Працяг нашых кантактаў па запланаванаму праекту, які звязаны з Аўгустоўскім каналам, павінен быў адбыцца падчас прыезду адказнага прадстаўніка з польскага боку – Марціна Бэкты. Акрамя абмеркавання пэўных пытанняў, якія тычацца бюджэту нашага агульнага праекту, Марцін планаваў прывезці сваіх студэнтаў-дыпломнікаў, што пішуць дыпломныя працы на тэмы, якія звязаны з турыстычнымі магчымасцямі Беларусі.
Наколькі я зразумеў, у аднаго тэма звязана з Навагрудскім замкам, у другога з Гародняй, у трэцяга з турыстычнымі аб’ектамі Мінска. Пасля штодзённай перапіскі, з нашага боку былі накіраваны запрашэнні, як у адрас іхняй навучальнай установы, так і ў адрас беларускага пасольства ў Варшаве. У пасольстве ўлічылі, што паездка доктара Бекты і чатырох студэнтаў адбываецца ў рамках падпісанай дамовы паміж ГДАУ і Акадэміяй гуманістычнай імя Аляксандра Гейштара, і выдалі для іх дармавыя візы. Супрацоўнікі аддзела замежных сувязяў нашага універсітэта Дзіна Міхайлаўна Марозава і Павел Уладзіміравіч Барадзін вельмі аператыўна выдалі гасцям спраўкі замест пашпартоў, якія трэба было здаць для рэгістрацыі, паколькі госці прыхалі на тэрмін большы, чым тры дні. Мне трэба было правесці яшчэ пару заняткаў, і таму, я папрасіў у студэнцкім прафкаме аб дапамозе. Жэня Ляўчук узяўся ўладкаваць на нашу стаянку аўтамабіль, а таксама пасяліць гасцей ў новым інтэрнаце аграрнага універсітэта. Як аказалася пазней, яны былі вельмі задаволены тымі ўмовамі, якія былі прадастаўлены. За інтэрнат не трэба было нічога плаціць. І тут трэба адзначыць, што калі гэта госці універсітэта, то яны заўсёды карыстаюцца пэўнымі ільготамі. На гэты раз мы не аплочвалі харчаванне і перамяшчэнне (думаю, што ў сувязі з тым крызісам, які пашыраецца ва ўсім свеце).
Жэня прывёў гасцей да чыгуначнага вакзалу, дзе мы і спаткаліся. Студэнты загарэліся жаданнем паесці чабурэкаў. Па дарозе мы знаёміліся з вячэрнім горадам, з яго кавярнямі і барамі, абыйшлі ўсе кропкі па вуліцы Ажэшкі, затым па Савецкай і нідзе не знайшлося для нас шасці месцаў. Вярталіся назад з надзеяй хаця бы пабываць у армянскай кухні, але да нас вельмі добра паставіліся ў бары на Тэлеграфнай. Заказалі нацыянальную мачанку з каўбасой пальцам пханай ды дранікамі. Вячэрай засталіся задаволеныя і пайшлі адпачываць, паколькі раніцай на цягніку ад’яжджалі ў Мінск. Нехта ім праводзіў там экскурсію, а прафесар, якую называлі Святланай, рыхтавала абед і частавала іх у сваёй кватэры. Вярнуліся з Мінску стомленыя і ўсю нядзелю адпачывалі ў інтэрнаце. І толькі вечарам павандравалі па горадзе. У панядзелак зранку пабывалі ў польскім консульстве, дзе, заадно, Марцін дамовіўся аб правядзенні ў студзені 2009 года на базе ГДАУ прэзентацыі нашай сумеснай кнігі аб Аўгустоўскім канале, якая выйшла ўжо ў другім выданні. Пазнаёміліся са студэнтам універсітэта імя Я.Купалы Аляксеем Каламійцам, з якім зрабілі вандроўку на Аўгустоўскі канал. Мы скінуліся ўсе разам і заказалі бусік, якім кіраваў наш даўні знаёмы Валодзя, які летам 2007 года цэлы тыдзень вазіў гасцей – студэнтаў з Варшавы, таксама практыкантаў, па Гродзенскай вобласці. На гэты раз мы пабывалі амаль на ўсіх аб’ектах канала. Надвор’е выдалася якраз, як па замове – сонечнае. Вячэраць прыйшлі да мяне дахаты. Жонка, ад’язджаючы з выхадных на курсы ў Мінск, на нас дваіх з Мікітам нарыхтавала ежы столькі, што яе хапіла бы на значна большую колькасць гасцей. На наступны дзень сарвалася запланаваная сустрэча ў абласным камітэце па турызму, але затое Аляксей арганізаваў экскурсію па Гродзенскіх замках. Госці пабачылі тое, чаго і я ні разу не бачыў, хаця столькі гадоў пражыў у Гродна. Шкада, але мне зноў трэба было праводзіць заняткі. Сустрэліся мы толькі вечарам на плошчы каля помніка Леніну. Польскія дзяўчынкі стаміліся і адпачывалі, а вось хлопцы скарысталіся гэтым. Да нас падыйшлі шэсць гарадзенскіх прыгажунь, якія забралі Марціна (спадзяюся, што гэты матэрыял не прачытае яго жонка) і яго студэнтаў на дыскатэку. Зранку, 3 снежня мы яшчэ спаткаліся з імі і я перадаў апошнія зборнікі навуковых прац, у якіх былі артыкулы навукоўцаў з Акадэміі гуманістычнай (Пултузк) і SGGW (Варшава). Сам жа я збіраўся на семінар у Вільню па эканамічнаму меніджменту, які быў прысвечаны якраз праграмнаму забяспячэнню распрацоўкі бюджэтнай часткі такіх праектаў, якім мы займаемся сумесна з Варшавай. Надвор’е ў Вільні было не надта добрае, і таму я не рабіў фотаздымкаў, каб не бачыць самы любімы горад, у якім раней бываў ці не кожныя выхадныя, сумным.