1 красавіка – Дзень Смеху і таму ў гэты дзень быў разыграны чарговы Кубак Клуба Вясёлых і Знаходлівых (КВН – больш знаёмая абрэвіятура імпрэзы) паміж факультэцкімі камандамі ГДАУ. Як і кожны год праз студэнцкі прафкам атрымаў два білеты. Хацелася, каб і мая жонка ацаніла творчыя здольнасці студэнтаў аграрнага. Адразу скажу, што яна засталася задаволеная ўзроўнем мерапрыемства, якое было арганізавана студэнцкім клубам, прафкамам і БРСМ. Мяне асабіста засмуціла на пачатку тое, што не прыняла удзел у спаборніцтвах каманда агранамічнага факультэта. Восенню на Шоу першакурснікаў яна не заняла першага месца, але ўзровень выступлення быў даволі высокі. І паколькі зараз будучыя аграномы на нашай кафедры вывучаюць сельскагаспадарчую мікрабіялогіі, было цікава паглядзець, як яны выступяць. Вакольнымі шляхамі пазней даведаўся чаму іх знялі з дыстанцыі, але няхай для нашых чытачоў гэта застанецца таямніцай.
Конкурсная праграма ўключала частак: Прывітанне, Размінка, Літаратурна-мастацкі конкурс, Відэяконкурс і хатняе заданне. Для таго, каб студэнты пасля не гаварылі, што некаму журы прысудзіла больш балаў, чым трэба, яно складалася з асобаў старонніх арганізацый. У журы былі прадстаўлены:
- дырэктар фабрыкі марозіва ОАО “Малочны мір” – Валерый Шышко;
- дырэктар першага маладзёжнага клуба «Stop Line» - Пётр Рацкевіч;
- прадстаўнік лічбавага фотацэнтра “Mega” – Дзяніс Серада;
- дырэктар студэнцкага клуба універсітэта – Ірына Таранка;
- дырэктар Гродзенскай лігі КВН – Віктар Косараў.
Як звычайнаму гледачу, мне было бачна, што судзілі ўсе выступленні каманд дастаткова справядліва. І калі прадстаўнікі нашага ветэрынарнага факультэта стартавалі ў гэтым годзе не вельмі ўдала, то гэта магчыма паўплывала і на іх адзнакі ў наступных конкурсах. Яны стараліся, але не дасягнулі ўзроўню шэрагу папярэдніх гадоў, калі трымалі першае месца. Некалькі гадоў назад эканамічнаму факультэту не шанцавала, хаця на маю думку яны тады выступалі таксама нядрэнна. Хадзілі нават чуткі, што за прагуляныя падчас рэпетыцый заняткі, яны павінны былі аплаціць допускі. Не перакананы, што так было на самай справе. Што датычыць каманды зоаінжынернага факультэта, то яна апошнія гады заўсёды ва ўсіх такіх спаборніцтвах была на першым месцы, ці нават атрымоўвала Гран-Пры. Ёй дапамагалі, як маглі і намеснікі дэкана ЗІФа, якія па сюжэту фільма змянілі сваіх сталёвых коней на лыжы ды ровар. У гэты раз іх каманда “Па курсу” заваявала другое месца, прапусціўшы наперад “Дзяцей дэкана Іосіфа” з эканамічнага факультэта. На трэцім месцы аказалася каманда бухгалтарскага факультэта - “Бу-бух”. Затым ішлі ахоўнікі раслін і тэхнолагі, якія, на маю думку, выступілі таксама вельмі добра. Выніковую табліцу з ацэнкамі кожнага этапу конкурсу можна пабачыць тут. У завяршэнні, пакуль сябры журы раілася, на сцэну падняўся прарэктар па выхаваўчай працы ГДАУ Фёдар Мікалаевіч Лявонаў і даў сваю адзнаку ўбачанаму, абмеркаваўшы амаль ці не кожны нумар кожнай каманды. Пасля гэтага выступілі прадстаўнікі журы. Віктар Косараў, напрыклад, папракнуўшы тым, што аграрны універсітэт хавае ад горада свае каманды, запрасіў пераможцаў прыняць удзел у гарадской лізе КВН. Аказалася, што суддзі прыгатавалі пераможцам і свае падарункі. Не цікавіўся, ці не папрастуджвалі свае горлы пасля эканамісты, яшчэ больш перакананы, што не спіліся ад прызавога піва і зоаінжынеры. Цяпер моладзь да гэтага стала больш устойлівая.
Прыгадваецца выпадак 30-гадовай даўніны. Паехалі мы з агітбрыгадай выступаць у Путрышкі. Настаялі каб за выступленне заплацілі. Ды арганізатары памыліліся - выдалі грошы да выступлення. Мы ж нявопытныя ў выпіўках купілі скрынку “чарніла”, якое выпілі пакуль пераапраналіся. Калі выйшлі касіць канюшыну пад музыку “Песняроў” “Касіў Ясь канюшыну…”, то ўступілі не тады калі трэба… Касіць не ў такт было немагчыма. Толькі з трэцяга разу дакасілі да канца. Ды гэта быў яшчэ не канец. Шарэнга маракоў пры выкананні “Яблычка” пасля прысяду не змагла падняцца. Адзін канец яе занесла так, што ўсе танцоры аказаліся на спіне…
Атмасферу Кубка КВН магчыма перадаць хіба што праз фотарэпартаж. Мой фотаапарат ужо даўно не ловіць рэзкасць на адлегласці больш, чым два метры. Таму тут прадстаўлены і добрыя здымкі, зробленыя Паўлам Язубцом.