3 чэрвеня адбыўся апошні званок для студэнтаў VI выпуска ФВМ, на якім давялося папрысутнічаць. Традыцыйна арганізавалі калону ў калідоры. Пакуль рыхтаваліся да ўваходу - крыху пафатаграфаваў, каб нешта захавалася на ўспамін. Звычайна прафесійныя фатографы на гэты момант не звяртаюць асаблівай увагі.
Гэты выпуск ветэрынарных урачоў для мяне быў добра знаёмым, паколькі ў некалькіх групах вёў мікрабіялогію. Калі яны ехалі ў аўтатур, запрасілі і мяне, як і я браў іх з сабою на Міжнародныя семінары ў Польшчу, якія былі звязаны з экалагічнымі пытаннямі. Падчас паездкі з Арцёмам Шамоніным, які за рулём вёў машыну, толькі атрымаўшы правы, усё ж хацелася даехаць…Частка ж студэнтаў гэтага курса ўдзельнічала ў працы экалагічнай суполкі ветэрынарнага факультэта “Прынямонне”, ініцыятарамі стварэння якой з’яўляліся іх папярэднікі. Шкада, што суполка ў сучасны момант поўнасцю спыніла сваё існаванне. На факультэце вучыліся як хлопцы, так і дзяўчаты, якія з’яўляліся майстрамі на ўсе рукі і штогод рамантавалі аўдыторыі свайго корпуса Аляксей Лабацкі, Сяргей Краўцэвіч, Арцём Шамонін, Марына Бароўская .... У той жа час яны былі актыўнымі ўдзельнікамі навуковых канферэнцый, КВН, ШОУ першакурснікаў, якім старанна дапамагалі рыхтавацца. Часам даводзілася перажываць, што не заўсёды і не ўсё ладзілася. Занадта вострае выступленне і перамогі з-за гэтага не відаць. У той жа час студэнты ФВМ з’яўляюцца актыўнымі ў арганізацыі сваіх ветэрынарных груп на сайтах інтэрнэту, дзе змяшчаюць фотаздымкі з лячэння сваіх падапечных жывёл. Ганарацца атрыманай спецыяльнасцю ветэрынарнага ўрача.
Са сцэны выпускнікоў вітаў дэкан факультэта Міхаіл Аркадзевіч Каўрус. Ён не гаварыў, што сёлетнія выпускнікі былі найлепшымі з усіх выпускаў, але ў цэлым хваліў. Са 115 студэнтаў, якія паступілі на гэты курс на апошнім званку прысутнічалі 99. Выступілі куратары груп, Ірына Селюк, прафесары Магдалена Вялічка і Аляксандр Глаз. Былі ўручаны ганаровыя стужкі лепшым студэнтам, і ўпершыню ў гэтым годзе студэнты ўручылі стужкі любімым выкладчыкам у розных намінацыях. Іх Атрымалі Аркадзь Міхайлавіч Каўрус, Аляксандр Уладзіміравіч Глаз і Мікалай Сцяпанавіч Мядзвецкі. Выпускнікі аддалі назад дэкану сімвалічны ключ ад ведаў, а першакурснікам уручылі размаляваны халат. Прагучаў апошні званок – нейкі зусім нясмелы і выпускнікі ўручылі падарунак для дэканата і кветкі выкладчыкам, пасля чаго запрасілі іх на апошні танец. Міхаіл Аркадзевіч заклікаў не забываць сваю Альма Матэр, наведвацца часцей і звяртацца за дапамогай да сваіх выкладчыкаў, калі спаткаюцца цяжкасці ў працы. Далей быў студэнцкі капуснік, які лепей прадставіць з фотаздымкаў, змешчаных пасля тэксту.