Пад такой назвай у ГДАУ 26-27 жніўня праводзіцца навуковая канферэнцыя з удзелам галоўных спецыялістаў свінагадоўлі Беларусі, Украіны і Расіі. Для прадстаўлення гэтай інфармацыі на сайце давялося пабываць на пачатку канферэнцыі, якая праводзіцца штогод па чарзе ў розных краінах і розных навуковых і навукова даследчых установах.
Каля стала рэгістрацыі ўдзельнікаў канферэнцыі спаткаў сваіх знаёмых з ВДАВМ, з якімі бачыліся на канферэнцыі два гады назад. Яны запомніліся таму, што даклады рабілі, як і мой дыпломнік, па-беларуску. Наталля Хлебус – аспірантка аказалася жонкай кандыдата ветэрынарных навук Сяргея Пятроўскага. Таму першы фотаздымак я зрабіў каля стэнда з вучэбнымі і навуковымі выданнямі па свінагадоўлі.
Частка ўдзельнікаў канферэнцыі знаходзілася ўжо ў зале і пакуль заставалася крыху часу да пачатку яе, я вырашыў пазнаёміцца з гасцямі, з якімі - будзе бачна ніжэй па фотаздымках. На жаль не паспеў зрабіць гэта да канца. Зайшлі рэктар ГДАУ Вітольд Казіміравіч Песціс і госці, якія занялі месца ў прэзідыуме. Вітольд Казіміравіч зрабіў невялікую прэзентацыю універсітэта, яго дасягненняў, прадставіў гасцей спачатку далёкіх, а затым і беларускіх. Было бачна, што ў канферэнцыі ўдзельнічаюць вучоныя з Чаркаска, Ульянаўска, Палтавы… Затым выступіў акадэмік з Украіны Рыбалка Вадзім Паўлавіч, які прачытаў верш, ухваляючы сяброўства трох славянскіх народаў. Да пачатку канферэнцыі выданы зборнік яе матэрыялаў.
Знаходзячыся ў адпачынку, і не маючы цесных навуковых сувязяў са свінаводамі, я пакінуў канферэнцыю, якая будзе працаваць два дні і падчас якой госці наведаюць Аўгустоўскі канал. Вельмі здзівіла, што на гэты раз мяне ніхто не запрашаў быць гідам па каналу і яго ваколіцам. Магчыма гэта звязана з тым, што асноўнымі арганізатарамі канферэнцыі з’яўляюцца прадстаўнікі РУП НПЦ НАНБ па жывёлагадоўлі з Жодзіна.
Госці канферэнцыі падчас сустрэчы ў пакоі рэктара ГДАУ Вітольда Казіміравіча Песціса
Пятроўскі Сяргей і Хлебус Наталля каля стэнда з кніжкамі
Злева направа сядзяць Людміла Аляксандраўна Танана – доктар с.-г. навук, прафесар кафедры генетыкі і развядзення ГДАУ, Епішка Таццяна Іванаўна – доктар с.-г. навук з Палескага дзяржаўнага універсітэта з Пінска і Міхайлава Марыя Ягораўна – к.б.н., дацэнт Інстытута генетыкі НАНБ
На здымку Шэйко Руслан Іванавіч – загадчык лабараторыі гібрыдызацыі свінагадоўлі РУП НПЦ НАНБ па жывёлагадоўлі, Шэйко Таццяна Уладзіміраўна – жонка, і адначасова арганізатар канферэнцыі адтуль жа
А тут прадстаўлены Епіфанаў Віктар Генадзевіч – доктар біялагічных навук кафедры кармлення, намеснік дэкана зоаінжынернага факультэта Ціміразеўскага дзяржаўнага аграрнага універсітэта з Масквы, Юшкова Любоў Гергіеўна – канд. с.-г. навук з таго ж універсітэта і Падабед Леанід Іларыёнавіч (справа) – доктар с.-г. навук Інстытута жывёлагадоўлі УААН з Харкава
Аспіранты Капацкі Аляксандр (ГДАУ), Касперовіч Дзмітрый (ВДАВМ) і к.с.-г. навук, дацэнт УА ВДАВМ Дойлідаў Віктар
Аспіранты з Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі Мікалай Катушонак і Цыкунова Вольга
Злева направа прадстаўнікі РУП НПЦ НАНБ па жывёлагадоўлі: Беззубаў Валянцін Іванавіч - доктар с.-г.навук, прафесар, Хадасоўскі Дзмітрый Мікалаевіч - канд.с.-г.навук, дацэнт, Лінкевіч Сяргей Аляксандравіч - канд. с.-г.навук
Злева доктар с.-г.навук, прафесар, акадэмік АН сельскай і лясной гаспадаркі Латвіі Серакоў Іван Сцяпанавіч, далей Беззубаў В.І і Хадасоўскі Д.М.
Вітольд Казіміравіч знаёміць прысутных з удзельнікамі канферэнцыі
У прэзідыуме Рыбалка Вадзім Паўлавіч, Уліцько В.Е. з Ульянаўска, Геця Андрэй Анатольевіч з Палтавы
Выступае доктар сельскагаспадарчых навук, акадэмік Шэйко Іван Паўлавіч