Напярэдадні Уладзімір Паўлавіч пры выпадковай сустрэчы сказаў, што на Савеце ўніверсітэта яму збіраюцца ўручыць медаль. Так сціпла, але я зразумеў яго добра. Перад пачаткам Савета Уладзімір Паўлавіч чакаў прадстаўніка ваеннага камісарыяту і перажываў, што ён можа прайсці праз іншы ўваход. Так і здарылася.
Пасяджэнне Савета пачалося з таго, што слова прадставілі прадстаўніку ваеннага камісарыяту Гродзенскай вобласці, намесніку камісара па ідэалагічнай працы палкоўніку Ігару Уладзіміравічу Лапенку, які зачытаў загад Міністра абароны Расійскай Федэрацыі № 736 ад 22 чэрвеня 2011 года, падпісаны выконваючым абавязкі Міністра абароны РФ А.Сердзюковым, у якім гаварылася: “За вялікі асабісты ўклад ва ўвекавечванне памяці загінуўшых абаронцаў Айчыны ўзнагародзіць Медалем “За заслугі ва ўвекавечванні памяці загінуўшых абаронцаў Айчыны”. Крыху патлумачыў сваю працу Уладзімір Паўлавіч – у яго атрымалася вярнуць з нябыту некалькі тысяч воінаў, якія загінулі, абараняючы заходнія межы краіны ў першыя дні вайны. Акрамя памежнікаў у яго атрымалася вярнуць імя некалькі тысяч воінаў, якія ўдзельнічалі і загінулі пры вызваленні Гродна. Калі напярэдадні выдання Кнігі Памяці па Гродзенскай вобласці было вядома 1400 прозвішчаў, то ў кнігу ўвайшлі – 4500. Ім сабраны звесткі на ўсіх 54 пахаваных ў брацкай магіле ў парку Жылібера.
Уладзіміра Паўлавіча Верхася з узнагародай павіншаваў і рэктар ГДАУ Вітольд Казіміравіч Песціс. За шмат гадоў гэта другая ўзнагарода медалям супрацоўніка ўніверсітэта, бо быў яшчэ ўзнагароджаны медалям Францыска Скарыны рэктар ГДАУ. Мы пакінулі пасяджэнне Савета і зайшлі ў музей, які быў створаны ў 1987 годзе Уладзімірам Паўлавічам, які і зараз кожны дзень на працы з 7.25 гадзін раніцы. Збірае звесткі пра выпускнікоў ўніверсітэта, вайскоўцаў, праводзіць экскурсіі для студэнтаў і гасцей. Ваенны камісарыят таксама працуе ў напрамку ўвекавечвання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў. Я прыгадаў, што ніхто не увекавечвае памяць воінаў, якія ў 1915 годзе абаранялі Гродна ад немцаў і пахаваны на скрыжаванні вуліц Церашковай і Дзяржынскага. Ігар Лапенка зацікавіўся гэтым і паабяцаў, што ваенны камісарыят не пакіне пахавання без увагі. Уладзімір Паўлавіч пахваліўся, што да калекцыі ўзнагарод, якія маюцца ў музеі, дабавіўся ордэн Славы, перададзены сваякамі Марыі Іванаўны Гразевай, якая памерла ў гэтым годзе. Па традыцыі трэба было вайсковы медаль замачыць у вадкасць, якая ўтрымлівае этанол, што Ўладзімір Паўлавіч і зрабіў пры сведках.
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда