У 1991 годзе зімовае калядаванне было ўжо на прафесійным узроўні, бо рыхтаваліся свядома, пад кіраўніцтвам прафесійнай спявачкі Веры Васільеўны Кунцэвіч, якая толькі на непрацяглы час пакінула суполку спевакоў, каб нарадзіць сына і праз два месяцы вярнулася назад. У нованароджаным хоры давялося спяваць і аўтару гэтых радкоў, але нядоўга. Я зразумеў, што музыкальных здольнасцей адпаведных узроўню астатніх мне не дастае і пакінуў калектыў, выступіўшы толькі некалькі разоў са сцэны Дома афіцэраў.
Затое да хору далучыліся былыя выкладчыкі нашага ўніверсітэта Міхась Амялішка і Юры Сіткевіч. Міхась Васільевіч прывёў у хор разам з сабою жонку, зяця, унука. У Юрыя Сіткевіча выявіліся добрыя паэтычныя здольнасці і ён напісаў для хору песню “Гучыць наш хор”, якая была выканана і на 25-х угодках хору 13 студзеня 2017 году. Прайшлі гады і выйшла кніга старасты хору “Бацькаўшчына” Міхася Амялішкі з такой жа назвай “Гучыць наш хор”.
Ужо ў 1991 годзе у рэпертуары хору былі песні “Магутны Божа”,“Неба і зямля”,“Ой на моры, моры”, “Учора з вячора...” , “Ціхая ноч”. Рэпертуар папаўняўся іншымі песнямі, у тым ліку велікоднымі. Хор пачаў спяваць падчас службаў у касцёлах і цэрквах Гародні. У ліпені 1993 года хор прыняў удзел у фестывалі “Магутны божа” ў Магілёве і быў прэміраваны Дыпломам у намінацыі “За выкананне твораў выключна на беларускай мове”.
Восенню 1994 года хор пачаў працаваць над новымі творамі духоўнай музыкі, якія даслаў з Лонданскай Скарынаўскай бібліятэкі англічанін-беларусіст Гай Пікарда. Творчасцю хора зацікавіўся пастар адной з Лютэранскіх цэркваў Колдзінга, горада ў Даніі. Але ён прасіў каб у рэпертуары хору былі акрамя духоўных песен яшчэ і фальклорныя.
Хор пачаў свае гастролі не толькі па Беларусі і недалёкім замежжы, але ў жніўні 1996 года ўдзельнікі хору наведалі Данію ў складзе 39 асоб, у ліпені 1997 года – удзельнічалі ў фестывалі міжнароднай аркестрады ў Францыі, па дарозе назад далі некалькі канцэртаў у храмах Германіі, у 2001 годзе наведалі з канцэртамі Польшчу, у другі раз Данію, удзельнічалі ў Міжнародным фестывалі грэка-католікаў у Крыласе, на Украіне.
10 студзеня 2002 года хор “Бацькаўшчына” адзначыў свае 10-я ўгодкі ў ГДК. Да гэтай даты за сваю гісторыю хор даў больш за 200 канцэртаў. Павітаць юбіляраў прыйшлі мастацкія калектывы “Гасцінец”, “Нёман”, польскі хор “Глос з над Немна”, выканаўцы песен пад гітару, паэты.
Пасля юбілею былі канцэрты ў касцёлах Літвы, Польшчы, у Будславе, на фестывалі ў Чарнаўцах, у саборы Полацкай Сафіі, у храмах Познані, Обры, Вроцлава, нарэшце Бучача, што ў Цярнопальскай вобласці.
Накануне сваіх 15-х угодкаў хор выступіў перад ветэранамі ГДАУ, а сама юбілейная вечарына адбылася ў Гродзенскай Лютэранскай Кірхе.
Чарговая юбілейная вечарына хору ўдалася на славу. Павітаць хор у яго 25-я ўгодкі і паслухаць яго выканаўцаў прыйшло нямала людзей. Было шмат прамоў і падарункаў юбілярам. Вялі вечарыну маладыя людзі адданыя беларускаму мастацтву Андрэй і Надзея, якія працуюць у краме “Цудоўня”. На экране з’яўляліся кадры дакументальнага кіно, у якім адлюстравана шматгадовая гісторыя хору. На іх прысутнічалі яшчэ амаль зусім маладыя фізікі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Міхась Амялішка і Юры Сіткевіч.
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
-
Нажмите, чтобы увеличить изображение Нажмите, чтобы увеличить изображение
https://www.ggau.by/nowosti/3025-25-gado-guchyts-khor-dukho-naj-pesni-batska-chyna#sigProId0ae9876b00
Таранда Н.И.,
доцент кафедры микробиологии и эпизоотологии