Пачатак свята быў не традыцыйным. Не было апошняга званка, не было лентаў, якія звычайна вешаюць выдатнікам вучобы, лепшым спартсменам, актывістам, удзельнікам мастацкай самадзейнасці і г.д.
Васіль Мікалаевіч Салей, намеснік дэкана агранамічнага факультэта, паведаміў, што атрымліваюць дыпломы 123 выпускнікі факультэта, прычым 10 дыпломаў з адзнакай. Далей слова меў першы прарэктар Аляксандр Аляксандравіч Дудук, таксама былы выпускнік факультэта, які пералічыў, якія важнейшыя пасады ў беларускай дзяржаве займаюць нашы выпускнікі. Сярод іх міністры і іх намеснікі, губернатар, кіраўнікі навуковых інстытутаў і большасці гаспадарак Гродзенскай вобласці. Кожны трэці герой Рэспублікі Беларусь - выпускнік Гродзенскага аграрнага універсітэта (двое закончылі наш аграфак).
Выступіў таксама старшыня дзяржаўнай камісіі па абароне дыпломных работ Пятрэнка Уладзімір Ільіч. З яго выступлення былі падтрыманы моцнымі апладысментамі словы, што калі хто яшчэ не паспеў стварыць сям’ю, то для гэтага ёсць у запасе суткі. Вопыт паказвае, што ў будучым не будзе ўжо такога вялікага выбару кандыдатур для мужа ці жонкі з такім узроўнем адукацыі і да таго ж добра знаёмых. Буштэвіч Віктар Мікалаевіч, які быў старшынёй дзяржаўнай камісіі па абароне дыпломных прац студэнтамі бесперапыннай інтэгрыраванай сістэмы адукацыі, выказаў пажаданні нармальнай адаптацыі да тых працоўных калектываў, у якія кожны патрапіць. Намеснік дэкана аграфака Васіль Мікалаевіч Салей кожны год зачытваў тлумачальныя запіскі, якія пісалі асобныя студэнты, тлумачачы свае правіннасці, пасля чаго ўручаў іх студэнтам. У гэты раз ён прывёў толькі статыстычныя дадзеныя па студэнтах, якія мелі найбольш прапушчаных лекцый і практычных заняткаў. Мне паказалася, што гэта быў толькі жарт. Шчаслівай дарогі, цяпер ужо былым студэнтам, пажадаў выпускнік 9 выпуска аграфака, які адбыўся ў 1963 годзе, Іван Іосіфавіч Мікановіч. У гады маёй вучобы Іван Іосіфавіч быў намеснікам дэкана, а затым шмат гадоў працаваў на пасадзе дэкана аграфака. Частка студэнтаў атрымала грашовыя прэміі, частка - ганаровыя граматы, а кожны - дыплом агранома. Ад імя выпускнікоў выступіў Зміцер Мірскі, які дзяржаўнай камісіяй па абароне дыпломных работ рэкамендаваны для паступлення ў аспірантуру. Для роднага дэканата выпускнікі ахвяравалі вялікі букет кветак і вадкакрысталічны манітор
Калісьці і я быў выпускніком 26 выпуска агранамічнага факультэта. Нас было 87 чалавек, але які цудоўны развітальны канцэрт мы падрыхтавалі!
Ды і выпускаліся мы 31 студзеня. Калі хто жадаў - месяц мог адпачываць, а ў сакавіку мы ўжо вывозілі арганічныя ўгнаенні на палі ў тых гаспадарках, дзе працавалі. За мінулыя гады сабраліся на сустрэчу толькі двойчы, праз 5 і праз 20 гадоў. Хочацца спадзявацца, што ў наступным годзе збяромся на 30-годдзе выпуска. Вялікі працэнт маіх аднакурснікаў засталіся працаваць па спецыяльнасці, а мой аднагрупнік Васіль Паўлоўскі і зараз працуе намеснікам міністра сельскай гаспадаркі.
Пасля ўрачыстасці маладыя спецыялісты фатаграфаваліся ва універсітэце, на вуліцы. Затым падаліся групамі ў парк, што побач з корпусам раслінаводства. Шкада, што студэнцкія гады так хутка праходзяць!!!