Поўная назва семінару, на якім і мне давялося папрысутнічаць “ Аграхімічныя даследаванні і выпрабаванні комплексных мінеральных угнаенняў вытворчасці Буйскага хімічнага завода на пасевах сельскагаспадарчых культур у Рэспубліцы Беларусь”. Толькі на самым пачатку семінару я зразумеў, як такая вялікая група аграрыяў з розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, Украіны, Казахстану аказалася ў Гродна.
Восенню у г.Мар’іна Курскай вобласці праходзіла канферэнцыя, на якую патрапіў малады вучоны з ГДАУ Міхаіл Брылёў. Якраз тут, у гаспадарках Гродзенскай вобласці, Міхаіл Сяргеевіч займаўся распрацоўкай тэхналогій вырошчвання розных культур з мэтай атрымання максімальна магчымых у нашых умовах ўраджаяў. Удзельнікі канферэнцыі не надта паверылі яго словам і яшчэ цэлую гадзіну задавалі Міхаілу пытанні. Вось тады і ўзнікла ідэя запрасіць усіх удзельнікаў канферэнцыі і зрабіць разам вандроўку на заходнія ўскраіны Беларусі. Міжнародны навукова-практычны семінар меў скарочаную назву “Дзень поля”.
Амаль гадзіну ў 6 зале галоўнага корпуса ГДАУ прысутныя слухалі кароткія вітальныя прамовы. Ад нашага ўніверсітэту выступіў першы прарэктар па навуковай працы Сяргей Тарасенка, які крыху расказаў пра ўніверсітэт і арганізацыю ў ім навуковай працы. Пахваліўся, што хоць універсітэт мае статус навучальнай установы, але вялікая ўвага надаецца развіццю навукі і ўкараненню яе вынікаў у СВК Беларусі. Ад гасцей спярша выступіў старшыня Савета дырэктараў ОАО “Буйскі хімічны завод” Ладухін Анатоль Георгіявіч. Я так думаю, што менавіта завод дапамог фінансава ў арганізацыі такога выязнога семінару, на які патрапілі зацікаўленыя спецыялісты нават з-за Уралу і Амурскай вобласці. Затым вітала ўдзельнікаў семінару і генеральны дырэктар ГК “Еўрахімсервіс” Вольга Барысаўна Галакціонава. Яе фірма займаецца пастаўкамі не толькі ўгнаенняў, але і сельскагаспадарчай тэхнікі. Ну, а віноўнік ўсяго гэтага наезду Міхаіл Брылёў расказаў пра маршрут, па якім будзем рухацца па гаспадарках і палях, засеяных бульбай, кукурузай, яравой пшаніцай, цыбуляй, морквай, капустай і знаёміцца з тэхналогіяй іх вырошчвання. Тыя культуры, якія пералічаныя вышэй, планавалася паглядзець на тэрыторыі СВК “Прагрэс-Верцялішкі”, а пасля праехацца па палях СВК “Абухава” і заглянуць у пасевы азімых пшаніцы, трыцікале, рапсу, яравога ячменю, цукровых буракоў.
Мне пашчасціла патрапіць у аўтобус разам з Міхаілам Брылёвым, які па дарозе распавядаў гасцям – тут аднагадовыя травы ўжо ўбралі, уносім арганіку, будзем сеяць наступную культуру, праз год яе зменіць іншая… І так пра кожнае поле гаспадаркі, цэнтрам якой з’яўляюцца Путрышкі. А вось ужо і землі СВК “Прагрэс-Верцялішкі”, не такія і багатыя, але на іх гаспадарка навучылася атрымоўваць высокія ўраджаі. У Доме культуры перад гасцямі выступіў галоўны аграном гаспадаркі Іван Аляксандравіч Галавенка. Самае цікавае для мяне было тое, што ён вучыўся на год ці два раней ці пазней і добра знешне запамятаўся. Ён расказаў пра працу агранома, пра тое, што на зямлі, каб яе добра выкарыстоўваць і захоўваць для будучых пакаленняў, павінны працаваць мясцовыя спецыялісты. Я дзівіўся адкуль чалавек так шмат ведае, але гэта безумоўна з вопыту шматгадовай працы. Ён выступіў крытычна ў адрас фермы з робатамі, бо па тэхналогіі з больш чым двух тысяч галоў буйной рагатай жывёлы атрымоўваецца паўвадкі гной, які цяжка паддаецца кампаставанню, бо няма чаго да яго прымешваць, а таксама не можа за кошт разагравання пазбаўляцца ад насення пустазелля.
Паехалі па палях. Аграном пенсіённага ўзросту, добры практык Іван Андрэевіч Шаганаў дзяліўся сакрэтамі вырошчвання гародніны. Капуста расла вельмі добра, была лапушыстаю, не тое што ў мяне - ні на дачы, ні на вёсцы на Брэстчыне ніводнага года так і не давялося атрымаць ураджаю. То качаны не завязваюцца, то вусені з’ядаюць, а ўсё таму, што не маю такога вопыту. Вельмі здзівіла і цыбуля, якую тут вырошчваюць не з сеянкі, а з насення і расце не горш! Некалькі экземпляраў морквы вырваў на паказ Міхаіл Брылёў, а некалькі і госць з Буі Анатоль Ладухін. Так што восенню і зімой трэба будзе наведваць спецыялізаваныя крамы гэтага СВК, бо морква там будзе адмысловая. Ён даваў каментарыі па кожнай культуры, да якой удзельнікі семінару пад’язджалі. Слухалі, нешта запісвалі, заходзілі ці то ў кукурузу, ці то ў пшаніцу, фатаграфаваліся. Паабедалі ў сталоўцы СВК “Прагрэс-Верцялішкі” і паехалі ў СВК “Абухава”. Падзівіліся на кукурузу, якая ўжо зараз вымахала ў 2 м 20 см, але ж гэта яшчэ не мяжа, заехалі на ферму “Батароўка”, дзе выкарыстоўваюцца робаты. Аб ёй расказаў Юрый Станіслававіч. Даводзілася адказваць на падступныя пытанні, якія задавалі нашы госці. Юрыя, не памятаю прозвішча, але памятаю, што ён вучыўся ў ГДАУ пазней за мяне, таксама ўдзельнічаў у танцавальным гуртку, і танцаваў мабыць нават лепш за мяне (неяк спаткаліся на першамайскай дэманстрацыі, дзе ён з астатнімі па ходу вытанцоўваў элементы з матроскага танца “Яблычка”, ды яшчэ як!).
На тэрыторыі СВК “Абухава” гасцей сустрэў намеснік дырэктара Валерый Віктаравіч Шумель. Ён, як ранейшы аграном, сам вазіў нас па палях, расказваў аб тэхналогіях, аб ураджаях, у якія цяжка нават было паверыць. Вось калі восенню выйдзе кніжка па матэрыялах семінару, там будзе усё - і тэхналогіі па ўсіх культурах, і як яны выглядалі на момант наведвання, і канчатковыя ўраджайныя дадзеныя, які будуць атрыманы гэтым летам і восенню. Ужо зараз на розных сайтах я сустракаю фотаздымкі ўдзельнікаў семінару ў нашых рапсе і кукурузе, бураках і бульбе. І зараз ужо атрымаў пытанне з Расіі – дзе і як набыць матэрыялы падрабязнай тэхналогіі яравых культур. Трэба пачакаць да восені, пакуль выйдзе зборнік гэтага семінару. Нават адна мая знаёмая з пад Тальяці Кацярына Панятоўская, якая мае ўласную ферму коней, напісала, што ёй спадабаліся па фотаздымках бяскрайнія прасторы нашых палёў. І сапраўды палі СВК “Абухава” звычайна маюць 150-250 га. У завяршэнні прагляду пасеваў сабраліся ўсе ў Доме культуры і адпачынку Абухава на падвядзенне вынікаў. Там, Буйскі завод арганізаваў выставу сваёй прадукцыі – упакоўкі з угнаеннямі, якія ўтрымліваюць самыя розныя мікраэлементы і без якіх не абыходзяцца і перадавыя гаспадаркі Гродзеншчыны. Тут жа можна было атрымаць і матэрыялы папярэдніх канферэнцый і нават кнігу доктара тэхнічных навук Івана Іванавіча Гурэева, якой было няшмат экземпляраў, але яны трапілі ў рукі менавіта тых, хто займаецца цукровымі буракамі. Анатоль Ладухін прызнаўся, што недалёка ад Кастрамы яго завод узяў 5 гаспадарак з 10000 га ворыва пад сваю апеку.
А завяршыўся семінар сяброўскай вячэрай у рэстаране гатэлю “Турыст”, дзе таксама прысутнічалі спецыялісты гаспадарак, якія на працягу дня працавалі з гасцямі. Перад удзельнікамі з канцэртнай праграмай выступілі беларускія казакі, якія прадставілі шэраг рускіх казацкіх песняў і танцаў. Не буду перадаваць уражанні нашых гасцей ад пабачанага на землях Гродзеншчыны, спадзяюся, што на нашым сайце змесцім яшчэ іхнія арыгінальныя нататкі на гэтую тэму. Трэба было правесці на чыгуначны вакзал Яўгена Іванюшына з жонкаю, якія на семінары прадстаўлялі Курганскую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і я пакінуў вечарыну раней. На наступны дзень па нейкіх абставінах не змог пабываць на экскурсіі па Гродна, якая была арганізавана для гасцей, якія мне за час нашай агульнай вандроўкі па палях вельмі спадабаліся. На семінары прысутнічала галоўны рэдактар навукова-практычнага часопіса “Агрохимический вестник» Ірына Іванаўна Прохарава, якая аказалася дасведчанай у многіх пытаннях беларуска-расійскай гісторыі. І калі раней бывала, што нехта з расійскіх вучоных, далёкіх ад дадзенай галіны навукі, гатовы быў паставіць мне на твары фінгал, а то праз год прыгадаць, што давялося задумацца над маімі гісторыямі, то ў гэты раз для Ірыны Іванаўны не аказалася нічога новага. Яна і так ведае з гісторыі ЎСЁ і з усімі маімі канцэпцыямі згодна!