Як звычайна, яшчэ ў сакавіку студэнты 4 курса агранамічнага факультэта ды і факультэта аховы раслін раз’язджаюцца на паўгода на вытворчую практыку ў аграрныя гаспадаркі рэспублікі. І таму для іх навуковая канферэнцыя ладзіцца раней. У гэтым годзе яна адбылася 10-11 сакавіка. Працавалі чатыры секцыі, на адной з якіх мне давялося быць кіраўніком. Вельмі цяжка вызначыць занятае месца, калі выступаюць і твае дыпломнікі, таму прасцей выбраць студэнцкую камісію з прадстаўнікоў розных курсаў, якія найбольш аб’ектыўна справяцца з гэтым. Такія камісіі працуюць на кожнай секцыі і іх роля вельмі значная, паколькі першыя тры месцы адзначаюцца не толькі дыпломамі, але і грашовай дабаўкай да стыпендыі. За I месца студэнты атрымаюць па дзве мінімальныя зарплаты, за II - 1,5 і за III - па адной.
Студэнцкая навука ў Гродзенскім аграрным універсітэце заўсёды была на высокім узроўні нават з часоў маёй вучобы на агранамічным факультэце яшчэ 30 гадоў таму назад. І тады студэнты праводзілі навуковыя доследы на вопытным полі, у гаспадарках і на фермах. Я і сам тады займаўся вывучэннем уплыву іла, які атрымліваецца на гродзенскіх ачышчальных збудаваннях, на мікрабіялагічную і ферментатыўную актыўнасць глебы і ўраджайнасць культур. З атрыманымі дадзенымі выступаў не толькі ў сваім, тады яшчэ інстытуце - ГСГІ, але і ў Горках, Калініне (зараз Твер). Напісаная мной студэнцкая праца атрымала на рэспубліканскім конкурсе дыплом I ступені. І толькі нядаўна даведаўся, што ўсе тыя матэрыялы друкаваліся ў зборніках канферэнцый без майго прозвішча. А чаму? Каб пасля не ўзнікала падобных пытанняў і ў маіх цяперашних дыпломнікаў мы стараемся друкаваць усе свае матэрыялы сумесна. І таму, калі ў гэтым годзе студэнт 5 курса аграфака Сцепанюк Сяргей пісаў конкурсную работу, мы ўжо ведалі, што нейкі дыплом усё ж атрымаем, паколькі ён меў ужо 6 публікацый. І сапраўды атрымалі, праца адзначана дыпломам I ступені.
У 2005 годзе са студэнтам ФВМ Дзянісам Шкуцём мы ўзяліся напісаць працу на конкурс, які прысвячаўся 60-м угодкам Перамогі ў Вялікай Айчыннай Вайне. Назвалі яе “ Праз усю вайну ішоў салдат з жаданнем выжыць...”. Калі загадчык маёй кафедры Мікалай Сцяпанавіч Мядзвецкі даведаўся аб такой назве, то сказаў - ніякай перспектывы ў вашай працы няма, бо ў вашага салдата было зусім не тое жаданне. Магчыма і так, але праца насіла мемуарны характар і таго салдата, аб якім мы пісалі, не было ўжо ў жывых. Не было ў нас па гэтай тэме і ніводнай публікацыі, за якую пры ацэньванні працы выстаўляюцца балы. Якое ж было наша здзіўленне, калі аказалася, што праца атрымала дыплом II ступені, на якім стаяў подпіс Прэзідэнта краіны А.Р.Лукашэнкі.
На другім этапе IX Міжнароднай студэнцкай навуковай канферэнцыі, якая праходзіла 10-11 красавіка, працавалі наступныя секцыі:
- эканамічных навук;
- бухгалтарскага ўліку і аналізу ў АПК;
- заатэхнічных навук;
- ветэрынарных навук;
- тэхналогіі перапрацоўкі і захоўвання сельскагаспадарчай сыравіны;
- сацыяльна-гуманітарных навук.
Хацелася з фотаапаратам пабываць на ўсіх секцыях, але пачаў з секцыі ветэрынарных навук, бо першым у праграме стаяў выступ Вадзіма Дуброўскага, студэнта 4 курса ФВМ, з якім мы займаемся навуковымі даследаваннямі з часу, калі ён вучыўся на першым курсе. Пазнаёміўся я са студэнтамі першага курса факультэта ветэрынарнай медыцыны Вадзімам Дуброўскім і Аляксеем Білецкім на ўборцы яблык у адной з гаспадарак раёна. Па тым, як чалавек працуе, можна скласці добрае ці дрэннае ўражанне, што гэта будзе за студэнт. На маё пытанне, чаму “сачкуем”, Вадзім адказаў – усё роўна не заплоцяць. У той год дэканат сапраўды збіраўся заробленыя студэнтамі грошы выкарыстаць на свае патрэбы. Мне спадабаўся яго неардынарны адказ, і я прапанаваў хлопцам прыходзіць на кафедру мікрабіялогіі займацца навукай. У хуткім часе Аляксей паведаміў, што яго больш цягне да біяхіміі і таму з ім мы ўдзельнічаем толькі на канферэнцыях па грамадскіх навуках. З Вадзімам жа мы ўжо маем больш за два дзесяткі сумесных навуковых публікацый і не толькі ў Гродна, Віцебску ці ў Горках, але і ў Новамаскоўску, і ў Херсоне, а ў гэтым годзе мы запрошаны для ўдзелу ў экалагічнай навукова-практычнай канферэнцыі, якая адбудзецца ў Каўнасе.
У зале, дзе працавала секцыя ветэрынарных навук, не заставалася ніводнага вольнага месца. Як толькі Вадзім пачаў выступленне, я хуценька зышоў з залы і падаўся на секцыю заатэхнічных навук, паседжанне якой было ў актавай зале зоаінжынернага факультэта, таксама перапоўненай. Далей на маім шляху аказаўся корпус раслінаводства, у якім працавала ўпершыню ў гісторыі ГДАУ секцыя тэхналогіі перапрацоўкі і захоўвання сельскагаспадарчай сыравіны. Якраз выступоўца завяршыў свой даклад і яму студэнты, наколькі ведаю, ужо трэцяга курса ІТФ задавалі адно за другім пытанні. Таксама шмат пытанняў было і да студэнткі, якая вырашыла выступіць на секцыі сацыяльна-гуманітарных навук.
А вось на паседжанне эканамічнай секцыі і секцыі бухгалтарскага уліку і аналізу ў АПК я трапіў толькі пасля перапынку. На сцяне залы эканамічнай секцыі было вялікімі літарамі напісана - ПРЫВІТАННЕ ЎДЗЕЛЬНІКАМ КАНФЕРЭНЦЫІ. Я ўсё чакаў, калі ж патэлефануе мой Дуброўскі. Ён патэлефанаваў і паведаміў, што атрымаў дыплом за першае месца. Дзякуй Вам, Мікалай Іванавіч, чаго б без вас я быў бы варты, - сказаў Вадзім. А тое, што вы не бачылі маёй прэзентацыі, я прадэманструю яе вам іншым разам. Тут, у навуковым аддзеле, я зноў спаткаў магістрантаў з Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, з якімі пазнаёміўся раніцай. Яны трымалі ў руках дыпломы, якія застануцца на памяць аб удзеле ў нашай канферэнцыі і зборнікі з матэрыяламі канферэнцыі.
А далей інфармацыя аб студэнтах, якія атрымалі прэміяльныя месцы і адпаведныя ім прыбаўкі да стыпендыі:
дыпломы I ступені і прыбаўку да стыпендыі ў 2 базавыя велічыні атрымаюць:
- Лукша Вольга Мікалаеўна - 3 курс СГТ АГРА
- Жданко Дзяніс Валер’евіч - курс АГРА
- Саўчык Сяргей Міхайлавіч - 3 курс АГРА
- Чорная Алена Анатольеўна і Ракіцкая Вольга Ігараўна - 4 курс ФАР
- Шарала Віктар Віктаравіч - 5 курс ФБУ
- Болтач Ганна Уладзімераўна - 4 курс ФБУ
- Трафімчык Раман Вікенцевіч - 5 курс ЗІФ
- Дуброўскі Вадзім Віктаравіч - 4 курс ФВМ
- Патрэба Уладзімір Уладзіміравіч - 2 курс ІТФ
- Бузун Дзмітрый Александравіч - 1 курс АГРА
- Якаўлева Алена Алегаўна - 2 курс Фбу
- Масальскі Андрэй Станіслававіч - 4 курс ЭКФ
- Крыпушына Кацярына Яўгенаўна - 4 курс ЭКФ
дыпломы II ступені і прыбаўку да стыпендыі ў 1,5 базавыя велічыні атрымаюць:
- Мілоста Анастасія Генрыхаўна - 4 курс АГРА
- Сяргейчык Юлія Алегаўна - 4 курс АГРА
- Васільева Алёна Аляксандраўна - 3 курс ФАР
- Багушэвіч Павел Тадэушавіч - 5 курс ФАР
- Грыпіч Марта Валер’еўна - 4 курс ФБУ
- Літвін Вольга Іосіфаўна - 4 курс ФБУ
- Рабчанка Вольга Міхайлаўна і Зубрыцкая Таццяна Валер’еўна - 2 к ІТФ
- Казыра Ганна Міхайлаўна - 3 курс ФВМ
- Духцік Таццяна Аляксандраўна - 5 курс ЗІФ
- Герасюк Уладзімір Міхайлавіч - 2 курс ФБУ
- Сташэўская Таццяна Вячаславаўна - 3 курс ФБУ
- Лунёва Ірына Міхайлаўна - 3 курс ЭКФ
- Пасюк Фёдар Фёдаравіч - 3 курс АГРА
дыпломы III ступені і прыбаўку да стыпендыі ў 1 базавую велічыню атрымаюць:
- Астапчук Юрый Васільевіч - 3 курс АГРА
- Ругаль Мікалай Алегавіч - 5 курс АГРА
- Ермакова Вольга Міхайлаўна - 4 курс АГРА
- Зензіна Анастасія Анатольеўна - 5 курс ФАР
- Картаўцава Кацярына Алегаўна - 2 курс ЗІФ
- Гурскі Вадзім Генадзьевіч - 5 курс ЗІФ
- Карповіч Плена Генадзьеўна - 5 курс ФВМ
- Хільмановіч Дзмітрый Іванавіч і Генселевіч Аляксандр - 2 курс ІТФ
- Фаміна Ірына Валер’еўна - 4 курс ФБУ
- Бельская Таццяна Мікалаеўна - 4 курс ФБУ
- Баркоўская Дзіяна Сяргееўна - 1 курс ІТФ
- Садоўская Наталля Аляксандраўна - 4 курс ЭКФ
- Трахімовіч Наталля Віктараўна - 3 курс ЭКФ