12 верасня, панядзелак, для мяне аказаўся днём вольным ад заняткаў. Прарэктар па навуцы універсітэта Сяргей Тарасенка параіў паехаць на вопытнае поле і паглядзець на ураджай, які атрымалі ў гэтым годзе ва ўласным універсітэцкім саду, які быў закладзены ці то ў 2007 ці то ў 2008 гадах. У гэты дзень ехала група студэнтаў з факультэта аховы раслін, частку якіх мы высадзілі адразу за Грандзічамі на калекцыйным ці селекцыйным участку. Астатнія былі разбіты на дзве групы – на капанне бульбы і абіранне яблык ў старым садзе. Іх проста атрасалі, студэнты збіралі, а затым сартавалі на тыя, якія ідуць на рэалізацыю і больш дробныя, якія пойдуць на сок. Кошт іх будзе мабыць зусім невялікі і супрацоўнікі ГДАУ змогуць набыць для сябе.
Тэрыторыя сада штогод павялічваецца і ён расце ў залежнасці ад таго, колькі грошай універсітэт можа выдзеліць на агароджу і шпалерныя трубы. Бо дрэвы без падвязкі не змаглі бы ўтрымліваць такую колькасць яблык. Большасць высадкаў там прывіты на паўкарлікавыя прышчэпы. Але ўжо і ў мінулым годзе была рэалізацыя яблык для камбінату дзіцячага харчавання горада, сваіх супрацоўнікаў. Былі прададзены і зараз не вельмі дорага каля 4 тон яблык ранніх гатункаў на дзіцячае харчаванне, адзін з якіх мне была магчымасць пакаштаваць. Гэта быў яблык гатунку Рэд Фры - цёмна чырвоны, вельмі мяккі, араматны і смачны. Некалькі скрынак яго яшчэ захоўваецца ў сучасным сховішчы, пабудаваным на вопытным полі. Добрыя яблыкі ў мінулым годзе прадаваліся сваім супрацоўнікам, а таксама ў сталоўку і буфеты танней за тысячу. Сапраўды, шкада, што тут, на Валковіча, дзе я працую, на працягу зімы аб гэтым не ведаў.
Раз аказаўся на полі, то глянуў і на тое, як убіраецца бульба, тым больш студэнты ўсе добра знаёмыя, толькі ў мінулым годзе праходзілі мікрабіялогію. Пачуў яшчэ нараканні, што рэдка бываю “Ўкантакце”, дзе кожны з іх ёсць ў маіх альбомах. Таму нават на ўборцы бульбы гатунку Скарб стараліся нармальна пазіраваць, ведаючы, што праз дзень другі акажуцца ў адным са студэнцкіх альбомаў у інтэрнэце. Працавалі не першы дзень і, наколькі я зразумеў, добрасумленна. Кожны быў на ўліку. Я прыгадаў як ў студэнцкія гады халтурылі на ўборцы бульбы, студэнты падзяліліся сваім мінулагоднім вопытам.
Зайшоў ў сад. Павел Славаміравіч Шэшко папракнуў, што ў адной з папярэдніх публікацый я памыліўся ў кіраўніцтве новым садам. Таму на гэты раз выпраўляю памылку і пішу – што адказны за сад і кіруе ўсімі працэсамі ў ім Павел - вельмі цікавы і здольны чалавек. Калісьці я быў рэцэнзентам яго дыпломнай працы і ледзь не адправіў з-за таго, што прынёс ён яе ў апошні дзень перад абаронай. Так і хацелася сказаць, што не паспею праверыць, але добра што і не адправіў… Пазней ён дапамог мне з набыццём і асваеннем камп’ютара, якім зараз крыху валодаю, хаця і не на такім узроўні, як ён. Павел сам перабіраў яблыкі, а падчас перапынку ў працы правёў для мяне экскурсію ў новым саду. Вось гэта Беларускі салодкі яблык, гэта Антэй (крыху не ўрадзіў у гэтым годзе з-за замаразкаў). Побач з новым садам каля 10000 маладых шчэпаў розных гатункаў, а таксама карлікавыя прышчэпы. Вясной універсітэт пасля атрымання ліцэнзіі пачне рэалізоўваць маладыя саджанцы насельніцтву. Хаця і не збіраўся раней павялічваць колькасць яблынь на сваім дачным надзеле, не ўтрымаюся і мабыць буду першым пакупніком. Добра паказалі сябе гатункі амерыканскай селекцыі, а таксама арлоўскай (гладкаскурыя), - дзеліцца сваімі вынікамі назіранняў Павел. Сяргей Тарасенка марыць адарыць работнікаў сада дадаткова да зарплаты 10% ад даходу, які ён будзе прыносіць, ці ад сумы рэалізацыі (я не зусім зразумеў). Вось калі бы ў сельскай гаспадарцы на такім прынцыпе была заснавана зарплата аграномаў ці заатэхнікаў даўно б не існавала вакансій па гэтых спецыяльнасцях.
Трэба было неяк дабрацца да гораду і мне пашчасціла, што на вопытнае поле за насеннем пшаніцы розных уласных гатункаў і ліній заехалі наш галоўны селекцыянер прафесар Канстанцін Уладзіміравіч Каляда і асістэнт кафедры раслінаводства Есіс Іван Пятровіч. З імі мы даехалі да селекцыйных участкаў, дзе заданне на высеў новых гатункаў пшаніцы, у тым ліку і Прынеманскай, атрымаў аспірант Дзіма Мірскі, пад кіраўніцтвам якога працавала некалькі студэнтаў. Дарэчы, Канстанцін Уладзіміравіч на сваіх селекцыйна-калекцыйных надзелах з аспірантамі і студэнтамі прападае амаль усё лета, бо селекцыйная работа вельмі патрэбная для рэспублікі, але, на жаль, скардзіцца прафесар, за яе перасталі плаціць. Дапоўняць напісанае вышэй колькі фотаздымкаў, зробленых у розных месцах. Ну, а з сабой я захапіў з дазволу Паўла два яблыкі чырвонай каштэлі, якімі пачастую сваю жонку. Каштэля – яе любімы яблык.