Інтэрнат пад нумарам 2 быў пабудаваны побач з галоўным корпусам аграрнага ўніверсітэта ў 60-я гады. Калісьці ў першы год вучобы я таксама пражываў у ім. Дзесьці на апошніх паліцах шафы валяліся тады пажоўклыя фотаздымкі нашых папярэднікаў, якія зрабілі іх падчас працы на цаліне. Студэнцкія гады самыя найлепшыя, нягледзячы на тое, што інтэрнатаў не хапала і жылі па пяць чалавек. Праўда, сітуацыя і зараз амаль засталася тая ж. Толькі ў нашы часы цяжка было прадставіць, што пакоі будуць аддадзеныя сямейным. Іх тады былі адзінкі, а не так, як зараз - на другім курсе, калі не на першым, і ўжо шмат сямейных.
А што чакаць? Як сказаў у гэты ж вечар на сустрэчы са студэнтамі губернатар вобласці Сямён Барысавіч Шапіра - у вёсках такога выбару нявестаў не будзе. А яшчэ ён прывёў прыклад, што ў ранейшыя часы, калі заканчвалася стыпендыя, студэнты ішлі ў сталоўку і елі хлеб, які быў дармавы, разам з такой жа гарчыцай. Рамуальда Мечаславаўна Пінюта, якая мабыць тады так і харчавалася, шчыра захістала галавою падцвярджаючы сказанае. Я ж не надта памятаю тую гарчыцу, бо мае бацькі заўсёды гатовы былі даць дадатковую капейку, а да яе яшчэ і прадуктаў, якія я з цяжкасцю прыцягваў да інтэрнату і якія пасля часта выкідваліся на сметнік, бо халадзільнікаў тады на інтэрнат былі адзінкі. Вось калі вяртаешся позна ў інтэрнат, то нават цыбуліне радуешся з агрызкам чорнага хлеба. Гэта памятаецца.
А як жа жывуць сучасныя студэнты? Дзякуючы старадаўняй дурацкай звычцы і зараз выкладчыкі павінны вечарамі дзяжурыць у студэнцкіх інтэрнатах, мабыць, з выхаваўчай мэтай. Але ж у кожным інтэрнаце жывуць выхавальнікі студэнтаў, якія самі могуць навесці там суровы парадак, маючы добрыя рычагі ў выглядзе высялення з інтэрнату. Ну хай сабе там зрэдку з’явіцца які дэкан ці яго намеснік, а то дацэнты з кандыдатамі, замест таго, каб узяць рыдлёўкі, ды капаць бульбу, як спяваў калісьці Высоцкі, павінны цягацца па тым інтэрнаце, парушаючы сапраўдны спакой і вучэбны працэс студэнтаў. Амаль усе гэта добра разумеюць, але, асцерагаючыся пакарання, ходзяць каб зрабіць на вахце запіс, накшталт: - у інтэрнаце на працягу майго дзяжурства парушэння грамадскага парадку не заўважанана…на такім та паверсе на кухні не прыбрана смецце… ці яшчэ нешта падобнае. Я ўсё роўна не ўяўляю, як бы змог выдаць студэнта, калі бы ён нават быў “пад мухай”. Часам сапраўды цікава паразмаўляць са студэнтамі, з якімі ўжо знаёмы па занятках. Вось і ў гэты раз мяне цёпла віталі студэнты факультэта аховы раслін і інжынерна-тэхналагічнага, нават лепей, чым ветэрынарнага, дзеля якіх я там аказаўся, але заняткаў у якіх не вяду.
Другі інтэрнат адзіны, у якім яшчэ не зрабілі рамонту з устаноўкай еўравокнаў, мае па аднаму душу для дзяўчат і хлопцаў на першым паверсе, агульныя кухні, умывальнікі ды прыбіральні. У падобным інтэрнаце для павышэнцаў кваліфікацыі жылі ў гэтым годзе прадстаўнікі нямецкага лагеру. Калі да мяне трапілі фотаздымкі, якіх яны наздымалі там, то на іх жахлівыя туалеты, ванныя. Мабыць у Германіі гэта будзе разглядацца як нейкая экзотыка. І нягледзячы на цеснату, няўдобіцы, студэнцкае жыццё працягваецца. Калі ў нас былі нейкія магнітафоны тыпа “Рамантыка”, ці прасцейшыя прайгравальнікі для плытаў, тэлевізары, узятыя ў пракаце, то зараз кожны звязаны са светам і з бацькамі мабільнай сувяззю. Цяжка знайсці хаця бы аднаго студэнта, у каго няма ў пакоі ноўтбука, з дапамогай якога можна падрыхтаваць рэферат, ці кантрольную, якія, дарэчы, ужо адыходзяць, саступаючы месца тэстам на кампутарах. На Захадзе ад іх ужо адмовіліся, а мы толькі яшчэ ўводзім гэты абсурд, які вядзе толькі да тупасці студэнтаў, адвучвае іх думаць галавою. За час дзяжурства пабачыў, што студэнты рыхтуюць есці, працуюць на кампутарах, рыхтуючыся да заняткаў, а то і проста глядзяць па іх мастацкія фільмы. Тое, што бачыў я, адлюстраваў мой фотаапарат. І студэнты, і навакольная абстаноўка аказаліся разнастайнымі і вясёлымі. Прыемнага прагляду!
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда