3 снежня 2009 года злёт выпускнікоў з тэмай “Благополучие Родины, процветание Беларуси – мой долг, моя судьба” адбыўся на базе аграгарадка “Васілішкі” Шчучынскага раёна. Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляліся ГАА РГА “Белая Русь”, Гродзенскі аблвыканкам, АК ГА “БРСМ”, абласное аб’яднанне прафсаюзаў.
Пасля агульнага збору і рэгістрацыі ўдзельнікаў выступіў рэктар ГДАУ Вітольд Казіміравіч Песціс, які аб’явіў хто і па якіх маршрутах будзе знаёміцца з гаспадаркай. Усяго было 4 маршруты, які адпавядалі зацікаўленасці выпускнікоў: медыцынскія навучальныя установы рухаліся па маршруту № 2, педагагічныя – па маршруту № 3, юрыдычна-культурнай накіраванасці па маршруту № 4.
Маршрут № 1 пралягаў праз майстэрні, малочна-таварную ферму і збожжаачышчальны комплекс. Вандроўнікаў па гэтым маршруце суправаджаў старшыня СВК “Васілішкі” Серэхан Уладзімір Часлававіч. Акрамя студэнтаў аграрнага універсітэта ў групе былі студэнты 5 каледжаў: Гродзенскага дзяржаўнага палітэхнічнага, Ваўкавыскага і Навагрудскага дзяржаўных аграрных, Ашмянскага аграрна-эканамічнага і Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжаў. Усяго 51 чалавек, сярод якіх 19 студэнтаў і намеснік дэкана ФАР Кіслы Уладзімір Уладзіміравіч. Факультэт аховы раслін прадстаўлялі пяцікурснікі Алег Апрэсян, Яўген Карнэль і Таццяна Ліс; агранамічны – Юры Банцэвіч і Іна Дудук; ветэрынарны – Аляксей Лабацкі, Марына Бароўская і Сяргей Краўцэвіч; біятэхналагічны – Марта Герасімчык, Наталля Курчэўская і Зінаіда Філімонава; эканамічны – Андрэй Ігнацік, Алег Кухарчык і Алег Пекар; бухгалтарскага ўліку – Кацярына Глазкова, Таццяна Стасюкевіч і Таццяна Сташэўская, а інжынерна-тэхналагічны – Вольга Болцік і Людміла Дрынеўская.
Нягледзячы на тое, што я сам нядаўна прысутнічаў на нарадзе ў аблаграпроме, дзе разглядаліся і часам крытыкаваліся розныя пазіцыі дзейнасці СВК “Васілішкі”, паказаць гасцям ў гаспадарцы было што, аб чым будзе далей сведчыць даданы да гэтага матэрыялу фотарэпартаж, прадстаўлены для сайта Уладзімірам Кіслым. Пасля вандроўкі па аб’ектах усе сабраліся на пленарнае паседжанне у цэнтры культуры і адпачынку. Паседжанне адкрыў сваім выступам намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэту Ігар Георгіевіч Жук, пасля выступілі Рэктар ГДАУ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, старшыня Гродзенскага абласнога грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Вітольд Казіміравіч Песціс, старшыня СВК “Прагрэс-Верцялішкі” Васіль Афанасавіч Рэвяка і іншыя. Сярод выступоўцаў быў і студэнт эканамічнага факультэта ГДАУ Андрэй Ігнацік, перад якім стаяла задача зацікавіць выпускнікоў працай на вёсцы. Для гэтага яму давялося прывесці ўсе тыя прыклады “за”, якія неабходны для пераканання слухачоў: цудоўныя аграгарадкі, сярэдняй цяжкасці праца, вельмі высокія зарплаты, усе сацыяльна-культурныя выгоды і г.д. На заклік “Радзіма кліча” трэба адгукнуцца маладым спецыялістам. За адну хвіліну Андрэй па тэлефону амаль пераканаў і мяне ў гэтым.
Наступны мой званок да ўдзельніка сустрэчы Яўгена Корнеля з пытаннем, што яму спадабалася ў Васілішках. Атрымаў адказ падобнага зместу – усё спадабалася, калі б дзяржава ўкладвала такія вялікія грошы ў кожную гаспадарку, мы б тады дагналі і перагналі Заходнюю Еўропу. І працаваць ў такой гаспадарцы адно задавальненне, бо ёсць рэсурсы, ёсць тэхніка, усе ўмовы.
Даю адну хвіліну тэлефоннай размовы пяцікурсніку факультэта ветэрынарнай медыцыны Сяргею Краўцэвічу. Аб ім я ўжо пісаў на нашым сайце, бо ніводнага года рамонт корпуса не абходзіўся без яго самаадданай працы. Думаю такому спецыялісту была б рада любая гаспадарка, бо акрамя ўсяго ён яшчэ і выдатнік вучобы і факультэтскі актывіст. На маё пытанне, што ж спадабалася яму ў Васілішках і ці працаваў бы ён там, Сяргей адказаў: усё спадабалася! Працаваў бы! Толькі вось ад аграгарадка чакаў большага, не так там і многа сучасных домікаў – раз два і пралічыўся. Вельмі добрыя ангары для тэхнікі, як і сама тэхніка. Фермы звычайныя, хіба што цяляты ў асобных доміках размяшчаюцца, але самі яны выглядаюць горш, чым маглі б. Добра, што ёсць свой завод, які рыхтуе камбікармы, збалансаваныя па амінакіслотах. Спадабаўся і канцэрт, ды і абед быў добры. Працаваў бы. Чаму ж не!
Пасля таго, як выслухаў трох нашых студэнтаў, раблю выснову: добрых спецыялістаў мы рыхтуем, якія і з крытычнага боку могуць ацаніць абстаноўку і інтэрв’ю выдаць абгрунтаванае за адну хвіліну не рыхтуючы яго зарання. А далей фотаздымкі са злёту студэнтаў выпускнікоў(пераважна нашых) у Васілішках.