Семінар праводзіўся сумесна з упраўленнем адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і аграрным універсітэтам для кіраўніцтва сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў сельскагаспадарчага накірунку. У якасці карэспандэнта патрапіў у залу для канферэнцый універсітэта ўжо пасля таго, як семінар распачаў сваім выступам прарэктар па навуцы Сяргей Тарасенка. Уступнага слова Сяргея Анатольевіча не пачуў, але ведаю яго як апантанага прыхільніка развіцця садоўніцтва нават у межах ГДАУ.
Некалькі гадоў назад мы пачалі разводзіць сад, які не сорамна паказаць людзям вясной, калі ён толькі пачынае квітнець. Вось толькі бы не было якіх прымаразкаў у гэтым месяцы і яблыкі будуць. Шкада, што не змог набыць ніводнага каліўца яблыні, прывітай на паўкарлікавых прышчэпах, аб чым марыў цэлы год. Усе іх закупіў на карані для Жыровіцкага тэхнікума наш былы выпускнік Аляксей Скараход, які таксама прысутнічаў на нарадзе. Яму можна толькі пазайздросціць. Але ж я нават на сайце пісаў раней аб тым, як ён займаецца прышчэпамі на вопытным полі. Як аказалася ўсё ж з выгодай для сябе… І гатункі там зайздросныя – амерыканскія ды беларускія, а магчыма, яшчэ і польскія.
З цікавасцю я паслухаў выступ Дзмітрыя Брукіша па правілах аховы саду і пачуў, дарэчы, шмат цікавага для сябе. Трэба будзе што-небудзь з гэтага выкарыстаць на садовым участку. Такі ж цікавы даклад аб правілах закладкі саду і дагляду за ім прысутныя пачулі і ад Паўла Шэшко, у якога мне ў свой час давялося быць рэцэнзентам дыпломнай працы. Слухаю і здзіўляюся, у якога высокакласнага спецыяліста вырас Павел Славаміравіч. Думаю, яму без абароны доктарскай працы не абыйсціся і нават, не ведаючы магчымай тэмы яе, чамусьці перакананы, што праца будзе карыснай для практыкі садоўніцтва ў нашай рэспубліцы. На сустрэчы Павел Шэшко падзяліўся няўдалым вопытам закладкі садоў у краіне. Аб стане і перспектывах развіцця інтэнсіўнай галіны пладаводства ў Беларусі расказаў загадчык адпаведнай кафедры Аляксей Сцяпанавіч Бруйло. Аказваецца ўжо была праграма развіцця садоўніцтва, на якую выдзяляліся грошы. А на 2011-2015 гады распрацавана новая праграма, якая будзе садзейнічаць развіццю садовай справы ў аграрных навучальных установах.
Працяг семінару, які праходзіў пад непасрэдным кіраўніцтвам загадчыка аддзела адукацыі сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў Наталлі Валер’еўны Машанавай, быў у маладым садзе ўніверсітэта ў межах вопытнага поля Зарыца. Шмат практычных пытанняў аб вопыце вырошчвання карлікавых і паўкарлікавых яблыняў было зададзена на месцы Паўлу. Прысутныя цікавіліся пра паліў, падкормкі, хімічныя апрацоўкі, прышчэпы, гатункі, захоўванне ўраджаю. Госці знаёміліся з тэхнікай, якую мае наша вопытнае поле. Яго кіраўнік Уладзімір Рыгоравіч Цімошчанка таксама адказваў на пытанні, выдаючы асобныя сакрэты аб прэпаратах, якія паказалі высокую эфектыўнасць. Удзельнікі семінару пазнаёміліся і з нашымі сховішчамі для ўраджаю яблык, гародніны, якія вядома ж нашмат меншыя за тыя, якія праз паўгадзіны пабачылі на тэрыторыі СВК “Прагрэс-Верцялішкі”. Са сховішчам і садам знаёміў Андрэй Сяргеевіч Кандакоў, выпускнік аграрнага універсітэта, які працуе ў гэтай гаспадарцы. Як і ў нашым садзе, пабачылі не толькі пасадкі яблынь на карлікавых і паўкарлікавых прышчэпах, але і пазнаёміліся з тым, як ідзе абнаўлення старога 27-мі гадовага саду. Заставалася толькі падвядзенне вынікаў семінару з удзелам намесніка загадчыка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, але мне ўдалося ў гэты час з’ехаць з Верцялішкаў. Для аднаўлення атмасферы семінару далейшыя фотаздымкі.