Так называецца брашура, прэзентацыя якой адбылася ў Гродна 24 лютага. Яна складаецца з успамінаў жыхароў Гродна, якія ахопліваюць розныя перыяды гісторыі нашага горада і Беларусі ў ХХ стагоддзі. Кніжка, якая мае 88 старонак, што змяшчаюць успаміны 13 жыхароў Гародні, выйшла пад рэдакцыяй Вітаўта і Ланы Руднікаў, а таксама Вольгі Корсун, якая занатоўвала ўспаміны. Падтрымана выданне прадстаўніцтвам “Deutscher Volkshochschul-Verband e.V” (ФРГ) у Рэспубліцы Беларусь.
Якія ж адносіны гэтая кніга ці брашура мае да нашага ўніверсітэту? Сярод аўтараў успамінаў два чалавекі – выкладчыкі ГДАУ. Міхаіл Васільевіч Амелішка ад 1954 да 1989 года выкладаў у аграрным фізіку, а калі выйшаў на пенсію пачаў пісаць кнігі. У брашуру ўвайшлі яго ўспаміны аб жыцці сялян ў Заходняй Беларусі ад 30-х гадоў ХХ стагоддзя на прыкладзе сваіх бацькоў і лёсаў аднавяскоўцаў. Мае ж успаміны датычыліся перыяду дзейнасці грамадскага аб’яднання “Паходня” ў 80-90-х гадах, а на прэзентацыі быў прадстаўлены слайдшоў з паўтысячы фотаздымкаў з архіву, якія думаю значна горшыя па якасці, чым фотаздымкі Уладзіміра Выдэркі, які таксама занатоўваў фотагісторыю Гродна ад 60-х гадоў. У кнізе змешчаны яго ўспаміны аб тым, як падрывалі Фару Вітаўта. Яўгену Петрашэвічу ўжо больш за 80 гадоў і яму таксама было што ўзгадаць са сваёй творчай біяграфіі. Так сталася, што ў свой час мы разам з ім гастралявалі як з народным ансамблем песні і танца “Нёман”, так і з ансамблем танца “Вянок”. Яўген Канстанцінавіч са сваім калектывам маладых музыкаў “Дударыкі”, якія ўтварыліся ў 1980 годзе аб’ехаў ці не палову краін Еўропы. Спявачка Вера Кунцэвіч прыгадала аб творчым жыцці ў Гродна ў 60-80-я гады. Дарэчы яна таксама спявала ў хоры “Нёмана”. З 1991 года вось ужо 20 гадоў кіруе хорам беларускай духоўнай музыкі “Бацькаўшчына”. Цікавым з яе ўспамінаў быў факт, што пры адкрыцці палаца культуры хімікаў ёй, тады яшчэ студэнтцы, было даручана падараваць букет кветак Пятру Міронавічу Машэраву. І тут мне раптам прыгадалася, што даводзілася выступаць у канцэртах, дзе прысутнічаў Машэраў - у Друскеніках і Мінску, а за некалькі месяцаў да яго пагібелі ў тым жа палацы хімікаў. Мы знаходзіліся за кулісамі на сцэне, з якой выступаў Пётр Міронавіч і распавядаў аб тым, як адбылася аварыя, у якой 27 снежня 1976 года загінулі Старшыня Прэзидыюму Вярхоўнага Савету БССР Фёдар Сурганаў і двойчы Герой Савецкага Саюза Леанід Бяда. 4 кастрычніка 1980 года ў аўтамабільнай катастрофе загінуў і сам Пётр Машэраў.
На прэзентацыі давялося ўпершыню пабачыцца і пазнайміцца з Віктарам Саяпіным, які не толькі фатаграфаваў Гродна з 60-х гадоў, але і захаваў інфармацыю аб тым, колькі капеек каштавалі розныя віды марозіва, малочны кактэйль, газіроўка з аўтаматаў. Падзяліўся ў кнізе ён і ўспамінамі таго, дзе знаходзілся помнікі, якіх было шмат у парку, кавярні, крамы, як апраналася моладзі, якія прычоскі насіла. Тусоўкі гарадзенскіх хіпі адбываліся “у мамачкі” (так называлі раней помнік Элізе Ажэшцы). А ўспаміны Анатоля Макушына так і называюцца “Мы былі дзецьмі “каменнай мамачкі”, які стаў хіпі ў 16-17 гадоў, хадзіў басанож, насіў вопратку з кветкамі, удзельнічаў у акцыі пратэсту хіпі, якая адбылася ў жніўні 1971 года, на якую сабраліся хіпі з Вільні, Мастоў, Таліна, Піцера. Пасля гэтага ўлады дазволілі камсамольцам адпусціць валасы да сярэдзіны вушэй і насіць клёшавыя штаны. У кніжку ўвайшлі ўспаміны Алеся Госцева, збіральніка гродзенскай даўніны, Міколы Маркевіча, былога рэдактара газеты “Пагоня”, дэпутата Вярхоўнага Савета. Амаль самы малады сябра “Паходні”, які прыйшоў у клуб яшчэ са школы Ігар Кузьмініч згадвае, як да школьнікаў вярталася свядомасць, як ў школе з пашыраным вывучэннем англійскай мовы ладзіліся тыдні беларускай культуры, падчас якіх школьнікі апраналіся ў нацыянальныя строі, а на падоўжаных перапынках спявалі беларускія песні. Згадвае і пра развіццё скаўцкага руху ў Гродна, “Басовішча” і Грунвальдскае поле. Зараз Ігар працуе намеснікам дэкана юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Я.Купалы. Настаўніца англійскай мовы Святлана Іоська дзеліцца сваімі ўспамінамі аб стварэнні ў Гродна гуманітарнага ліцэю, аб тым, што любоў да беларускай мовы ёй перадалася ад “Паходні”. Я вельмі добра памятаю, які дзіўны акцэнт яна мела на пачатку нашага знаёмства. Зараз жа выдатна, мабыць як філолаг, валодае беларускай мовай. Гарадзенскі каваль Юрась Мацко падзяліўся ў кніжцы ўспамінамі, як не змаглі змяніць на шпілі Новага Замку зорку на флюгер са Святым Губертам, а Эдвард Дмухоўскі прыгадаў пра супрацьстаянне розных моладзевых суполак у Гродне, якія падзялялі горад на Цэнтр, Маслабазу, Шанхай, Пентагон, Пярэселку і іншыя. Ён таксама гаворыць пра Гродна, як сталіцу беларускага року. Я падлічыў, што з 13 аўтараў гэтай кніжкі 9 былі сябрамі “Паходні”, якой 12 сакавіка гэтага года спаўняецца 25 гадоў.
На прэзентацыі аб усім гэтым прысутныя даведваліся з віктарыны, падчас якой разыгрываліся кніжкі з аўтографамі ўсіх аўтараў. А самая першая кніжка была выстаўлена на аўкцыён і дасталася маладой жанчыне за 50 тысяч беларускіх рублёў. Усе прысутныя атрымалі кніжку ў падарунак, а аўтары – па тры экзэмпляры. Адзін з іх я ахвярую па традыцыі бібліятэцы ГДАУ.
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда