Вандроўка Зміцера Веліча і Руслана Гарбачова па трэцяй краіне - Узбекістану

Зміцер Веліч на фоне маўзалея Тамерлана ў Самаркандзе

На мае шматразовыя просьбы да Зміцера Веліча, які ў 2008 годзе закочыў ЗІФ, а ў 2010 завочна яшчэ і эканамічны факультэт, атрымаў наступнае паведамленне “Ўкантакце”. - Прывітаньне!!Як пажываеш?Даю спасылкі на нашу вандроўку па Сярэдняй Азіі (Русланаў тэкст, мае фота) можаш яго перадрукоўваць цалкам. Астатнія фоткі па Каўказе ды Сінгапуры, Таі, Камбоджы закіну пазьней!!!Усяго добрага!!

Перасяклі таджыкска-узбекскую мяжу і ўжо праз некалькі гадзін былі ў Ташкенце. Стаяў вечар нядзелі, а ў гэты дзень ўсе банкі ў Ташкенце зачынены. Мы думалі: на жаль. А пасля знаёмы, у якога спыніліся, паведаміў: на шчасце. Інакш мы памянялі б грошы па вельмі невыгодным курсе. Ва Ўзбекістане ў банках за 1 долар даюць 1 500 сум. А на любым базарчыку -- 1 900 сум. Мы бегалі па Ташкенце з пакетам грошай і не ведалі куды схавацца. Незадоўга да гэтага, як і раіў знаёмы, прыйшлі на базар да мянялы. Працягнулі яму, каб нас не бачылі міліцыянеры, 40 долараў. А ён у адказ выцягнуў нам з піджака пяць таўсценных пачак (!) і хутка сышоў. Зразумела, мы кінулі грошы ў пакет не пералічваючы – стаялі ж пасярод базару. Аказалася, што самая буйная купюра ва Ўзбекістане 1 000 сум – паўдолара! Калі нарэшце знайшлі месца, каб пералічыць грошы, то даведаліся, што мяняла нас не кінуў.

Ва Ўзбекістане ёсць газ. І нафта. І бавоўна. І золата... А сяродні заробак – 100 долараў. Афіцыйныя дадзеныя пры гэтым сцвярджаюць, што на апошніх прэзідэнцкіх выбарах за дыктатара Іслама Карымава («папу») прагаласавала 96% выбарцаў. Любімыя птушкі «папы» – буслы. Іх скульптуры ўпрыгожваюць палацы і аркі, а саміх птушак можна сустрэць нават ў цэнтры Ташкента. Калі я іх пабачыў, то не паверыў, што яны жывыя. Буслы хадзілі па траўніку як робаты. Мы падышлі бліжэй – птушкі не ўцяклі. Што з імі зрабілі? Ва Ўзбекістане шмат зеляніны. Тлумачыцца гэта тым, што міліцыянеры носяць тут зялёную форму. Іх можна сустрэць усюды. У абавязковым парадку па два міліцыянеры стаяць на платформе кожнай станцыі метро, за горадам пасты ДАІ ледзь не праз 30 км. Тут пачынае здавацца, што на ўсю Беларусь усяго некалькі міліцыянераў.

Першы час ва Ўзбекістане нам падавалася, што вакол адны жулікі. Пасля мы зразумелі, што проста трэба ўмець гандлявацца. Праз некалькі дзён мы адчувалі жуллём ужо сябе. Кошт за начлег у прыватных гасцініцах збівалі з 7 да 4 долараў, спынялі пасярод дарог аўтобусы і плацілі ўтрая меней, чым каштаваў квіток. Зміцер стаў нахабным да таго, што калі на ўваходзе ў музей яго папрасілі заплаціць паўдолара, ён ледзь не пакрыўдзіўся. У выніку збіў кошт да непрыстойных 0,25 цэнтаў.

Самыя буйныя нацыі ва Ўзбекістане – узбекі, таджыкі і «рускія». У Ташкенце мы жывём у Косці – украінца, які тут нарадзіўся. Яго прадзед перабраўся ў Сярэднюю Азію ў 20-х г.г. пасля таго, як быў рэпрэсаваны на радзіме. Ва Ўкраіне, як і ўвогуле за мяжой, Косця не быў. Па-першае, не так ужо шмат у яго грошай, па-другое, каб выехаць з Узбекістана трэба мець выязную візу. Выдаецца яна на два гады, але перад гэтым цябе на добранадзейнасць правяраюць спецслужбы. Косця сцвярджае, што Ўзбекістан – адзіная краіна ў свеце, дзе прызыўнікам трэба плаціць за службу ў войску. 300 долараў. Капаюся ў інтэрнэце і знаходжу інфармацыю, што гэта звычайная сума хабару, якую многія гатовы заплаціць, каб трапіць на службу. Тлумачыцца ўсё тым, што конкурс у войска вялікі (за 18 год незалежнасці насельніцтва Ўзбексітана імкліва вырасла з 20 да 27 млн. чалавек), а вайсковы білет дае магчымасць уладкавацца на працу ў дзяржаўныя органы ці спецслужбы.

Прыехалі ў Самарканд – адзін з найстаражытнейшых гарадоў свету, які быў заснаваны ў 742 годзе да н.э. Сталіца сярэднявечнай імперыі Цімура, ключавы пункт на Вялікім шаўковым шляху. Да гэтага часу тут захаваліся фантастычныя помнікі архітэктуры з XV стагоддзя. Вечарам прыйшлі паглядзець на Рэгістан – галоўную плошчу старажытнага Самарканда. Уваход быў платны і ўжо закрыты. Падышоў міліцыянер-ахоўнік. «Рэгістан прыгожы падчас ўзыходу сонца… А каса працуе толькі з 8.00. Прыходзьце на світанку, мы вас прапусцім. У касе ўваход каштуе 7 400 сум, а мы вас за 5 000 прапусцім», – прапанаваў міліцыянер. Грошы трэба было эканоміць, і мы пагадзіліся. Але назаўтра заплацілі, канешне, не 5 000 сум з чалавека, а 5 000 за дваіх – гандлявацца мы ж ужо ўмеем.  Унутры сустрэлі карэйцаў і немцаў – не адны мы вырашылі прайсці за хабар.

Бавоўну-сырэц ва Ўзбекістане пад палячым сонцам збіраюць усе. Дзецям (школьнікам) таксама даводзяць план, і яны месяц могуць не хадзіць на заняткі. Бавоўну-сырэц здаюць дзяржаве, якая прымае ад людзей ўраджай па смешных коштах – 2,5 долара за 100 кг (для дарослага чалавека гэта дзень працы). Сапраўдны кошт 100 кг – 50 у.е.  Галоўны герой Узбекістана – Цімур (Тамерлан). Яму пастаўлены помнікі, у гонар яго названы вуліцы. Але ў размовах з мясцовымі часцей ўзгадваецца не яго імя, а імя баксёра Руслана Чагаева, які два гады таму выйграў у Мікалая Валуева і стаў чэмпіёнам свету па версіі WBA. Пасля гэтага на радзіме Руслана насілі на руках. Асабіста павіншаваў баксёра і прэзідэнт. Праз нейкі час ён, па чутках, прапанаваў Чагаеву: жаніся на маёй дачцэ Гульнары. Гульнара Карымава – старэйшая і любімая дачка кіраўніка Ўзбекістана. «Залатая прынцэса», адна з найбагацейшых людзей Сярэдняй Азіі і намеснік міністра замежных спраў.  Чагаеў вырашыў адмовіцца і збег з сям’ёй у Германію. Цяпер яго імя на афіцыйным узроўні не згадваюць.

Кошты на фрукты і садавіну прыемна здзіўляюць. За долар даюць 1 900 сум. А 1 кг вінаграда каштуе 800 сум, памідораў – 500 с., дыні – 400 с., арбуза – 250 с.  Як нам падалося, 90% машын, што ездзяць па дарогах Узбекістана – прадукцыя завода «Uz-Daewoo», што працуе з 1996 года. Купляць аўтамабілі за мяжой дзяржава сваім грамадзянам перашкаджае: кошт растаможкі дасягае 100%.

Прыехалі ў Бухару – горад з гісторыяй у 2 500 год. Тут у адрозненне ад Самарканда захаваліся не толькі сярэднявечныя помнікі архітэктуры, але і кварталы ды вулачкі старога горада. Замежных турыстаў куды ні плюнь. У асноўным немцы, французы, паўднёвыя карэйцы. З Усходняй Еўропы нікога не бачна. Турыстычны бізнес ва Ўзбекістане апошнія пяць год хутка развіваецца. У гістарычным цэнтры Бухары ўжо дзесяткі невялікіх прыватных гатэляў, з’явіліся шырокія дарогі. Калі так пойдзе далей, ад каларыту старых вулачак можа нічога не застацца.  Дзеці і таксісты ўжо дасталі. Усе бачаць у нас амерыканцаў. А калі я надзяваю панаму і вешаю на шыю фотаапарат, то на нас ледзь ці не кідаюцца. Дзеці на кожным кутку крычаць «Хэлло!», а таксісты галосяць «Хэй, містэр!».  У Ташкенце выйшлі з аўтобуса за 50 метраў ад метро. Падбягаюць таксісты: «Вам куды? Метро? Паехалі!».

Мы па-ранейшаму едзем аўтаспынам, але падымаем руку толькі калі бачым аўтобусы – яны рухаюцца хутчэй чым машыны. Пасля гандлюемся з кіроўцамі. Апошні рэкорд – праехалі з Бухары да Ташкента (550 км) за 2 долара з чалавека.  Ноч. Аэрапорт. Чалавек у форме правярае пашпарт. «Ёсць рэгістрацыя?». Працягваю паперкі, дзе гаспадар таннага гатэля пагадзіўся паставіць рэгістрацыю не на два дні, якія мы былі ў яго, а на ўсе чатыры. Я добра апрануты, чалавек у форме на паперкі нават не глядзіць. «Праходзь, братан».  13 кастрычніка. Перасадка ў Маскве. З апошнімі 5 доларамі ідзем да шапіка. Затым заходзім у лесапаласу. Тут ужо восень. Жоўтае лісце клёну і +7 па Цэльсію. А ў Ташкенце некалькі дзён таму было +30. Хутка будзем дома. У Еўропе. Люблю шэрае неба, сырасць і лістапад.

Мапа Сярэдняй Азіі, на якой ёсць і ЎзбекістанМаўзалей Тамерлана (Цімура) у СамаркандзеРэгістан – адміністрацыйны, духоўны і гандлёвы цэнтр Самарканду
На адной з плошчаў Бухары
Крэпасць Арк (палац эміра) у БухарыАнсамбль Чор-Мінор (чатыры Мінарэта) у Бухары

Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда

Наш адрес

Русский Беларускі English Español Türkmen dili 格罗德诺国立农业大学
  • Республика Беларусь
    230008 г. Гродно ул.Терешковой, 28
  • Тел./Факс: +375 (152) 62-36-30
  • ggau@ggau.by
Мы используем cookies
Сайт использует файлы cookies. Оставаясь на этом сайте, вы соглашаетесь с условиями использования файлов cookies.