыйшоў яе свёкр. Аказалася, ён ведаў, што мы прыехалі ў Бішкек здалёк, але не ведаў, што мы начуем у Аіды і яе сяброўкі. Ветліва прапанаваў паехаць у гасцініцу. Мы ветліва адмовіліся (трэба было эканоміць грошы). Тады свёкр выклікаў сына. Эсен усю ноч праляжаў з намі – сцярог дзяўчат. Між іншым свёкр Аіды – савецкі інтэлігент, вучыўся у Маскве, а яго бацька складальнік кыргызскай энцыклапедыі. Але традыцыі ёсць традыцыі.

У Кыргызстане вельмі шануюць старэйшых. Да прыкладу, калі разліваюць гарбату, самаму маладзейшаму падаюць яе ў апошнюю чаргу. Спачатку мяне гэта здзіўляла. А пасля спадабалася: сябар Зміцер на год малодшы за мяне.  На поўначы Кыргызстана вельмі не любяць жыхароў поўдня. «Там усе махляры!», – распавядаюць нам. А пасля жаляцца: «цюльпанавую рэвалюцыю» у 2005 годзе, калі быў зрынуты Аскар Акаеў, а да ўлады прыйшоў Курманбек Бакіеў, правялі марадзёры з Оша! З тых размоў, што мы мелі з людзьмі ў розных частках краіны, можна зрабіць выснову: пасля рэвалюцыі лепш у Кыргызстане не стала. Горш таксама. Але Аскара Акаева, якім, як хацела, круціла яго бліжэйшае атачэнне, у Бішкеку шануюць: ён (як навуковец) і пісьменнік Чынгіз Айтматаў з’яўляюцца самымі вядомымі ў свеце кыргызамі.  Калі выязджалі з Бішкека, бачылі на доме вялікі плакат Бакіева з Аляксандрам Лукашэнкам. Бакіеў, відаць, ганарыцца такім знаёмствам. На Поўначы яго не любяць. Кажуць, што ён заплаціў жыхарам поўдня за тое, каб яны прыехалі ў Бішкек і зрабілі рэвалюцыю. А пасля перамогі забіў усіх, у каго пазычаў грошы, у тым ліку і «аўтарытэтнага» дэпутата.

Мы на паўдарозе паміж Бішкекам і паўднёвай сталіцай краіны Ошам. Падвозіць прадпрымальнік з Таласу. Ён жа – дзядзька срэбранага прызёра Алімпіяды-2008 барца Каната Бегаліева. «У Таласе адны бандыты! У часы Саюзу мы былі ў пяцёрцы самых крымінальных гарадоў. У нас нядаўна забілі чалавека за 500 сом (12 долараў – С.)! – ганарыцца кіроўца. – У Маскве кіллеры, рэкіцёры з Кыргызстана – усе нашы!» Пасля гэтых слоў наш новы знаёмы настойліва запрашае ў госці. Мы ўсё ж такі адмаўляемся. «Ну, тады прыязджайце ў наступным годзе! Я вас на Іссык-куль зважу, пазнаёмлю з бандытамі», – шчыра прапануе ён нам. Разам з новым кіроўцам пабывалі ў юрце, што стаяла ў полі каля ракі. Многія кыргызы працягваюць весці качавы лад жыцця, але выкарыстоўваюць і здабыткі цывілізацыі. У тым месцы, дзе мы апынуліся, ужо робіца халодна (за некалькі дзён да нас нават выпадаў снег), і па просьбе ўладальніка статка авечак кіроўца збіраецца перавезці яго юрту на зіму ў больш цёплае месца. Коней для гэтай мэты ўжо не выкарыстоўваюць. Перамовы праходзілі за сталом, куды запрасілі і нас. Пачастунак быў традыцыйным: аладкі, гарбата, смятана, масла і кумыс.  Кукурузу ў Кыргызстане збіраюць уручную. То бок косяць і пасля складаюць у копы, як сена. Сельская гаспадарка тут цалкам прыватная. Кожны стараецца як можа.

За ўсю вандроўку па Кыргызстане нас падвозіў толькі адзін рускі. Праехалі хвілін пяць, як ён расказаў: «У гэтым пасёлку нядаўна мітынгі праходзілі. Курды згвалцілі рускую дзяўчынку. Рускія аб’ядналіся з кыргызамі і пачаліся пагромы». Але гэты выпадак хутчэй выключэнне з правіл. Многія любяць паўтараць лозунг распаўсюджаны былым прэзідэнтам Акаевым: «Кыргызстан – наш агульны дом». Рускіх («русакоў» як тут кажуць) у Кыргызстане не чапаюць. Але яны як з’язджалі, так і з’яджаюць.

Гара Арсланбоб вядомая дзвумя рэчамі: вадападамі і натуральнымі арэхава-пладовымі лясамі. Вадападаў два. «Маленькі», каля якога мы паставілі намёт, мае вышыню 40 метраў. Грэцкіх арэхаў у нас пад нагамі валялася шмат, але аказалася, што з’есці іх немагчыма: спачатку трэба высушыць. Мясцовыя жыхары жаляцца: грэцкія арэхі насамрэч павінны называцца «кыргызскімі» – грэкі прывезлі на радзіму гэтае дрэва менавіта адсюль. Мясцовая папса на рускай мае свой асаблівы каларыт. «Кайфуем. Сегодня мы с тобой кайфуем…», – песня пра каханне; «Поймали под кайфом, судили под кайфом, в Магадан без кайфа», – мясцовы шансон. Адчуваецца, што Кыргызстан ляжыць на шляху наркатрафіка з Афганістана ў Расію. Але ёсць, канешне, і іншая музыка. «Город 312» аказваецца з Бішкека (312 – гэта тэлефонны код сталіцы Кыргызстана).

На поўдні ўсе нам вельмі рэкамендуюць базар у Ошы. «Там ёсць усё – танная вопратка, фрукты, наркотыкі…», – раіць адзін з кіроўцаў.  На базары мы пабывалі. У якасці сувеніраў набылі нацыянальныя цюбецейкі. Вечарам разгарнулі іх і ўбачылі надпіс – «Made in China». Аўтаспын у Кыргызстане аказаўся вельмі лёгкім. Наступную машыну, кіроўца якой пагаджаўся нас падвезці далей (альбо бясплатана, альбо за сімвалічную плату), не прыходзілася чакаць больш за 15-20 хвілін. Так мы праехалі 1 600 км. Але ўжо каля самай мяжы з Таджыкістанам нас чакала жорсткае выпрабаванне. Пасля перавала Талдык (3 600 м) дарога раздвайвалася: адзін шлях вёў наўпрост на Душанбэ, другі – на Харог праз горную сістэму Памір. Там нас чакала самая высокая кропка былога Саюзу: пік Ісмаіла Самані (пік Камунізму) – 7 495 м.

На дарозе на Харог пры шквалістым ветры і тэмпературы не болей за +10 градусаў (гэта пры тым, што ў Ошы ўчора было +30!) мы прастаялі цэлы дзень. За гэты час каля нас праехала толькі 4 машыны! Усе яны ехалі бітком…  Мы прамёрзлі і вырашылі: назаўтра паедзем усё-ткі адразу на сталіцу Таджыкістана. Ды і мясцовыя жыхары раілі – на Харог лепш не ехаць, там барадатыя баявікі з аўтаматамі. Другі дзень дзіўлюся, чаму аблокі вісяць так блізка да нас – да іх, здаецца, можна дацягнуцца рукой. Сябар нагадвае – мы на вышыні 3 400 метраў. Воку страшэнна не хапае зеляніны. Я ўжо не кажу пра лес. Такое адчуванне, што мы на краю Зямлі.

Прыйшлі на кыргызска-таджыкскую мяжу. Памежнікі адразу адправілі нас да свайго начальніка. А ён кажа: прапусціць вас не магу, гэты пераход не міжнародны, а толькі для кыргызаў і таджыкаў, едзьце лепш на Харог. Начальнік відавочна хацеў грошай. Мы прыкідваліся, што не разумеем, і ўвогуле мы самі студэнты, і ў нас акрамя намёта, дзе мы начуем, нічога няма. Начальнік, паглядзеўшы на нашы рэчы, гэтаму паверыў. Нас прапусцілі. А на заўтра на таджыкскім баку расказалі, што звычайна людзі сыходзяць ад яго як мінімум без мабільнага тэлефона.  Праз мяжу нас прапусцілі, але ўжо цямнела, а да таджыкскіх памежнікаў трэба было шлёпаць яшчэ больш за 10 км. «Лепш бы вы вечарам не хадзілі… Ваўкі тут у нас»,– параілі мытнікі. Сумнявацца не прыходзілася: вакол ні душы і адны горы. Намёт нам дазволілі паставіць праз 2 км каля блокпаста. Мы асвоіліся. Папрасілі вады. Нам прыняслі. Папрасілі салдата з аўтаматам сфатаграфавацца. Нам адмовілі: гэта ўжо было за мяжой гасціннасці. Дождж ішоў усю ноч і ўрэшце заліў наш намёт. Салдаты пусцілі нас у гаспадарчы будыначак. На світанку аказалася, што мы ў старым танку.

Падлічылі з сябрам: за 8 дзён знаходжання ў Кыргызстане мы патрацілі на дваіх трохі менш за 60 долараў. Няшмат, улічваючы тое, што акрамя ўсяго мы адпачылі на знакамітым возеры даўжынёю ў 180 км Іссык-куль і пераадолелі чатыры перавалы заходняй і цэнтральнай часткі горнай сістэмы Цянь-Шань. Дзякуй кыргызам за гасціннасць.

Далей фотарэпартаж краявідаў  з вандроўкі па Кыргызстану без усялякіх каментарыяў пад фотаздымкамі:





Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда

Наш адрес

Русский Беларускі English Español Türkmen dili 格罗德诺国立农业大学
  • Республика Беларусь
    230008 г. Гродно ул.Терешковой, 28
  • Тел./Факс: +375 (152) 62-36-30
  • ggau@ggau.by
Мы используем cookies
Сайт использует файлы cookies. Оставаясь на этом сайте, вы соглашаетесь с условиями использования файлов cookies.