Праз 2 гады адбудзецца вялікая падзея ў жыцці нашай краіны, бо будзе адзначацца 100-годдзе ад нараджэння выдатнай беларускай паэтэсы – Ларысы Геніюш, якая нарадзілася ў Жлобаўцах, што знаходзяцца зараз на тэрыторыі Ваўкавыскага раёна.
Частка яе жыцця прайшла ў Празе, дзе на медыка вучыўся яе муж Іван Геніюш, і да якога яна паехала ў Чэхію. Так сталася, што вярнуцца ў Беларусь яна не магла і толькі ў 1948 годзе урад Чэхіі выдаў яе ў рукі Цанавы, на якіх шмат крыві і іншых беларускіх пісьменнікаў. Яе асудзілі на 25 гадоў зняволення. І яна прайшла праз шмат якія лагеры поўначы Сібіры, аб чым і напісала ў сваёй “Споведзі”. Шмат беларускіх пісьменнікаў і паэтаў выхоўваліся праз кантакт з ёю пасля вяртання Ларысы Антонаўны ў Беларусь пасля 8 гадоў зняволення. Яна так і не стала грамадзянкай Беларусі, хоць любіла гэту краіну больш за ўсё на свеце.
Пры жыцці Ларысы Геніюш я нават не ведаў аб яе існаванні. Яна ляжала ў абласным шпіталі, побач з якім я працаваў і мог у любы момант адведаць. Яе не стала пасля цяжкай аперацыі 7 красавіка 1983 года. Добра пазнаёміўся з яе творчасцю пасля наведвання ў 1986 годзе Гудзевіцкага школьнага музея, у якім экспанаваліся цікавыя матэрыялы, звязаныя з яе жыццём. Зборнік, у якім быў яе верш аб беларускіх касманаўтах, злятаў у космас і з аўтографамі Клімука і Кавалёнка, якія сведчылі аб гэтым, экспанаваўся ў раздзеле Ларысы Геніюш. А колькі цёплых слоў пра яе было напісана Акадэмікам Юрыем Міхайлавічам Астроўскім, які прызнаваўся, што сам сачыняе музыку да яе вершаў. Вядомая беларуская спявачка з Гомеля Вольга Цярэшчанка ці не асноўную частку свайго рэпертуару спявае на яе вершы і зараз.
Высока адзначана творчасць Ларысы Антонаўны Зельвенскай царквой. Не памятаю ў якім годзе гэта было, але я прысутнічаў на адкрыцці ў сярэдзіне царквы мемарыяльнай шыльды паэтэсы, якая жыла амаль насупраць і шчыра малілася ў ёй за наш беларускі народ. Упершыню ў храме Беларусі была так высока адзначана постаць незвычайнай жанчыны, а ў 2003 годзе на царкоўным падворку быў устаноўлены помнік Ларысе Антонаўне Геніюш з дабраслаўлення Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі Філарэта. Сучасны помнік на могілках быў пастаўлены, калі не памыляюся, у 1986 годзе. Грошы на яго збірала ўся беларуская інтэлігенцыя. Мы таксама ўдзельнічалі ў ахвяраванні сродкаў (па тых часах рабілася гэта ў вялікім падполлі, і мы самі не павінны былі ведаць, хто і колькі даў на помнік грошай). Цэлай дэлегацыяй з Гародні ўдзельнічалі ў яго адкрыццці.
Ужо існуе сапраўдная традыцыя штогод адзначаць дзень народзінаў паэтэсы памінальнай імшой і ўскладваннем кветак на яе магілу. У гэтым годзе на чарговае свята 10 жніўня сабраліся госці з Гродна, Мастоў, Бераставіцы, Свіслачы, Ваўкавыска, Слоніма, Баранавіч, Мінска, Гомеля… Святар, які праводзіў службу, гаварыў аб тым, што ў Жыровіцкай духоўнай семінарыі яны вывучалі творчасць і вершы Ларысы Геніюш, ды і самім Жыровічам яна прысвяціла адзін са сваіх вершаў. На могілках выступілі: Гродзенская паэтэса - Данута Бічэль-Загнетава, паэт з Зельвенскага раёна - Міхась Скобла, а намеснік чэшскага амбасадара Герман Хромы, які ў чацвёрты раз прысутнічаў на такім свяце, патлумачыў такія візіты неабходнасцю выкуплення віны чэшскага урада перад Ларысай Антонаўнай. На свяце прысутнічалі і тры выпускнікі розных гадоў нашага універсітэта.
Завяршылася свята прэзентацыяй новай кнігі (у гэты раз празаічнай) Дануты Бічэль “Хадзі на мой голас”, у якой некалькі старонак, побач з іншымі знакамітымі людзьмі Беларусі, прысвечаны Ларысе Геніюш. Абед быў прыгатаваны ці не найлепшым знаўцам беларускай нацыянальнай кухні, аб якім я ўжо пісаў раней - Юрыем Качуком. У хуткім часе выйдзе яго кніга на некалькіх мовах, з якой свет даведаецца, думаю, упершыню аб тым, наколькі цікавыя і смачныя рэцэпты прыгатавання страў, якія выпрацоўваліся стагоддзямі, мае беларуская кухня. Герман Хромы прывёз з сабой да абеду найлепшую чэшскую гарэлку “Бехероўку” і чэшскае піва, якія госці мелі магчымасць пасмакаваць. На свяце прысутнічалі тры найлепшыя барды Беларусі: Зміцер Бартосік, Вольга Цярэшчанка і Зміцер Сідаровіч. І хоць я з імі вельмі добра знаёмы даўно, двух апошніх не пазнаў. “Скляроз” – пасмяяліся разам з імі. Яны ж выступалі як паасобку, так і па пары і вельмі прыгожа. Шкада, што на канцэрце “Песня года Беларусі” у Міры ў гэтым годзе не было нічога падобнага. Ніводны са спевакоў не заспяваў тады на роднай мове. Са свята, прысвечанага Ларысе Геніюш – наступныя фотаздымкі.