Спецыяльна створаная для прыёмкі вопытаў камісія, кіраўнікі навуковых даследаванняў, аспіранты і нашы госці з Пензы накіраваліся на аўтобусе і ўласных аўтамабілях спачатку на калекцыйны і селекцыйны пітомнікі, якія знаходзіцца за Грандзічамі. Там гасцей чакаў знакаміты селекцыянер Канстанцін Уладзіміравіч Каляда, супрацоўнікі яго кафедры, аспіранты. Усе разам яны працуюць над стварэннем гатункаў азімай мяккай пшаніцы хлебапякарнай з ўраджайнасцю 90-100 ц/га, фуражнай – з ураджайнасцю 100 - 120 ц/га, зімаўстойлівай, устойлівай да палягання і захворванняў, якую б можна было вырошчваць у кліматычных умовах Беларусі.
Для вывядзення новых гатункаў пшаніцы патрэбна вывучэнне генафонду і стварэнне новага зыходнага матэрыялу для далейшай селекцыі. Таму пітомнік утрымлівае шмат айчынных, еўрапейскіх і расійскіх гатункаў пшаніцы. Я не запамятаў той колькасці ўзораў пшаніцы, якія там утрымліваюцца, як і метадаў селекцыі, якія патрабуюць вельмі шмат ручной працы. Паказаў Канстанцін Уладзіміравіч і свой сорт пшаніцы Ядвіга, які прайшоў іспыт у некалькіх месцах Беларусі і выявіў сваю высокую ураджайнасць – 118 ц/га. Прафесар Каляда дзяліўся сваімі праблемамі. У апошнія гады адсутнічае фінансаванне гэтай працы і таму калекцыйны пітомнік рыхтуецца да кансервацыі. З другога боку вераб’і мяшаюць працы. Яны з’ядаюць зерне і топчуць пасевы. Студэнтаў і работнікаў зусім перасталі баяцца (думаю, што неабходны спецыяльныя прыстасаванні, якія ёсць на Захадзе, якія адпужваюць птушак ад такіх пітомнікаў).
Першай аб сваіх вопытах расказала Ірына Уладзіміраўна Шыбанава. Даследаванні сістэм угнаенняў і прыёмаў апрацоўкі глебы ў севазвароце працягваюцца з 1998 года, што мяне вельмі здзівіла, паколькі і я са сваімі студэнтамі дыпломнікамі ў гэтай рабоце мелі свой кавалак працы па вывучэнню зменаў мікрафлоры пры розных антрапагенных ўздзеяннях і агратэхніцы. На нейкім этапе мы адышлі ад працы, а севазварот аказваецца быў падоўжаны. Затым аб сваіх даследаваннях на грэчцы расказаў аспірант кафедры аграхіміі, глебазнаўства і сельскагаспадарчай экалогіі Аляксандр Корнель. Далей былі вопыты на бульбе, лекавых раслінах… Члены камісіі задавалі шмат пытанняў, на якія навукоўцы заўсёды знаходзілі кампетэнтныя адказы. Заўвагі тычыліся тых вопытаў, дзе было заўважана пустазелле. Для такіх даследчыкаў быў дадзены кароткі тэрмін для праполкі і пераздачы вопытаў. З намі разам былі госці з Пензы, якіх цікавілі лекавыя расліны, іх тэхналогія і розныя вытворчыя пытанні. Даведаліся яны пра наш універсітэт на выставе Белагра і прыехалі, каб бліжэй пазнаёміцца з працай над лекавымі раслінамі Генрыха Мар’янавіча Мілосты.
Добрай разрыўкай аказаліся для камісіі і навукоўцаў чарэшні, якімі пачаставаў усіх студэнт, што адбывае на вопытным полі 6-месячную вытворчую практыку - Вася Колесняў. Тут закладзены сучасны сад з заходнімі гатункамі яблык, а нядаўна пасаджаны па некалькі гатункаў абрыкосаў, персікаў і вішань. Штосьці ўжо пачынае плоданасіць і таму на месцы пабудавана памяшканне халадзільніка для захоўвання 60 тон прадукцыі. Плануецца дабудаваць яшчэ 4 секцыі. Далей працягвалася прыёмка, а каля гадзіны дня мы пераехалі на тэрыторыю аграцэнтру ГДАУ, дзе праводзіцца вывучэння самых сучасных тэхналогій вырошчвання новых ды і старых гатункаў розных культур: Рапса зімовага і веснавога, пшаніцы, трыцікале, ячменю, цукровых буракоў, бульбы… Наколькі я зразумеў кіруе ўсёй гэтай гаспадаркай Дзмітрый Аркадзевіч Брукіш. Каля кожнай дзялянкі таблічка з надпісам, што раскрывае тэрміны выкарыстання розных гербіцыдаў, фунгіцыдаў, угнаенняў, мікраэлементаў. Кафедра аховы раслін для сваіх супрацоўнікаў мае вялікі надзел для правядзення даследаванняў для будучых кандыдатскіх і доктарскіх дысертацый. Але галоўнае – гэта правядзенне павышэння кваліфікацыі спецыялістаў сельскай гаспадаркі, якія на жывым прыкладзе могуць пераканацца што і як трэба рабіць, каб атрымаць самы высокі ўраджай любой з культур.
Першым сустракае камісію прафесар Канстанцін Уладзіміравіч Каляда
А гэта нашы госці з Пензы: Ірына Фёдараўна Рузава і Павел Рыгоравіч Алёнін
Дакладвае вынікі сваіх даследаванняў аспірантка К.У.Каляды Алена Гуж, якая працуе толькі трэці год (для вывядзення свайго сорту патрэбна каля 12 гадоў)
Так выглядае поле з пшаніцай
Ужо на вопытным полі – грэчка толькі што зацвіла
Павел Славаміравіч Шэшко (справа) знаёміць са сваім пладовым садам
Маладая яблынька
Каля нашых вопытаў з трыцікале Пётр Тарасенка, Мікалай Таранда і Пётр Мозаль (у гэтым годзе споўнілася 50 гадоў, як ён закончыў ГСГІ (ГДАУ)
А гэта на практыку на поле завіталі студэнты 2-га курса аграфака
Дзмітрый Брукіш і яго аспірант Сяргей Бейцюк знаёмяць прысутных са шкоднікамі, якія пасяляюцца на азімым рапсе
Вось такімі этыкеткамі пазначаны эксперыменты на дзялянках Аграцэнтра ГДАУ
Камісія дабралася і да яравога рапса
Проста з дарогі паказвае свае вопыты дэкан агранамічнага факультэта Фёдар Фёдаравіч Седляр