Жадаючых паехаць было шмат і ніводнага вольнага месца ў аўтобусе не было. Спадзяванні Наталлі Філатавай з кафедры механізацыі, якая разлічвала, што да 7 гадзін нехта не прыйдзе ці спозніцца, не спраўдзіліся. Усе былі на месцы і ёй давялося вярнуцца да хаты. Кіраўнік дэлегацыі Фёдар Лявонаў пасля выказаў шкадаванне, што Наталлю Аляксандраўну адправілі назад.
У гэты раз мы наведалі толькі выставу на полі каля мястэчка Сянніца, улічыўшы вопыт мінулага года. Не змаглі тады ні там, ні там усё паглядзець. Выставы вышэйшых ВНУ былі меншыя, чым ў мінулым годзе і на іх прадстаўлена толькі самае вартае з дасягненняў. Сябры нашай дэлегацыі ў першую чаргу адшукалі выставу свайго ўніверсітэту, а заадно і павіталіся з усімі прадстаўнікамі навуковага аддзелу, якія парацца там у гэтай спякоце ўжо каторы дзень. Далей разышліся, маючы кожны свае цікавасці – хто да жывёлы, ці фірмаў, што абслугоўваюць рознымі прэпаратамі аграрны сектар, хто да тэхнікі. Паколькі я ўсё гэта бачыў у мінулым годзе, ды яшчэ і фатаграфаваў тады, то на гэты раз хацелася больш увагі ўдзяліць навукова-даследчым інстытутам, а заадно пабачыць каго з тых, хто закончыў наш універсітэт. Хацелася б адзначыць, што яшчэ адна цікавасць у мяне была – да новых гатункаў трускалак, якімі заўсёды на выставе гандлююць галоўныя спецыялісты ў гэтай галіне з Самахвалавічаў. Калі ў мінулыя разы набываў па пару каліваў іх, то ў гэты раз ажно 6 гатункаў. Закупілі расаду трускалак і іншыя прадстаўнікі нашага ўніверсітэта.
Мы ж з Марынай Дзюбай яшчэ паклапаціліся аб тым, каб было чым паабедаць у дарозе для ўсіх. Звычайна тыя гады спыняліся на ўскрайку Мінску ды заходзілі ў краму, дзе выбар мясных прадуктаў быў не такі багаты, як на выставе. Тут жа мясакамбінаты прадставілі сваю лепшую прадукцыю. І хаця кошты на яе не былі надта зніжаныя, усе засталіся задаволеныя. Калі праехалі палову шляху, то спыніліся на адпачынак на сваім сталым месцы, дзе ёсць і стол і навес над ім, і нават возерца, дзе можна памыць рукі. Але, ведаючы што з Еўропы да нас можа дабрацца патагенны штам кішэчнай палачкі (не вірус, аб чым гавораць на тэлебачанні, ды пішуць на інтэрнэт сайтах), я вырашыў памыць іх лепш мінеральнай вадой. Больш схіляюся да думкі, што не агуркі павінны ў той праблеме з інфекцыяй, а соя. Бо калі яе дабаўляюць у мясны фарш, то той становіцца крыніцай абагачэння нашага кішэчніка новай кішэчнай палачкай, якая там добра развіваецца. Пішу пра гэта пасля таго, як рабіў высеў мікрафлоры з падобнага фаршу ад розных вытворцаў. Кішэчнай палачкі там дастаткова, хаця ў звычайным фаршы яна адсутнічае.
І каб не завяршаць гэты матэрыял на сумнай ноце, некалькі фотаздымкаў з нашай паездкі.
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда