11 ліпеня ў камп'ютарным класе сабраліся члены дзяржаўнай камісіі і выкладчыкі ГДАУ, якія павінны былі прадстаўляць свае вопыты для прыёмкі. У складзе камісіі прадстаўнікі ўсіх аграрных ВНУ рэспублікі, а таксама міністэрства сельскай гаспадаркі. Пасля таго як быў узгоднены план працы на першы дзень, адправіліся па маршруце, рэгламент якога трэба было вытрымаць.
Першым гасцей на селекцыйным полі сустракае прафесар Канстанцін Каляда. У гэтым годзе ён паказвае гатункі сваёй пшаніцы і расказвае, наколькі значна пашырыліся пасевы іх у нашай вобласці, у Расіі і нават у Казахстане.
На вопытным полі адразу нас сустракае поле грэчкі, над якім лунае шмат пчол. Яны ў дадзеным выпадку вывучаюцца як адзін з фактараў павышэння ўраджаю гэтай культуры.
Праз дарогу загадчык кафедры батанікі і фізіялогіі раслін Алена Дарашкевіч знаёміць гасцей з калекцыяй лекавых раслін. Як сказала адна навукоўца з камісіі, такіх буйных кветак у календулы ніколі не бачыла. Дзмітрый Брукіш вядзе членаў камісіі праз дэманстрацыйныя пасевы, на якіх вывучаецца прымяненне сродкаў аховы раслін розных заходніх фірм на розных фонах угнаенняў. Зусім нядаўна на гэтых вопытах прайшлі перападрыхтоўку 195 аграномаў-практыкаў, набытыя імі веды, перакананы, дадуць свой плён. Каля поля з бульбай гасцей чакае Таццяна Марцінчык, якая знаёміць з вывучэннем тэхналогіі атрымання экалагічна чыстай прадукцыі.
І апошнім аб'ектам, з якім знаёміліся на вопытным полі, быў наш малады сад, аб якім расказваў загадчык вопытнага поля Уладзімір Цімошчанка. Прыемнай была дэгустацыя прадукцыі з яго – розных гатункаў агрэсту, вішняў і чарэшняў, чырвоных і чорных парэчак, маліны і ажына-малінавага гібрыду.
Пасля вопытнага поля наведваем вытворчыя пасевы цукровых буракоў, аб якіх расказвае сам прарэктар па навуковай працы ГДАУ Сяргей Тарасенка.
Наступным аб'ектам з'яўляецца Гродзенскае племпрадпрыемства ў пасёлку Берагавым, дзе нас сустракае былы студэнт, а зараз аспірант біятэхналагічнага факультэта Раман Трахімчык. Ён коратка расказвае пра дзейнасць прадпрыемства – развядзенне рыбы, пчол, мясных парод кароў... З навуковай працай нас пазнаёмілі Мікалай Клімаў і Святлана Коршун.
У корпусе біятэхналагічнага факультэта членаў камісіі знаёміць з працай навукова-даследчай лабараторыі яе загадчык Аксана Белавус. У нас пачала працу ДНК-лабараторыя, абсталяваная на самым высокім узроўні. У іншых аграрных ВНУ Беларусі нічога падобнага пакуль няма. Падымаемся па стромкай лесвіцы на другі паверх памяшкання ў дворыку БТФ і трапляем у біятэхналагічны цэнтр, з якім гасцей знаёміць прафесар Леанід Галубец. Ад цэнтра рукой падаць да корпуса факультэта ветэрынарнай медыцыны, дзе знаходзіцца музей цэнтра навуковага пчалярства. Аб навуковай працы і планах распавядаюць супрацоўнікі цэнтра Мікалай Халько і Міхаіл Андрусевіч. Напярэдадні яны дасталі вашчыны з калоды, якая стаіць у дворыку, каб правесці іх дэгустацыю.
Яшчэ адным адкрыццём для многіх з'явілася тое, што дзякуючы сумеснай працы агранома стадыёна Пятра Ганчарэвіча і вучоных універсітэта Уладзіміра Аляксеева і Міхаіла Андрусевіча гродзенскае футбольнае поле ЦСК "Нёман" з'яўляецца ці не лепшым у свеце. Як мы даведаліся са слоў дырэктара стадыёна, англічане сказалі, што яно лепшае, чым у "Арсенала". Футбольны матч паміж барысаўскім "БАТЭ" і турэцкім "Фенербахчэ" адбываўся на стадыёне 14 лютага, і натуральнае травяное пакрыццё стадыёна з годнасцю вытрымала іспыт.
Вялікае ўражанне аказала на нас і фермерская гаспадарка "Зялёны гарызонт", якая знаходзіцца ў 16 км ад Гродна ў вёсцы Рацічы. З ёю нас знаёмілі дзве супрацоўніцы, адна з якіх – Каршакоўская Юлія – з'яўляецца адначасова і гаспадыняй "Зялёнага гарызонта". Яе калега адказвае за аптовы гандаль прадукцыяй. Дзяўчаты з'яўляюцца і нашымі студэнткамі-завочніцамі. Разам прыгадалі, як у прарэктара па навуковай працы здавалі тэсты па фізіялогіі і атрымалі па 10 балаў. Гаспадарка мае 2 га цяпліц і 60 га адчыненага грунту. Тут займаюцца вырошчваннем іглічных і лісцяных раслін, гаўбечных кветак, пладовых дрэў і хмызнякоў, высадкаў руж і іншых кветкавых раслін.
https://www.ggau.by/nowosti/1815-adbylasya-shtogadovaya-pryjomka-vopyta#sigProIdf2b95e391d