29 чэрвеня ў Інстытуце біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі адбылася канферэнцыя маладых вучоных-біяхімікаў, прысвечаная 90-м угодкам з дня народзінаў стваральніка інстытута акадэміка Юрыя Астроўскага.
На адкрыццё канферэнцыі былі запрошаны і былыя супрацоўнікі інстытута. Як адзначыла ў сваім прывітальным выступе сучасны дырэктар інстытута Ліля Іванаўна Надольнік, са сцен яго выйшлі 14 дактароў і 73 кандыдаты навук.
У 1970 годзе Юрыем Міхайлавічам быў створаны Аддзел рэгуляцыі абмену рэчываў АН БССР, які ў 1985 пераўтвораны ў Інстытут біяхіміі АН БССР. У 1979 годзе па прапанове Ніны Васільеўны Вінаградавай, загадчыка кафедры батанікі і фізіялогіі раслін Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута, я паступіў ў аспірантуру гэтай навуковай ўстановы, якая, як аказалася, была і зараз застаецца ў добрых стасунках з нашым універсітэтам.
У лабараторыі вітамінна-гарманальных узаемаадносін я быў не першым выпускніком аграрнага інстытута, з 1975 года ў аспірантуры навучаўся Станіслаў Сянкевіч, пазней туды паступілі Мікалай Дарашкевіч, Юрый Яроцкі, Вітольд Вансовіч, Аляксандр Курыла, Мікалай Віктаровіч, Сяргей Чумачэнка... У іншых лабараторыях у той час навукай займаюцца Аляксандр Паўленя, Міхаіл Селевіч, які пазней стане і доктарам навук.
Навуковы інстытут з'яўляецца крыніцай будучых кадраў для іншых ВНУ Гродна, у тым ліку і для ГДАУ. На кафедру хіміі прыходзяць працаваць прафесар Зянон Горбач, доктар навук Аляксандр Макарчыкаў, дацэнт Валерый Кубышын, на кафедру фізікі – дацэнт Уладзімір Кандакоў, на кафедру тэхналогіі захоўвання і перапрацоўкі расліннай сыравіны – дацэнт Ірына Русіна, тэхналогіі захоўвання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны – дацэнт Вольга Канаваленка, на кафедру фармакалогіі і фізіялогіі – прафесар Магдалена Вялічка, доктар навук Аляксандр Хоха, дацэнты Тамара Будзько, Леў Заводнік, на кафедру прыватнай заатэхніі – Аляксандр Паўленя...
Не аднойчы чуў ад загадчыка кафедры акушэрства і тэрапіі прафесара Аляксандра Глаза расказ пра тое, як днямі і начамі праводзіў свае навуковыя даследаванні на базе інстытута біяхіміі. На ўваходзе ў інстытут сустракаю выпускніцу інжынерна-тэхналагічнага факультэта ГДАУ Алёну Гушчу (зараз Клішанец). Настрой радасны, яна займаецца на другім курсе аспірантуры, бяжыць прынімаць экзамен на трэці паверх у студэнтаў ГрДУ імя Я.Купалы.
У 1991 годзе Юрый Міхайлаіч Астроўскі памірае. Практычна прычынай яго адыходу ад нас становіцца клопат за будучае свайго дзецішча. Перад самым новым годам па дарозе з Мінска ён трапляе ў снежныя сумёты, захворвае.... Аб гэтым я даведаўся толькі на сустрэчы 29 чэрвеня. Для навукоўцаў настаюць цяжкія часы, частку памяшканняў адыходзіць да ўніверсітэтаў Янкі Купалы і медыцынскага. Але навуковая праца вядзецца, прычым і сумесна з нашым універсітэтам. Напрыклад, выконваецца праект па чыстацеле. Аграрыі распрацоўваюць тэхналогію яго вырошчвання, біяхімікі атрымліваюць алкалоіды, якія маюць попыт у Швейцарыі як кампанент лекаў супраць ракавых пухлін.
Член-карэспандэнт НАН Беларусі Андрэй Майсеёнак прадстаўляе прэзентацыю аб сваім настаўніку, які тады працаваў яшчэ загадчыкам кафедры біяхіміі гродзенскага медінстытута. На фотаздымках з цяжкасцю пазнаюцца твары маладых навукоўцаў, з якімі мне давялося працаваць побач шмат гадоў. Ён называе рысы характару, разнастайныя цікавасці і захапленні акадэміка Юрыя Астроўскага, такія знаёмыя ўсім па сумеснай працы.
Намеснік дырэктара па навуковай працы Павел Пронька ў сваім выступе расказвае пра развіццё ідэй Юрыя Міхайлавіча ў вобласці вывучэння біяхіміі алкагалізму, а загадчык кафедры хіміі ГДАУ Аляксандр Макарчыкаў расказвае пра гісторыю вывучэння тыяміну (вітаміна В1). Ён вельмі цікава аналізуе дасягненні ў вывучэнні тыяміну за апошія 25 гадоў з прадстаўленнем укладу канкрэтных гродзенскіх вучоных біяхімікаў. Знаёмыя прозвішчы на слайдах ідуць адно за другім. Навуковыя адкрыцці афармляюцца ў кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, якія Аляксандр Фёдаравіч таксама паказвае на слайдах прэзентацыі.
Ліля Іванаўна Надольнік зачытвае тэлеграмы ад нашых былых калег: Уладзіміра Грыневіча, Юрыя Папова, Вольгі Чумаковай, Антона Ліёпы – якія працуюць зараз у розных навуковых цэнтрах ЗША. Яшчэ некалькі выступаў – і прысутныя накіроўваюцца, каб ускласці кветкі да мемарыяльнай дошкі на сцяне інстытута, створанага і пабудаванага Юрыем Міхайлавічам Астроўскім. А маладыя вучоныя працягваюць свае выступы на канферэнцыі па сучасных праблемах біяхіміі.
https://www.ggau.by/nowosti/2443-90-ya-godki-akademika-yuryya-mikhajlavicha-astro-skaga#sigProId569c2cf888