Ва ўсе часы існавання нашага універсітэта навуковая праца студэнтаў праводзілася не толькі ў калгасах і іншых форм сельскагаспадарчых прадпрыемствах, але і на ўласным доследным полі, якое знаходзіцца ў раёне в. Зарыца.
У 60-х гадах ХХ стагоддзя недалёка ад таго поля быў вайсковы палігон, і аднойчы, калі студэнты адпачывалі ад працы на нейкай паляне, салдат-танкіст вырашыў пажартаваць. Жарт не атрымаўся, бо ён наехаў на тых студэнтаў, спалохаўся сам, ды пачаў круціцца на адным месцы. Тады загінулі некалькі студэнтаў ГСГІ. Такі расказ ад аднаго пакалення студэнтаў перадаецца іншаму ў вуснай форме. За апошнія гады памеры доследнага поля пашырыліся да ста гектараў. Шмат хто з выкладчыкаў агранамічнага профілю атрымлівае каля аднаго гектара зямлі, на якім і выконваюцца доследы па бюджэтнай ці гаспадарчадамоўнай форме. У апошнім выпадку за працу можна атрымаць нават грашовую кампенсацыю.
Сталася так, што студэнты дыпломнікі, якія вучацца на будучых аграномаў, на ветэрынарным факультэце засталіся, пасля пераезду кафедры мікрабіялогіі, толькі ў мяне. Нельга сказаць, што яны занятыя навуковай працай больш, чым студэнты на іншых кафедрах. Асноўная наша задача – вывучэнне змяненняў, якія адбываюцца ў складзе мікрафлоры глебы у выніку антрапагеннага ўздзеяння чалавека на глебу (апрацоўка яе, унясенне ўгнаенняў). Праўда, каб студэнты ведалі ўвесь тэхналагічны працэс, яны задзейнічаны на ўсіх этапах вырошчвання культур разам са студэнтамі, якія выконваюць дыпломныя працы на кафедры земляробства.
Зусім нядаўна са сваімі двума дыпломнікамі другакурснікамі (трэці працуе на камбайне ў адной з гаспадарак) мы адабралі ўзоры глебы з пасеваў ячменю, якія пасеялі на вызначэнне колькасці там бактэрый, актынаміцэтаў і грыбоў, адабралі з кожнай дзелянкі па 1 м2 канюшыны - для вызначэння атрыманай ураджайнасці, а 7 жніўня ўдзельнічалі ва ўборцы ячменю.