Па старой добрай традыцыі студэнты нашага універсітэта, адзіныя сярод студэнтаў іншых гродзенскіх ВНУ, працягваюць аказваць дапамогу гаспадаркам раёна ва ўборцы ўраджаю. Думаю, што гэта звязана з тым, што гэтыя гаспадаркі выступаюць у якасці базы для студэнцкай практыкі. Ды і вялікія сады, якія мы бачым, калі едзем па дарогах, і пасадкі бульбы патрабуюць шмат ручной працы. У апошнім выпадку можна было б выкарыстаць тэхніку, але думаю, што сабраная і адсартаваная адразу ў полі бульба будзе без пашкоджанняў і больш доўга праляжыць.
Першыя два тыдні на ўборцы працавалі студэнты факультэта аховы раслін. Яны і зараз па-ранейшаму гэтым займаюцца. А будучыя ветэрынары другога курса ўзяліся за бульбу з 15 верасня і будуць працягваць працаваць яшчэ два тыдні. Сярод выкладчыкаў, якіх накіравалі на бульбу разам са студэнтамі, я аказаўся найстарэйшым. Здавалася б нават крыўдна, але гэта добрая магчымасць бліжэй пазнаёміцца са студэнтамі, з іх праблемамі. Хаця за два гады я іх і так добра ведаю – па шоу першакурснікаў, на якіх я заўсёды бываю, па конкурсе – “Міс універсітэта”, па вячэрніх дзяжурствах у інтэрнаце, ды і так часта сустракаемся ў калідорах і аўдыторыях, калі на першым курсе на нашай кафедры яны праходзяць заалогію.
На гэты раз на працу павінны былі паехаць 120 студэнтаў з ветэрынарнага факультэта. Ды ўжо стала традыцыяй, што усімі праўдамі і няпраўдамі шмат хто з іх становіцца цяжка хворым і непрыгодным да працы. Не ведаю колькі ўсяго з’явілася студэнтаў, але далёка не ўсе. Накіравалі нас працаваць у СПК “Кастрычнік” у 4 месцы. Я паехаў ў 4 брыгаду разам з 8 і 9 групамі, якія вучацца пасля тэхнікумаў ці коледжаў, і 7 групай звычайных студэнтаў. Бульба ў гэтым годзе парасла вялікай. Не ўся яна змясцілася ў глебе - павылазіла на сонца і пазелянела. Ў гандаль яе не пусціш, для насеннай яна завялікая, таму і кідаюць усю такую бульбу ў дробную. Такім чынам, перш чым разабрацца куды яе накіраваць, трэба пашавяліць мазгамі. А шмат хто з 7 групы бачыў як капаюць бульбу ўпершыню. Таму, каб дапамагчы тым, хто адстае, давялося і мне падключыцца ў працу і насіць на машыны кошыкі (пластмасавыя) з бульбай. Гэта добра выратоўвала і ад халоднага ветру, які гуляў па полі. Усе чакалі, калі прывязуць паесці. Трэба аддаць належнае, машына з’явілася як і абяцалі апоўдні. Адразу ж да яе выстраілася чарга. На першае быў смачны суп і нехта з дзяўчат выказаўся – “калі б такі, ды дома мог атрымацца”. На хлеб густа намазвалі гарчыцу. На другое давалі макароны з сасіскамі, а да іх палавіну памідора (я быў бы не супраць, калі б ён быў і цалкам). Зноў чарга, хаця студэнты і прапаноўвалі мне пралезці без яе, прыстроіўся ў самым канцы. Дзяўчына, якую клічуць Юляй і з якой мы завочна пасябравалі на сайце “Вконтакте”, дзе ёсць група нашых ветфакаўцаў, якая налічвае больш за 90 асоб, сфатаграфавала мяне ў хвасце чаргі за атрыманнем другога. І нарэшце, булачка з вялікім алюмініевым кубкам салодкага чаю. Паелі добра, але ніхто пэўна ж не адмовіўся б ад дабаўкі.
Пасля абеду атрымаўся невялікі перапынак. Калі я падышоў сфатаграфаваць чаргу дзяўчат каля туалета, яны засаромеліся і разбегліся. Фота гэтай пабудовы я змяшчаю на сайце, каб нашы выпускнікі, у тым ліку і Аркадзь з Ізраілю, пабачылі сучасны палявы сэрвіс. Адпачываць схаваліся ад ветру ў скірдзе саломы. Адразу ж, як тыя куры, пазалазілі наверх, але пад’ехаў аграном, наш яшчэ зусім нядаўні выпускнік, і пазганяў, спаслаўшыся на тое, што гэта парушэнне тэхнікі бяспекі і адказваць прыйдзецца яму. Паслухаліся. З 14 гадзін працу працягвалі, але старэйшыя бухцелі, што без 7 групы яны выканалі б тую ж самую норму хутчэй. Нават патэлефанавалі ў дэканат і дамовіліся, каб НІСПА ў будучым працавалі сваім асобным калектывам. Яны маюць рацыю, бо атрымаюць большую зарплату. Два дні я не паеду на бульбу. Акрамя заняткаў, з Вадзімам Дуброўскім нам трэба завяршыць да 20 верасня навуковую студэнцкую працу на рэспубліканскі конкурс. Шмат хто са студэнтаў ФВМ летам працавалі ў Каробчыцах на базе адпачынку нашага мясакамбіната. На жаль, у іх не было фотаапаратa і нельга паказаць тую працу. З размоў я зразумеў, што асобныя, хто працаваў 2 месяцы, атрымалі па паўтара мільёна. Каталіся на конях, зламалі нават воз. Наколькі ведаю, Захар Шапікаў купіў сабе камп’ютар і падключыўся да інтэрнэту. Але ён, акрамя вучобы, прычым не дрэннай, яшчэ недзе і працуе вечарамі.