Студэнты, так і выкладчыкі ўніверсітэту, прынялі актыўны ўдзел у святочных імпрэзах, прысвечаных юбілейнай даце Перамогі. Каля абноўленага Кургана Славы адбываліся асноўныя святочныя мерапрыемствы, якія пачаліся з мітынгу, канцэртнай праграмы, а завяршыліся парадам войск Гродзенскага гарнізона, вайсковай тэхнікі, якая знаходзіцца на ўзбраенні нашай арміі, рарытэтнай тэхнікі.
Калі паглядзець старыя фотаздымкі супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта, можна налічыць некалькі дзесяткаў тых, хто ўдзельнічаў ў баях Вялікай Айчыннай вайны. З кожным годам іх станавілася ўсё меней і, здаецца, зараз нікога не засталося. Апошнім памёр ў мінулым годзе Герой Савецкага Саюза Іван Данілавіч Лебедзеў, прозвішча якога было зачытана і на святкаванні 70-х угодкаў Перамогі.
Надвор'е было добрае, і людское мора разлілося па ўсім праспекце Касманаўтаў, на якім знаходзіцца Курган Славы. У маім архіве шмат фотаздымкаў з падобных святкаванняў Дня Перамогі ў Гродна за апошнія 40 гадоў. І на гэты раз на іх трапілі некалькі фотаздымкаў ветэранаў разам з іх дзецьмі і ўнукамі, якія прынеслі да гэтага святога месца кветкі.
Святкаванне працягвалася да вечару. Нашы студэнты, якія давалі канцэрт у парку Жылібера, цёпла віталіся жыхарамі горада. Я прыгадваў, як не раз ўдзельнічаў у такіх святкаваннях разам з народным ансамблем песні і танца "Нёман". Песня "Дзень Перамогі", напісаная кампазітарам Давыдам Тухманавым і паэтам Уладзімірам Харытонавым у 1975 годзе, была адразу ўключана ў канцэртныя праграмы ансамбля. Салістам пры яе выкананні быў удзельнік вайны, у якога ўсе грудзі былі завешаныя ардэнамі і медалямі, Шаўцоў. Пасля таго як ён са сваімі ўзнагародамі выходзіў на сцэну са словамі "здравствуй мама, возвратились мы не все...", на вачах у гледачоў блішчэлі слёзы.
На цэнтральнай плошчы давялося пабываць ужо вечарам. 9 мая 2015 года. Песня "День Победы" зноў загучала над горадам у выкананні тысяч яго жыхароў. З-за вялікай колькасці прысутных я так і не адшукаў афіцыйную дэлегацыю сваіх калег, але пабачыў некалькі студэнтаў, рэктара ўніверсітэта Вітольда Казіміравіча Песціса разам з жонкай Марыяй Вацлаваўнай і ўнукамі, парадаваўся салюту і папрысутнічаў на канцэрце. Моладзь на плошчы танцавала пад песні і музыку артыстаў, якія выступалі са спецыяльна збудаванай каля будынку былога гістарычнага архіву сцэны.
https://www.ggau.by/nowosti/2388-garadzentsy-adznachyli-dzen-peramogi#sigProId2dfb93b4ee