Наведаць выставу, якая стала ўжо традыцыйнай, мне прыйшлося больш нават як садаводу-аматару, а не як спецыялісту. Папрасіла купіць пару новых гатункаў гэтай культуры мая цёшча, з якой мы разам пытаемся справіцца з 10 соткамі, якія знаходзяцца на “Полі цудаў”. Пасля таго, як надзелы зямлі раздзялілі, шмат хто з дачнікаў і не паказваецца там ужо колькі гадоў. Сярод маладога саманасеянага сасновага ляску аказаліся некалькі ўчасткаў, якія апрацоўваюцца. Таму поле і атрымала такую дзіўную назву. Вішні там не растуць. А вось вінаград нашых найпрасцейшых мясцовых гатункаў упадабаў тыя землі, як і трускалкі. Таму кожны год мы набываем па некалькі гатункаў вінаграду, які расце не заўсёды такі файны, як на выставе. Ды і зразумела, для буйных гатункаў вінаграду патрэбна ўкрыванне на зіму, нейкая пабудова, якая прыкрывала бы іх з поўначы, пэўныя хімікаты для барацьбы з захворваннямі, угнаенні. Аб усім гэтым я даведаўся сёння купляючы высадкі.
Па дарозе спаткаў жанчыну, якая шчаслівая несла каліва вінаграду гатунку “Лора”. Паглядзеў на выставе, паслухаў і спалохаўся, што для яе патрэбна іншая, з мужчынскімі кветкамі, расліна для апылення, якая б цвіла адначасова. Мая душа разрывалася паміж фіялетавым гатункам “Кадранка” і зялёным – “Аркадзія”. Спыніўся на другім. Надта ж нейкі мужчына хваліўся, што на трэці год пасля высадкі атрымаў з куста вядро вінаграду. Здавалася б заданне выканана, але было не так. Па тэлефону атрымаў загад купіць які ружовы гатунак вінаграду, якім аказаўся “Восторг красный” (хіба што па-беларуску “Захапленне чырвонае”). Гатунак зноў жа жаночы, але гаспадар, які мне яго прадаваў, расказаў, што для лепшага апылення падчас цвіцення расліну трэба будзе апрыскаць растворам мёду, каб наляцела больш розных мошак.
Калісьці ў 70-х гадох выкладчык ГСГІ па прозвішчу Пішчык расказваў нам студэнтам, што ў Гародні жыў вінаградар, у калекцыі якога было каля 20 гатункаў вінаграду, але пасля смерці яго, калекцыя згінула. І вось зараз, дзякуючы намаганням спецыялістаў і вінаградараў аматараў, на Беларусі ідзе ўвядзенне ў культуру ўсё новых гатункаў вінаграду, нават прамысловых, ды яшчэ з прыстаўкай палепшаны. Да выставы адзін за другім падыходзяць выкладчыкі, студэнты, але больш за ўсё – гэта жыхары нашага горада, якія пытаюцца як укрываць расліны на зіму, якіх памераў патрэбны цяпліцы. Бо ж не сакрэт, што многія гатункі, выстаўленыя ў вітрынах, атрыманыя з цяпліц. У адкрытым грунце яны вырастаюць крыху драбнейшымі, а то і нават значна. Я таксама, як і іншыя пакупнікі, даведаўся шмат новага па тэхналогіі вінаграду. У мінулым годзе адзін з завочнікаў хваліўся, што закладвае вінаграднік на 300 гектарах і што, калі будзе ехаць на выставу, прывязе вінаград пад назвай “Кеша”. Шкада, але ў першы дзень яго не было. Будзем набываць гэты гатунак ў наступным годзе. Некалькі фотаздымкаў з выставы ў ГДАУ.