Неяк летам, да Гродна прыехалі два польскія навукоўцы – Марэк Бальцэрак, які быў у Гродна не ўпершыню, бо мае жонку родам адсюль, і Марцін Бекта з Пултузскай Акадэміі Гуманістычнай. Мы тады абмяркоўвалі пытанні звязаныя з нашым магчымым супрацоўніцтвам у адным з праектаў, якія датычаць Аўгустоўскага каналу. Пахадзілі тады крыху па Гародні, ды наведалі і сам канал.
7 кастрычніка мы былі запрошаны ў польскі горад Цеханаў, дзе знаходзіцца факультэт турыстыкі Акадэміі Гуманістычнай. Ад Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага універсітэта запрашэнні атрымалі акрамя рэктара Вітольда Казіміравіча Песціса, прарэктар па навуковай працы Сяргей Анатолевіч Тарасенка, дэкан зоаінжынернага факультэту Яўген Альбертавіч Добрук і я. Пабывалі на сустрэчы, у якой удзельнічалі і прадстаўнікі мясцовых улад з Аўгустова і гмін, па тэрыторыі якіх пралягае канал Аўгустоўскі.
Мы былі задзейнічаны ў сумесным абмеркаванні ўсіх пунктаў праекту, які будзе накіраваны на разгляд Еўракамісіі, абазначылі рамкі той працы, якая будзе выканана супрацоўнікамі ГДАУ і БДУ. Сяргей Анатолевіч падпісаў ад беларускай стараны пратакол аб намярэннях, запланавалі чарговыя сустрэчы, якія павінны будуць адбыцца ў Аўгустове, ды і тут, у нашай Гародні, каб абмеркаваць магчымыя кантакты з прадстаўнікамі гродзенскай улады.
Калі выдалася вольная хвіліна, наш вадзіцель Юра Жук, які не першы раз быў у Цеханаве, паказаў замак XIV стагоддзя князёў Мазавецкіх, які мне нагадаў наш замак у Медніках, які зараз застаўся па-за літоўскай мяжой. На зваротным шляху мы заехалі ў Варшаву, каб павіншаваць былога дэкана факультэта жывёлагадоўлі SGGW Яна Немца з назначэннем яго на пасаду прарэктара. Пакуль чакалі сустрэчы, наш ужо даўні знаёмы прафесар Багуміл Стжыжэўскі правёў экскурсію па тэрыторыі SGGW: паглядзелі тэнісныя корты, басейн, нарэшце я патрапіў у памяшканне тэхналагічнага факультэта, але з Аліцыяй Цэглінскай, якая мяне вельмі цікавіла як мікрабіёлаг, згодная да супрацоўніцтва з нашым універсітэтам, спаткацца не змаглі. Яна чытала лекцыю па тэхналогіі збожжа студэнтам. За гэты час я пазнаёміўся з жанчынай біяхімікам кафедры, даведаўся дзе знаходзіцца кафедра мікрабіялогіі, а крыху пазней ад новага прарэктара па міжнародных сувязях прафесара Казіміра Банасіка мы даведаліся, што яны могуць запрасіць некалькі нашых спецыялістаў да сябе на колькідзённую стажыроўку.
На сустрэчы з прарэктарам абмяркоўваліся пытанні пашырэння ўдзелу супрацоўнікаў Варшаўскага універсітэта ў канферэнцыях, якія праводзяцца ў ГДАУ. У адказ ад кіраўніцтва SGGW паступіла прапанова, каб выкладчыкі нашага універсітэту чыталі лекцыі ў Варшаве, калі валодаюць польскай ці англійскай мовамі. На сустрэчы быў і загадчык вопытнага поля “Жалязна” прафесар Чарняк, у якога з вясны і да канца кастрычніка праходзяць вытворчую практыку нашы студэнты зоаінжынернага факультэту. Было прыемна пачуць як іх хваляць за тое, што добра працуюць. Я ўжо пісаў пра іх вясной пасля таго, як спаткаў каля дэканата перад паездкай на практыку. Не ўсе яны там былі выдатнікі, але ўсе нармальныя хлопцы, якія акрамя вучобы ва універсітэце, спрабавалі і самі зарабляць сабе на пражыццё.