Пасля канферэнцыі, а затым і урачыстай часткі, не толькі госці, але і свае супрацоўнікі сабраліся на вячэру ў студэнцкую сталовую, калектыў якой з прыгатаваннем страў справіўся як належыць. Як бы там хто не гаварыў, але нефармальнае сумоўе мае таксама важнае значэнне для абмену думкамі, планамі на далейшыя кантакты паміж спецыялістамі ветэрынарнай службы і навукоўцамі, як суседніх краін, так і далёкага замежжа.
А на наступны дзень была вандроўка па Аўгустоўскім канале, пад час якой не толькі госці, але і асобныя выкладчыкі ўніверсітэта ўпершыню змаглі адчуць, што такое шлюзаванне, ды не адзін, а нават два разы. Бо паплавалі на цеплаходзе ў абодва бакі ад шлюза Дамброўка. Ды і надвор’е выдалася якраз найвыдатнейшае. А шашлыкі адведалі на адным з прыпынкаў, на якім ні разу дагэтуль нават мне не даводзілася бываць. Па шляху на канал я яшчэ паспеў расказаць гасцям аб умацаваннях першай і другой сусветных войнаў у раёне яго (дарэчы, калі плаваеш па каналу, то на адным з берагоў яны добра бачны), пра палац у Свяцку Валовічаў і яго легенды. Ну, але што тут шмат пісаць? Лепш паглядзець на фотаздымкі, зробленыя падчас святкавання юбілею ФВМ .
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда