Палічыў дарэчным змясціць падобную інфармацыю на сайце ГДАУ, паколькі, не толькі я, але і шмат іншых выпускнікоў Жарабковіцкай школы Ляхавіцкага раёна працягвалі вучыцца ў сценах нашага універсітэта і працуюць на вёсцы. Нават старшыня СВК “Жарабковічы” Віталь Іванавіч Бусько і той вучыўся на зоаінжынерным факультэце на адным курсе з дэканам аднаіменнага факультэта (з гэтага года біятэхналагічнага) Яўгенам Альбертавічам Добрукам, а таксама старшынёй СВК “Верцялішкі” Васілём Афанасавічам Рэвякам.
Упершыню ў гэтым годзе святкавалі ўгодкі школы, якіх не адзначалі ні праз 50, ні нават праз 100 год існавання яе ў Жарабковічах. І павінна, думаю, у тым кніга аб вёсках калгаса “Беларусь”, якую пад кіраўніцтвам мясцовага настаўніка гісторыі Уладзіміра Лаўрэнава напісалі былыя выпускнікі школы, якія сталі блізкімі да літаратурнай творчасці. Гэта Аляксандр Таранда - намеснік галоўнага рэдактара газеты “СБ”, карэспандэнты - Ваня Ждановіч, Аліна Барташэвіч, Аліна Мікуліч, Вольга Бычкова, навукоўцы - Мікалай Гуліцкі, кандыдат філалагічных навук, Аляксей Мікуліч, доктар біялагічных навук, Васіль Шагун, кандыдат тэхнічных навук, Іван Юруць, кандыдат матэматычных наук, Аляксей Арэшка, доктар хімічных навук, Іван Антановіч, доктар філасофскіх навук, які працаваў у свой час міністрам культуры, Міхаіл Мінкевіч, які 16 год працаваў міністрам асветы Беларусі… Кніга “Ёсць край такі…” выйшла ў 2003 годзе на 425 старонках. Пару артыкулаў для кнігі па генеалогіі, а таксама гістрыі суполкі Зарытаўскіх пратэстантаў былі напісаны і мной.
На вясковым сходзе 29 жніўня 1900 года было вырашана адкрыць у Жарабковічах аднакласнае вучылішча, бо бліжэйшае знаходзілася ў Ляхавічах – за 13 км. Навучанне ажыццяўлялася ў непрыстасаваных хатах аднавяскоўцаў. У 1907 годзе было пабудавана спецыяльнае памяшканне для вучылішча. У 1926-1927 гадах у ім выкладалася нават беларуская мова, якая пазней была забаронена польскімі ўладамі. У 1940 годзе пачатковая школа была пераўтвораная ў сямігодку, а ў 1956 – у сярэднюю. Так сталася, што 1 верасня 1964 года я пайшоў у першы клас ужо ў новы двухпавярховы будынак школы, пры якой быў пабудаваны інтэрнат для дзяцей з навакольных вёсак. Узровень навучання быў высокім, выкладчыкі ўсіх прадметаў – выдатнымі педагогамі. Калі я заканчываў школу, памятаю, што ўжо тады лік тых, хто паступіў далей у БДУ дасягаў 45 асоб. Шкада, што на юбілейнай вечарыне не прагучала сучаснага стану паступлення. Нехта адзначыў, што аднаго году паступілі ў ВНУ ўсе выпускнікі школы.
Сіламі сучасных школьнікаў быў арганізаваны канцэрт, мультымедыйнае прадстаўленне з гісторыі школы, яе выпускнікоў. На сцэну Дома культуры падымаліся выпускнікі юбілейных выпускаў з інтэрвалам у пяць гадоў. Шкада, з маім выпускам на год прамахнуліся, ды і з 44 чалавек, якія вучыліся ў двух паралельных класах і закончылі школу ў 1974 годзе, на святочную вечарыну прыйшлі толькі тры. Намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Канстанцінавіч Крук падараваў для школы кампутар, старшыня СВК “Жарабковічы” Віталь Іванавіч Бусько – мультымедыйную сітэму.
Загадчыца раяна Святлана Іванаўна Юрэвіч уручыла Ганаровыя граматы настаўнікам і ветэранам пенсіянерам, якіх не так шмат ужо і засталося. Нават мясцовы прадпрымальнік, маці 4 дзяцей Зінаіда Сідараўна Буевіч аказала школе матэрыяльную дапамогу. Заўважыў, што і выпускнікі аднаго з выпускаў сабралі нейкую суму і ў канверціку ахвяравалі яе сваёй школе. Ад тых, хто выступаў, гучалі добрыя словы ўспамінаў і ўдзячнасці ў адрас настаўнікаў: дырэктара школы – Новік Аляксея Фёдаравіча, яго жонкі, матэматыка Алены Яўхімаўны, настаўніка матэматыкі і чарчэння Турко Івана Антонаўны, яго жонкі настаўніцы пачатковых класаў і маёй першай настаўніцы Надзеі Фёдараўны, роднай сястры Івана Антонавіча Ганны Антонаўны Ждановіч, таксама настаўніцы пачатковых класаў, заслужанай настаўніцы БССР Таранда Алены Іванаўны, якая прысутнічала на свяце, выступала і нават спявала, настаўнікаў рускай мовы – Такарчык Марыі Сцяпанаўны і Штундзер Таццяны Іванаўны, беларускай - Казловай Валянціны Федараўны і завуча школы – Казлова Мікалая Аляксеевіча, настаўніцы біялогіі – Сіўковіч Вольгі Іванаўны, настаўніцы хіміі, маёй маці – Таранда Софіі Максімаўны, настаўніка гісторыі Корсака Івана Іванавіча, фізікі – Сакалоўскай Аляксандры Юльянаўны, якая была крыху маладзейшай і таму прысутнічала на свяце, філолага Шагуна Сямёна Ігнатавіча. Штосьці не прагучала прозвішча, але была выдатная настаўніца геаграфіі – Бурава Галіна Рыгораўна. Да клуба на інваліднай калысцы пад’ехаў былы настаўнік фізкультуры Шкляннік Сцяпан Іванавіч, якому грамата была ўручана на вуліцы. Прыгадваецца, як у 1971 годзе ён цэлы месяц ганяў нас на зборах у Пінску, але ж на Рэспубліканскіх спаборніцтвах школьнікаў па шматбор’ю ў Мінску мы занялі тады другое месца.
Пасля амаль 4 гадзін афіцыйнай часткі гасцям прапанавалі наведаць школу, сустрэцца з настаўнікамі. Але ж з кім там сустракацца, там жа зусім новае пакаленне іх. Тым, хто заканчваў школу ў апошнія дзесядзігоддзі, то так. І я вырашыў было падацца ўжо на сваё Зарытава як паклікаў старшыня СВК Віталь Іванавіч і прапанаваў схадзіць у школу разам. Заехалі толькі на каву да яго дахаты. Але нас вельмі хутка паклікалі ў школу, і калі адтуль выходзілі зусім сцямнела. Прайшоўся я яшчэ па Жарабковічах, па старой цэнтральнай вуліцы, па якой не хадзіў гадоў з 30. Вярнуўся ў Дом культуры, у якім мы па выхадных і святах заўсёды танцавалі да самага ранку. Нядоўга затрымаўся там і пайшоў да сваёй роднай, ужо два гады, як існуючай без гаспадароў, хаты. Не толькі сады ў гэтым годзе добра цвітуць, але ж і прыгожа спяваюць птушкі ў зарослых вясковых садах ноччу. З таго вячэрняга спаткання ў школе я зразумеў, што наступная сустрэча мабыць адбудзецца праз 5 гадоў, калі будзе адзначаны 115-гадовы юбілей.
На наступны дзень пакапаўся крыху ў агародчыку. Забраў рэшткі насеннай бульбы, каб пасадзіць яе на дачы ў Гродна. З жахам падумаў, што з такой сумкай не дайду да чыгуначнай станцыі, але тут каля мяне спыніўся шыкоўны аўтамабіль, адкуль прапанавалі сядаць і пад’ехаць. Аказалася, што за рулём быў намеснік старшыні СВК “Жарабковічы” Антон Тадэушавіч Булаты. Я адразу зрабіў выснову, што ён паходзіць з Мацылёўшчыны (быў аднакласнік адтуль з такім прозвішчам). За дарогу даведаўся, што ён закончыў таксама ГСГІ ў 1988 годзе і ведае добра нашых выкладчыкаў. Я аддаў яму сваю візітоўку і мы дамовіліся сустрэцца, калі Антон Тадэушавіч будзе на якіх-небудзь курсах у нашым універсітэце.
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
https://www.ggau.by/nowosti/548-15-110#sigProIde6b94d283e