23 чэрвеня ў БДУ адбылася ўрачыстасць, на якой студэнты і іх навуковыя кіраўнікі атрымалі Дыпломы за творчыя працы, падрыхтаваныя ў рамках V Рэспубліканскага конкурсу творчых работ навукоўцаў і студэнтаў па грамадскіх навуках “Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці беларускага народа”, якія прысвячаліся 65-м угодкам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Сярод пераможцаў аказаліся і дзве працы, выкананыя ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце студэнтамі другіх курсаў агранамічнага і інжынерна-тэхналагічнага факультэтаў. Усяго, як гаварылася, у конкурсе прынялі ўдзел больш за 3000 работ, з якіх спачатку былі адабраны 101 лепшая, а ўжо пасля вялікае аўтарытэтнае журы, у якое увайшлі вядомыя вучоныя, адабрала 43 работы, якія узнагародзілі дыпломамі I, II і III катэгорыі.
Удзельнікі конкурсу былі запрошаны ў БДУ для удзелу ў працэсе ўзнагароджання. Пад гукі старажытнай музыкі яны заходзілі ў залу паседжанняў Вучонага савета галоўнага універсітэта краіны. Зала змяшчаецца ў будынку, пабудаваным яшчэ ў 1930 годзе. Разрывы паміж выдачай дыпломаў пераможцам і іх кіраўнікам суправаджаліся выступамі віртуозаў ігры на акардыёнах ды цымбалах. Ва ўрачыстым прэзідыуме рэктар БДУ - Сяргей Уладзіміравіч Абламейка, намеснік міністра адукацыі - Аляксандр Іванавіч Жук, ад палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Беларусі – генерал-лейтэнант Анатоль Мікалаевіч Новікаў і намеснік старшыні журы конкурсу Сяргей Васіллевіч Рашэтнікаў. Кожны з іх сказаў некалькі добрых слоў у адрас пераможцаў. Усе прадстаўнікі журы прысутнічалі ў зале і былі прадстаўлены ўдзельнікам конкурсу.
На долю Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага універсітэта выпала атрымаць дзве ўзнагароды. Дыпломы I катэгорыі атрымалі студэнт 2-га курса аграфака Дзіма Бузун і яго навуковы кіраўнік Пётр Сцецкевіч, а Дыпломы II катэгорыі – студэнтка 2-га курса Наталля Наюліс і яе навуковы кіраўнік дацэнт кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі Мікалай Таранда (аўтар гэтага матэрыялу). Паколькі дыпломы атрымоўвалі і навучэнцы сярэдніх школ, гімназій і коледжаў, то далёка не кожны універсітэт Беларусі можа пахваліцца такімі ўзнагародамі. Варта адзначыць, што студэнтамі ГДУ імя Я.Купалы атрыманы таксама два Дыпломы II катэгорыі.
Шкада, што ні Дзіма Бузун, ні яго навуковы кіраўнік не прысутнічалі на атрыманні ўзнагарод. Фотаздымкі з імпрэзы ўзнагароджання былі б для яго добрай памяткай на доўгія гады. Але фатаграфавацца ён не любіць, і таму здабыць фотаздымак Дзімы для ілюстрацыі гэтага матэрыялу дапамаглі мне яго аднагрупнікі. Студэнтамі БДУ для гасцей была праведзена экскурсія па ўніверсітэцкім дворыку. За свае гады я ўпершыню пабачыў столькі помнікаў у адным месцы дзеячам беларускай асветы: Францішку Скарыну, Кірылу Тураўскаму, Ефрасінні Полацкай, Сымону Буднаму, Васілю Цяпінскаму… Гэта было сапраўдным адкрыццём. Працяг экскурсіі быў на пляцы Незалежнасці, пасля чаго мы з Наталляй былі б вольнымі, ды прыгадалі, што не атрымалі Дыпломаў за сваіх калег. Давялося патрапіць у будынак Міністэрства адукацыі і наведаць там некалькі пакояў. З намі была яшчэ адна студэнтка з Мінска, якая спазнілася на ўрачыстаць.
У той жа дзень я забраў з БДУ і 12 Дыпломаў I катэгорыі, якія атрымалі студэнты нашага універсітэта за навуковыя працы, выкананыя ў 2008 годзе. Сярод іх была і ўзнагарода для майго дыпломніка Вадзіма Дуброўскага з факультэта ветэрынарнай медыцыны. Навуковая дзейнасць студэнтаў ГДАУ заслугоўвае ўвагі. Далей некалькі фотаздымкаў.
Здымак на памятку пасля атрымання Дыпломаў – генерал-лейтэнант Новікаў, Мікалай Таранда, Наталля Наюліс, у прэзідыуме рэктар БДУ Сяргей Уладзіміравіч Абламейка
Я са сваёй дачкой ў фае залы паседжанняў Вучонага савета БДУ
Запрошаныя ў БДУ выстройваюцца для сумеснага фатаграфавання
А гэта агульны фотаздымак пераможцаў конкурсу і іх кіраўнікоў ласкава дасланы для нас фатографам БДУ і Людмілай Іванаўнай Янковіч
Я са сваім сябрам Віталем Вінічэнкам у раёне плошчы Незалежнасці
Супрацоўнік Міністэрства адукацыі Галіна Міхайлаўна Марціновіч уручае Дыплом вучаніцы школы № 13 г.Мінска Вікторыі Драздовай
Студэнт 2-га курса аграфака Дзіма Бузун падчас практыкі на вопытным полі ГДАУ
Студэнт V курса ФВМ рады сваёй ўзнагародзе – Дыплому I катэгорыі