На гэты курс паступілі ў свой час 63 абітурыенты. Але, як мы даведаліся з выступу намесніка дэкана Людмілы Сяргееўны Козел, 17 студэнтаў за час вучобы былі адлічаны: па ўласным жаданні, за акадэмічную непаспяховасць і парушэнне вучэбнай дысцыпліны, але на курс прыйшлі адкуль не вазьміся 11 новых. 14 студэнтаў за час вучобы стварылі свае сем’і, а ў 4 сем’ях нарадзіліся дзеці.
На апошнім званку народу было няшмат. Частка выкладчыкаў паехала па гаспадарках вобласці паднімаць надоі малака, хаця як яны там гэта робяць – не ўяўляю. У іншых заняткі з завочнікамі, студэнты астатніх курсаў на сесіі… Прысутнічалі некалькі выкладчыкаў, намеснікі дэкана, загадчыкі кафедраў. Першым слова з наказам на будучую працу меў рэктар Вітольд Казіміравіч Песціс, які на падобных імпрэзах стараецца прысутнічаць заўсёды. Ён расказаў аб выказваннях на святкаванні юбілею высокіх гасцей, і, у першую чаргу губернатара. Сказаў, што нехта са старшынь добрай гаспадаркі прасіў накіраваць студэнтаў ветэрынараў і зоаінжынераў на працу, якім згодны даць аклады па 2 млн. рублёў, ды яшчэ добрыя кватэры. Але, як аказалася, усе выпускнікі гэтага года ўжо размеркаваны на месца працы. Адзін нават паведаміў мне, што трапіў у Гомельскую вобласць. Вітольд Казіміравіч гаварыў, што не трэба баяцца цяжкасцяў, трэба думаць, што атрыманых ведаў дастаткова для кваліфікаванай працы. Настойліва расхвальваў атрыманую студэнтамі спецыяльнасць і Аляксандр Уладзіміравіч Глаз, загадчык кафедры раслінаводства. Галоўнае, працаваць з жартам, хаця праца ветэрынарнага ўрача не такая ўжо і “чыстая”. А тое, што студэнты ўжо маюць дзяцей, ён прыпісаў да вынікаў працы сваёй кафедры акушэрства. Цёпла віталі выпускнікі выхад на сцэну намесніка дэкана Людмілы Козел.
Былі яшчэ наказы на будучую працу загадчыкаў кафедраў гігіены і фармакалогіі Алы Пятроўны Свірыдавай і Віктара Мікалаевіча Бяляўскага, пасля чаго Людміла Сяргееўна павязвала стужкі лепшым ў розных накірунках вучэбнай і грамадскай працы студэнтам. Студэнты выступілі з адказам, перадалі назад у рукі Вітольда Казіміравіча сімвалічны ключ ад ведаў. Ён толькі пажартаваў, што калі прыходзяць новыя студэнты – прыносяць веды, старэйшыя іх не забіраюць з сабой і яны назапашваюцца ў сценах універсітэта. Факультэту на ўспамін таксама дастаўся падарунак, ад якога, каб не цягнуць на сцэну падаравалі пашпарт з гарантыяй. Калісьці з асобнымі студэнтамі, якія паступалі 5 гадоў назад, я хадзіў на падрыхтоўчыя курсы, замест дачкі, якая была прыхварэла. Каб не вылучацца з агульнай масы, назваў толькі сваё імя. Дык адна студэнтка ўсе гады звала мяне дзядзя Коля. Усё роўна я ў іх нічога не вёў, а яна і не пыталася, як маё імя па бацьку. Была на гэтым курсе ў мяне і куратарская група. Не надта я ёй удзяляў увагі. Вучыліся не вельмі і калі трэба было куды ісці, дык звычайна спасылаліся, што трэба вучыць. Ды і я быў не такім назойлівым. Мяне часта запрашалі ды і запрашаюць студэнты розных факультэтаў у якія-небудзь паходы, на адпачынак. Калі ж гавару, - вазьміце свайго куратара, – то адказваюць – не, лепш тады ўжо самі. Аднойчы і я са сваёй куратарскай групы ўзяў у замежную паездку на экалагічны семінар адну студэнтку. Бацькі прасілі прыглядаць за ёй. І якое ж было маё здзіўленне, калі ні адзін з хлопцаў не папрасіўся, а толькі гэтая дзяўчына – можна я пайду пагуляю па катакомбам?... І пайшла, паабяцаўшы глыбока не забірацца, каб не заблудзіць.
Пасля невялікага перапынку адбыўся такі ж невялікі капуснік курса, якому пашанцавала закончыць вучобу ў год 10-х угодкаў факультэту і 60-х – універсітэту. Ім давядзецца праводзіць спатканні выпускнікоў якраз у круглыя юбілеі сваёй Альма Матэр – 70, 80, 90, 100 гадоў, а каму пашанцуе, дык і ў наступныя два юбілеі. Далей – ілюстрацыі да тэксту.