Пасля вандроўкі па горадзе з гасцямі міжнароднай канферэнцыі на адкрыццё фестывалю не пайшоў, а салют глядзеў са свайго гаўбца. Магу засведчыць, што ён быў шыкоўны. Так здарылася, што на Дзень Перамогі жонка была ў Санкт-Пецярбургу і выказала думку, што там салют быў значна слабейшы, чым бывае на святы ў Гродна.
7 чэрвеня вырашыў прагуляцца па горадзе. Хацелася пакінуць для сябе памятку аб фестывалі і крыху паздымаць. На тэрыторыю свята можна было прабрацца толькі праз добрыя заслоны міліцыі і АМАПу, якія надзейна забяспечвалі ахову прысутных ад якіх-небудзь недарэчнасцей. Выстава майстроў з усёй краіны размясцілася як на тэрыторыі парку Жылібера, так і па ўсёй вуліцы Савецкай. Заадно праз невялікія прасторы размяшчаліся атракцыёны для розных гульняў, у асноўным ціры і шарыкі, у якія трэба было кідаць стрэламі. У іх удзельнічалі як дарослыя, так і дзеці.
Падчас вандроўкі сустрэў некалькіх былых студэнтаў розных гадоў выпуску ГДАУ. На падворках праходзілі канцэрты. Асабліва шмат гледачоў было каля ўнівермагу, дзе сваё мастацтва паказвалі цыгане. Сярод гледачоў выступу казахскіх артыстаў спаткаў прадстаўнікоў Пакістану, на Савецкай – шумлівую кампанію з далёкай Венесуэлы. Канцэртную праграму польскія выступоўцы ўжо завяршалі паланэзам. Афіцыйна дзённая праграма павінна была завяршыцца, але каля літоўскага падворку яшчэ працягваліся спаборніцтвы па стральбе з луку.
https://www.ggau.by/nowosti/2100-nekalki-momanta-z-kh-festyvalyu-natsyyanalnykh-kultur#sigProId6e7aa87e7c