У папярэдні дзень больш менш пазнаёміліся з нашымі калегамі з каледжаў. З асобнымі прадстаўнікамі аграрных сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў разам вучыліся на педфаку ў БАТУ гадоў з 10 назад. Таму вырашыў зрабіць іх агульны фотаздымак, каб ведаць дзе і хто. Але на гэтым справа і спынілася і мы адправіліся ў СВК “Васілішкі”, які як і СВК “Айчына” развіваецца хуткімі тэмпамі, бо шэфам у іх з’яўляецца Нацыянальны Банк Беларусі. Толькі падчас паездкі я зразумеў, што ў галоўнага банка такая гаспадарка ёсць у кожнай вобласці.
Гэта вельмі добрая задума, бо перад такім эксперыментам былі паўсюдна аб’яднаныя не самыя лепшыя гаспадаркі, аб чым заўсёды сведчаць тыя хаткі, якія на шчасце захаваліся. Бо мяне заўсёды даймае настальгія па той вёсцы, якую памятаю са свайго найранейшага дзяцінства, але якую знеслі, каб пабудаваць планавую ды камфортную. Усё роўна ж яна штогод губляе зараз сваіх насельнікаў. Гэты працэс пакуль па Беларусі не спыніць, але ў будучым захаваюцца аграгарадкі, якія стануць цэнтрамі такіх буйных гаспадарак. Зямля не застанецца без уладальнікаў і будзе апрацаваная дзякуючы навейшай тэхніцы, якая выйдзе на палеткі.
У Васілішках чакалі начальства, любаваліся краявідамі пасёлку, драўлянымі мосцікамі, заможнымі будынкамі. І вось ужо з намеснікам старшыні СВК Іванам Феліксавічам Клімашэўскім мы накіроўваемся на мехдвор гаспадаркі, якая мае багаты і разнастайны аўтапарк. Па дарозе ён дае кароткія звесткі, папярэджваючы, што больш падрабязна ўсё гэта мы пачуем ад старшыні СВК. Пакуль Уладзімір Часлававіч Серэхан пад’ехаў, госці пахадзілі па тэрыторыі механізаванага двара, пазнаёміліся з камбайнамі, як замежнай вытворчасці, так і айчыннай. Мне асабіста падумалася - хочаш заваліць сельскую гаспадарку, застаў купляць толькі сваю тэхніку. Мы тут падзівіліся на новы раскідвальнік вадкіх арганічных угнаенняў, з працай якога пазней пазнаёміліся ў полі, пашчупалі машыну для ранне вясенняй падкормкі азімых на мяккіх калёсах, якая можа лёгка выцягнуць з балота двух дастаткова цяжкіх жанчын, калі туды патрапяць. Прыехаў старшыня і запрасіў у канферэнцыйную залу на тэрыторыі майстэрняў. Пакуль усядаліся да Уладзіміра Часлававіча па мабільнаму паступілі некалькі званкоў, ды і на працягу сустрэчы ён таксама вырашаў важныя пытанні па тэлефоне. Таму размова адбывалася ў такой нязмушанай вольнай абстаноўцы.
Даведаліся, што памеры гаспадаркі вялікія – 18000 га сельскагаспадарчых угоддзяў, 14400 га раллі. Таму тут утрымліваецца 13000 галоў буйной рагатай жывёлы, з якой 6 тысяч дойнага статку. Плануецца павялічыць колькасць свіней на адкорме з 50 да 85 тысяч галоў. Для такой колькасці жывёлы патрэбна шмат кармоў і таму старшыня СВК дзяліўся з навукоўцамі сакрэтамі загатоўкі сена, сіласу, зерне-сенажу, расказваў, як арганізуецца інтэнсіўнае правяліванне траў, якія бактэрыяльныя закваскі выкарыстоўваюцца пры загатоўцы кармоў. У Францыі гаспадарка закупляе племянных мясных свіней, у якіх шпік бывае толькі да 12 мм. Шкада, але з дзяцінства я так люблю сала…Шмат аб чым яшчэ мы пачулі падчас паездкі, але ж і паглядзелі на тэхніку, якая працуе на апрацоўцы глебы, уборцы буракоў і кукурузы на зерне, на пасеве азімых…Усё гэта здымалася на відэа і будзе выкарыстоўвацца падчас лекцый не толькі нашымі выкладчыкамі, але і выкладчыкамі каледжаў. Хіба ж можна на Віцебшчыне пабачыць тэхніку, якую выкарыстоўваюць на прасторах Гарадзеншчыны?! Таму, я думаю, падобныя матэрыялы для выкладчыкаў адтуль будуць вельмі актуальнымі. Нельга не адзначыць, што гасцей у канцы канцоў адвезлі ў сталоўку і вельмі смачна пакармілі. На халяву! Дзякуй і старшыні і яго намесніку за магчымасць пазнаёміцца з навейшымі сучаснымі тэхналогіямі ў аграрным сектары. На наступны дзень планавалася паездка ў СВК “Астрамечава”, аб якой можна даведацца з матэрыялу, падрыхтаванага Сяргеем Стуканавым. Аб тым, што пабачылі ў “Васілішках” - фотарэпартаж.