На працягу паўгода студэнты агранамічнага факультэта практыкаваліся ў галіне сельскай гаспадаркі ў Баварыі. Усяго - з нашага універсітэта было 10 студэнтаў, з астатніх аграрных універсітэтаў – яшчэ 13. Яны займаліся апрацоўкай глебы, даглядам за пасевамі і аховай іх ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля. Усе студэнты былі размеркаваны па аднаму ў розныя фермерскія гаспадаркі, дзе знаёміліся з сучаснымі тэхналогіямі вырошчвання сельскагаспадарчых культур, з прыватнымі ўстаноўкамі для атрымання біягаза, сонечнымі і ветравымі мініэлектрастанцыямі, якія вельмі эканамічны і шырока выкарыстоўваюцца ў Германіі. Трэба спадзявацца, што ў недалёкім будучым яны знойдуць больш шырокае выкарыстанне ў Беларусі.
Умовы пражывання нашых студэнтаў былі добрымі, бо студэнты знаходзіліся на поўным забеспячэнні сваіх гаспадароў. Акрамя таго яны атрымоўвалі стыпендыю ад Баварскага сялянскага саюза, а асобным былі даплаты і ад гаспадароў. Студэнты не толькі працавалі, але і пашыралі свой кругагляд праз экскурсіі ў іншыя краіны Еўропы, напрыклад, пабывалі ў Італіі і Аўстрыі. Наведалі Альпійскія горы, а таксама многія вялікія гарады Германіі – Берлін, Дрэздэн, Мюнхен, Кёльн, Штрасбург, Штутгардт, Франкфурт, Лейпцыг і іншыя.
Для практыкантаў былі арганізаваны тры навукова-практычныя семінары, на якіх адбывалася знаёмства з баварскай культурай, традыцыямі, кухняй, а таксама сельскагаспадарчай тэхнікай. Заняткі праводзіліся з выкарыстаннем тэсціравання, стварэння і прадстаўлення прэзентацый. Напрыклад, трэба было наглядна і ўсебакова прадставіць культуру, эканоміку і палітыку Беларусі. Падчас кожнага семінару былі экскурсіі. На выставе сельскагаспадарчай тэхнікі падчас фэсту побач з тэхнікай іншых краін была прадстаўлена адпаведная тэхніка з Мінскага МТЗ.