На адкрыццё новага фантана на праванаберажнай Нёмана трапіць не давялося. Свой агляд нацыянальных падворкаў пачаў з парка Жылібера. Толькі што выступілі прадстаўнікі Індыі у сваіх нацыянальных строях. Нейкі прафесійны фатограф пастроіў іх сфатаграфавацца ў цянёк за сцэнай, чым я і скарыстаўся. І тут пачалі з пляцоўкі выскокваць вельмі жвавыя і радасныя хлопцы, падобныя да туркменаў, якія вучацца ў аграрным універсітэце. З нашых там аказаўся толькі адзін, які прадставіўся як Пермес. Сфатаграфаваліся і нашы ўдзельнікі, якія прызналіся, што яны тут танцуюць за эквадорцаў.
Канцэрт на пляцоўцы ў парку працягваўся, сярод гледачоў шмат тыповых іншаземцаў. І не зразумееш адразу, хто тут пражывае стала, а хто прыехаў для ўдзелу ў фестывалі. Па ўсім парку былі размешчаны вырабы народных майстроў, якія можна было і набыць. Так раней і рабілі – у мяне ў хаце ладныя калекцыі розных збаночкаў ды свісцёлак, набытыя ў розныя часы. У гэты раз сямейныя фінансы спелі рамансы і закончыліся. Даводзілася толькі глядзець і ні да чога не кранацца. У парку гралі і спявалі розныя калектывы народных музыкаў з Воранаўскага, Карэліцкага ды іншых раёнаў. Каля будынка тэатра лялек спяваў прадстаўнік Кітая, пасля чаго вядучая падзякавала за цёплы прыём і да 15 гадзін артысты адправіліся на перапынак. Нехта выступаў і на плошчы Леніна, але я спяшыў, бо трэба было трапіць на дзень народзінаў хроснага сына аж на Соламавай. Далей па дарозе спяваў хлопец з Аўганістану, на Віленскай – выступалі карэйцы. Заглянуў ў падворак грэкаў на вуліцы Ажэшкі, адкуль чулася нацыянальная музыка і нейкая група ад грэкаў выконвала танец сертакі. Каля універмагу вялікі натоўп сабралі цыганы, на пляцоўцы якіх, як даведаўся, выступаў міністр культуры Беларусі.
На пляцоўцы па вуліцы Тэльмана спявалі напэўна башкіры, а вадзілі хараводы чувашы, прычым, гродзенскія. Хацелася адшукаць падворак галандцаў. Ён аказаўся ў двары адрэстаўраванага будынка, што прыстае да ўнівермагу. Будынак рэстаўравалі 30 гадоў, пасля чаго знеслі і адбудавалі ад нуля. На выступ глянуць не давялося, усе артысты пілі піва, хтосьці фатаграфаваўся з галандскім індэйцам (так мне здалося). І толькі сёння, 7 чэрвеня на месцы іх стаянкі, я заўважыў драўляны каўчэг. Мабыць пакінулі, каб праз два гады вярнуцца ў Гродна на чарговы фестываль нацыянальных культур. Нехта ўкантакце пракаментаваў, што галандцы былі надта ж вясёлымі. Наступны падворак у нейкім старым дворыку належаў азербайджанцам. Трапіць туды было не так і проста. Прарваўся. Выступленні працягваліся, а народ стаяў у чарзе ў чайхану. Спаткаў двух дэканаў – Аляксандра Анатольевіча і Людмілу Сяргеяўну, якія прадстаўлялі завочнае аддзяленне і факультэт ветэрынарнай медыцыны. Далей быў рускі падворак каля тэатра Гродна. Мяне вельмі здзівіла ўкраінская песня ў выкананні калектыву ну зусім не рускім нацыянальным строі. Нехта патлумачыў, што гэта былі артысты з Кобрынскага раёну. За помнікам маршалу Сакалоўскаму, на месцы, дзе звычайна выстаўляюць на продаж свае творы гарадзенскія мастакі размясціліся ўкраінцы. Столькі нацыянальнай вышыўкі, я яшчэ не бачыў ніколі. Вочы шукалі ручнікі з пеўнямі, а раптам гэта быў бы той самы ўзор, які калісьці яшчэ да рэвалюцыі мой дзед Максім Барташэвіч прывёз сваёй маці ў падарунак з Украіны, дзе служыў у войску. А было гэта яшчэ да яго трохгадовага нямецкага плену, і да таго, як у 1919 годзе вёска, падпаленая палякамі поўнасцю згарэла. І засталіся ад таго ручніка толькі ўспаміны…
Далей, на жаль, не ўзяўшы крыху правей на вуліцу Замкавую, дзе мог бы пазнаёміцца з падворкамі габрэяў ды немцаў, ці на тэрытоі Старога і Новага Замкаў з падворкамі літоўцаў і палякаў, я прайшоў да драматычнага тэатру, на пляцоўцы перад якім выступалі беларусы, а дакладней народны ансамбль песні і танца “Нёман”. Але самым дзіўным была прысутнасць тут самога гродзенскага кампазітара Яўгена Петрашэвіча, які, калі пабачыў, што буду фатаграфаваць, адразу дастаў сваю дудачку, магчыма тую, з якой мы былі на гастролях у Венгрыі яшчэ ў 1977 годзе. Фотаздымак атрымаўся адмысловым. Праходзячы на левы бераг “Нёмана” праз мост зрабіў яшчэ некалькі здымкаў старажытных помнікаў Гродна. Даўно марыў аб уласных фотках касцёлаў, Замкаў, тэатра – атрымаліся. Вечарам разам з дзецьмі накіраваліся на канцэртную праграму на Савецкай плошчы і дачакаліся салюту, які адбыўся спачатку ў райне плошчы Жылібера, а пасля – плошчы Савецкай. Колькі грошай з гарадской казны паляцела ў паветра за два дні, але ж столькі было радасці і вяселля на тварах гаражан і гасцей горада.
Наступным днём мы спазніліся на падворкі для адведвання нацыянальнай кухні і ўжо думалі, што прадстаўнікі нацыянальных суполак паляніліся што-нібудзь гатаваць на фоне прадстаўніцтва гандлёвых радоў ад розных аб’ектаў харчавання Гродна. Але ж не, якраз у час, гадзін каля 11 з ранку ўсіх частавалі стравамі нацыянальных кухняў на плошчы Леніна і нават задарма. На тэрыторыі парку Жыліберы разносіўся пах шашлыкоў, усюды стаялі чэргі і як добра, што ў такую спякоту можна было папіць піва, хай сабе нават і Лідскага. Свята ўдалося. Як і ў папярэдні дзень мы сустракалі паўсюль знаёмых, як студэнтаў, так і выкладчыкаў нашага універсітэта. Салюту ўжо не было, бо закрыццё фестывалю адбылося ў 17.30. Далей мой фотарэпартаж з 2 і 3-га дзён фестывалю.
Матэрыял падрыхтаваны
дацэнтам кафедры
мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда